Кашэ́ль ’вялікая кашолка, звычайна з лучыны’; ’кашалёк’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. МГ, Шат., Касп.). Таго ж паходжання, што і кашо́лка (гл.), г. зн. прасл. утварэнне пры дапамозе суф. ‑l‑ ад прасл. *košь ’кашолка’, ’кошык’. Усе дэрываты гэтага тыпу маюць прасл. характар і фармальна могуць быць зведзены ў тры варыянты праформ: *košelъ, *košela, *košelь (Трубачоў, Эт. сл., 11, 187–189). У аснове ўтварэння ляжыць слав. *košel‑ < *kosl‑ (параўн. лац. qualum < *quaslom ’кашолка, пляцёнка’). І.‑е. праформы не вельмі ясныя, здаецца, магло быць і *k​uasl‑ і *kosló‑ (дарэчы, націск у слове *košelь, кашэ́ль дакладна адпавядае гэтаму другому варыянту).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)