Скашавы (скашавый) ‘жартаўлівы’ (Шымк. Собр.). Няясна.
Скашалі́цца ‘збіцца, стоўпіцца’ (Юрч.). Да кашэль (гл.).
Сквалы́га ‘скнара, жмінда’ (ТСБМ), ‘скнара, ганебны скупец’, сквалы́жнік ‘тс’, сквалы́жны ‘скупы’, сквалы́жнічаць ‘быць скнарай’ (Нік. Очерки). Рус. сквалы́га ‘скнара, скупы’, дыял. скалы́га ‘тс’, сквиля́га ‘тс’, укр. сквиря́га ‘тс’. Збліжаецца з рус. скулить ‘скавытаць, ныць’ (Трубачоў у Фасмер, 3, 636), што з улікам варыянтаў дазваляе ўзвесці да кораня *skval‑/*skūl‑/*skoul‑, якому роднасныя ст.-ісл. skjol ‘укрыццё’, с.-в.-ням. schûlen ‘быць скрытным, таемнічаць’, швед. skyla, нарв., дац. skjule ‘прыкрываць, хаваць’, што да і.-е. *(s)keu‑ (Новое в рус. этим. 1, 209). Каламіец (ЕСУМ, 269) збліжае ўкраінскае і рускае словы з гукапераймальным укр. скви́рити ‘плакаць, скавытаць’, рус. кви́литься ‘скардзіцца, нудзіцца’. Калі насуперак Новое в рус. этим. (208), што дапускае запазычанне слова з рускай мовы, лічыць яго ў беларускай мове арганічнай з’явай (пра што сведчыць фіксацыя Нікіфароўскім), то натуральным было б вывядзенне з кволіцца ‘жаліцца на слабасць, ныць’ (гл.), перан. ‘прыкідвацца бедным’, параўн. скволе́ць ‘аслабець, зрабіцца слабым’ (Нас.), да словаўтварэння параўн. маталыга (гл.). Збліжэнне з рус. шкулить ‘збіраць грошы тайна’ (гл. шкеліць) і іншыя версіі (гл. Фасмер, 3, 636; Новое в рус. этим., 208–209) падаюцца неверагоднымі.
Сква́па ‘прагнасць, зайздрасць, хцівасць’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк.), сквап ‘тс’ (Нас.), сква́пны ‘прагны’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Др.-Падб., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), сква́пін ‘тс’ (Мат. Маг.), сква́піцца ‘зайздросціць’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Жыв. сл., Інстр. 3). Укр. сква́пний, сквапли́вий ‘паспешлівы, таропкі’, польск. skwapliwy ‘паспешны, ахвотны’. Да квапіць, квапны (гл.). Збліжэнне Насовіча (там жа) з літ. skaugeti ‘зайздросціць’ і меркаванне Карскага (Белорусы, 163) пра запазычанне з польск. skwapa нельга прызнаць аргументаванымі.
Сква́ра ‘гарачыня, спёка’ (Нас., Гарэц.), сквар ‘тс’ (Нас., Др.-Падб., Бяльк., Янк. БП), ‘гарачыя вуголлі; гарачыня’ (Сцяшк. Сл.). Укр. сквар ‘спякота’, шква́ра ‘тс’, рус. сква́ра, шква́ра ‘агонь, гарэнне; вытапкі, выжаркі’, стараж.-рус. сквара ‘агонь, спёка; ахвярапрынашэнне; дым, чад’, польск. skwar, skwara ‘спёка’, чэш. škvár, škvára ‘акаліна’, славац. skvara ‘шлак’, серб.-харв. цква̏ра, сква̏ра ‘растопленае сала; мазь для валасоў з тлушчу’, славен. skvára ‘кропля тлушчу на паверхні вадкасці’, ст.-слав. сквара, скваръ ‘жар, агонь’, ‘чад, дым (ад ахвяры, якую спальваюць)’, ‘пах гарэлага мяса’. Прасл. *skvarъ, skvara, нульсуфіксальны і з суф. ‑a дэрываты ад *skvariti (гл. скварыць). Мяркулава (Этим. иссл., 2, 114–116) мяркуе, што значэнне ‘спёка, спякота’ ў беларускай і ўкраінскай мовах развілося пад польскім уплывам, што цяжка давесці, параўн. народную прыказку: стар любіць сквар, а молад любіць холад (Нас. Сб.), а першасным значэннем было ‘спальванне ахвярнай жывёлы’, прадстаўленае ў стараславянскіх і старажытнарускіх словах.
Скварж, сквірж ‘скручаная пятля на нітцы’ (кам., кобр., ЛА, 5), сквырж ‘закрутка на нітках’ (кобр., Ск. нар. мовы), скваржі́ ‘скруткі на прадзенай нітцы’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Хутчэй за ўсё, ад *vьrzti (гл. вярзці), параўн. балг. вържа ‘вязаць, рабіць вузел’, з гіпатэтычнай прыстаўкай *sk(o)‑.
Сква́рка, шква́рка ‘падсмажаны або звараны кусочак сала’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 2, Шатал., Сл. ПЗБ, Нар. сл., ТС, ЛА, 4), ‘скрылік сала; кавалак сала’ (Сл. ПЗБ), скваро́к ‘скварка’ (Ян.). Укр. шква́рка, рус. сква́рка, шква́рка, шкво́рка, польск. skwarka, skwarek, в.-луж. šwjerč ‘вытапкі’, н.-луж. šwark, škwark, чэш. škvarek ‘скваркі, вытапкі’, славац. škvarka ‘вытапкі’. Дэвербатыў ад скварыць (гл.) з суф. ‑к(а). Карскі (Белорусы, 157) лічыў запазычаннем праз польск. skwarek з ням. Schwarte ‘свіная шкурка; шкварка’, на якое паўплывала варъ, сквара ‘жар’.
Сква́рыць ‘пячы, смаліць (пра летнюю спёку)’ (Нас.), ‘тс (пра моцны мароз)’ (Шат.), ‘пячы на агні (пра сала і пад.)’, ‘запраўляць сквараным салам’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, Сцяшк., ЛА, 4). Укр. шква́рити, польск. skwarzyć ‘тс’, чэш. skvařiti ‘вытапліваць тлушч, скварыць’, славац. škvariť ‘тушыць; пражыць’. Сюды ж рус.-ц.-слав. раскврѣти ‘спражыць’, ст.-чэш. skvřieti sě ‘пражыцца, растоплівацца’, в.-луж. škrěć ‘плавіцца з шыпеннем’, н.-луж. škŕěś ‘тс’, славен. cvrẹ́ti ‘пражыць’. Прасл. *skvariti, *skverti ‘растапліваць (на агні) (тлушч)’, ‘прыпякаць, смажыць’. Ізаляванае славянскае слова. Найбольш верагодным лічыцца гукапераймальнае паходжанне і супастаўленне з коранем *skvьr‑ (гл. скварэц, сквярціся); гл. Праабражэнскі, 2, 296; Голуб-Копечны, 371. Мяркулава (Этим. иссл. 2, 114–116) збліжае з гукапераймальным *ščeverъ ‘дрэнны пах ад гарэлага’, якое выводзіцца на падставе паўн.-рус. ще́вер ‘дрэнны пах і трэск ад гарэлага’, а першасным значэннем лічыць ‘спальваць ахвярную жывёліну’. Роднасць з рус. скве́рный Праабражэнскі (там жа) і Фасмер (3, 636) лічаць сумніўнай. Махэк₂ (615) дапускае магчымасць паходжання слова ад кораня *ver‑ ‘варыць’, а sk‑ лічыць мадыфікатарам кораня накшталт прыстаўкі ко‑. Сной₁ (65) мяркуе аб роднасці са с.-н.-ням. smoren ‘тушыць (ежу)’ (адкуль ням. schmoren ‘тс’) і паходжанні ад і.-е. кораня *skē̌u‑ ‘рэзаць’ з уплывам значэння ‘растапліваць (тлушч)’. Борысь (556) удакладняе, што *skvariti з’яўляецца каузатывам ад прасл. *skverti ‘тапіць, распускаць праз падагрэў, смажанне’ з заменай каранёвага галоснага e → o і наступным падаўжэннем o → a.
Скварэ́ц ‘шпак’ (Бяльк., Бір. дыс., З нар. сл.). Укр. скворе́ць, рус. скворе́ц, польск. skworzec, ст.-польск. skorzec, каш. skȯrc, в.-луж., н.-луж. škorc, славац. škorec, чэш. skorec, старое skvorec, škvorec, серб.-харв. скво́рац, шкво́рак, чво́рак, славен. skvórəc, škórəc, балг. скоре́ц, скворе́ц. Прасл. *skvorьcь, дэрыват ад гукапераймальнага кораня *skver‑/*skvor‑ (гл. сквярціся), паколькі крык шпака нагадвае skvär; гл. Праабражэнскі, 2, 297; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 113; SEK, 4, 286; параўн. рус. сверча́ть, якое таксама гукапераймальнага паходжання. Параўнанне з рус. ско́ворон ‘жаўранак’ і рэканструкцыя *сковьрьць (параўн. аднак макед. сковран ‘шпак’) адвяргаецца Фасмерам (3, 637). Гл. яшчэ Міклашыч, 305; Брукнер, 499; Махэк₂, 549; Скок, 3, 276; БЕР, 6, 738; Борысь, 553.