Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Спіра́ць1 ‘перыць’ (Сцяшк. Сл.; слонім., Сл. ПЗБ). Да перыць, праць з галоснай у ступені падаўжэння.

Спіра́ць2 ‘спіхваць, зганяць’ (Нас.), ‘сціскаць (ад холаду)’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ст.-бел. спирати ‘адвесці ад уладання, пазбавіць правоў’, ‘не пагаджацца, пярэчыць’ (Ст.-бел. лексікон). Паводле Брукнера (442), адбыўся перанос дзеяння з фізічнага ў маральны план, у выніку апошняе значэнне стала пераважаць, параўн. спіра́цца ‘спрачацца, супраціўляцца’ (Нас., Ласт.), ‘вясці слоўную спрэчку’ (Варл.), ст.-бел. спиратися ‘спрачацца, пярэчыць’ (Ст.-бел. лексікон), гл. спор2. Апошняе значэнне ўжо праславянскае, параўн. укр. спира́тися ‘спрачацца, праяўляць упартасць’, польск. spierać się ‘тс’, ст.-слав. пьрѣниѥ ‘спрэчка’ і інш. Усё да перці, гл.

Спірт ‘алкаголь, гаручая вадкасць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), спіры́тус ‘тс’ (Стан., Некр. і Байк., Сержп.), спіры́т ‘тс’ (Стан.). Запазычаны праз польск. spirytus ‘тс’ і рус. спирт ‘тс’ ці непасрэдна з старога ням. Spirit ‘тс’, што з лац. spīritus ‘дух’, ад spīrāre ‘дыхаць’; пераход ‘дух’ → ‘алкаголь’ адбыўся ў жаргоне алхімікаў (Сной₂, 738). Гл. Брукнер, 509; Фасмер, 3, 735; ЕСУМ, 5, 372.

Спі́ца ‘адзін з драўляных або металічных стрыжняў, які злучае калодку кола з вобадам’ (ТСБМ, Бяльк., Маш., Маслен., Дэмб. 2, Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ТС), ‘стрыжань’ (ТСБМ), ‘шыла для пляцення лапцей’ (ТСБМ, Бяльк., ЛА, 4, Сл. ПЗБ), ‘стрэмка’, ‘драўляны цвік, якім змацоўваюць бярвенні’, ‘калок, які забіваюць у хвою пад борць; спічак, на якім трымаецца ў вуллі вашчына і пад.’ (ТС). Укр. спи́ця, шпи́ця, рус. спи́ца, ст.-рус. стъпица ‘ткацкі чаўнок; кол’, стьпи́ца, польск. szpica, śpica, в.-луж. stpica, stwica, чэш. špice, н.-луж. špica, ст.-чэш. stpica, славац. spica, серб.-харв. спи̏ца, славен. špíca ‘спічак, стрыжань’. Прасл. дыял. *stъpica ‘тонкі кавалак дрэва’, ‘спіца ў коле’ роднаснае лат. stups, stupe ‘памяло’, stupas ‘пух; дробныя галінкі’, ст.-інд. stupes ‘чуб’, грэч. στοπός ‘палка, ручка, сцябло’; праславянскі дыялектызм набліжаюць да літ. stìpinas ‘спіца’, мн. л. stipinaĩ ‘падпоркі ў саней’, stiprùs ‘моцны, здаровы’, лат. stiprs ‘тс’, с.-в.-ням. stīf ‘жорсткі; прамы’. Гл. Траўтман, 287; Махэк₂, 621; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1108; Фасмер, 3, 735; Шустар-Шэўц, 1362. Параўнанне ці вывядзенне з ням. Spitze ‘вастрыё’ (Міклашыч, 317; Карскі, Белорусы, 157) або з ням. spitz ‘востраканцовы’ (Праабражэнскі, 2, 365) Фасмер (тамсама) лічыць беспадстаўным; гл. таксама Скок, 3, 310; Бязлай, 4, 98–99. Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 330) дапускае змяшэнне *stъpica ‘спіца ў калясе’, ‘калок’ з запазычаннем з нямецкай. Сюды ж спі́цка ‘касцяное шыла для падплятання лапцей’ (Касп., ЛА, 4), спіца́к ‘тс’ (ЛА, 4), ‘малаток для драблення камянёў’ (Скарбы).

Спі́чак ‘верхняя завостраная частка чаго-небудзь’, ‘шпіль на будынку’, ‘плоскае выгнутае шыла для падплятання лапцей’ (ТСБМ), ‘верцел’ (Гарэц.), ‘невялікі шчупачок’, ‘стары лось’ (ТС), спіча́сты ‘востраканцовы’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ). Да спіца; значэнні пад уплывам польск. szpic, ст.-польск. szpica, śpica, якое з ням. Spitze ‘вастрыё’; чэш. špice ‘тс’; гл. Брукнер, 553; Борысь, 606; Махэк₂, 621; спіча́сты з польск. spiczasty, szpiczasty < szpica, гл. Кюнэ, Poln., 98.

Спла́вы ‘матачнае кровацячэнне’ (Арх. Федар.; паст., Сл. ПЗБ), ‘выдзяленні (у жанчын)’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Блізкае славен. splȃv ‘аборт’, паводле Сноя₂ (685), да прасл. *jьzplavъ, аддзеяслоўнага назоўніка ад *jьzplaviti ‘сплавіць’. Суфіксальны дэрыват ад плавіць (гл.), параўн. аплавы.

Спле́нье, спле́нка ‘традыцыйнае асенняе свята’ (ТС), спле́не ‘Прачыстая (15 жніўня ст. ст.)’ (ганц., гарад., Сл. ПЗБ), сплынне́ ‘тс’ (Клім.). З Успеніе ‘Прачыстая’; ‑л‑, магчыма, пад уплывам формы 1 ас. адз. л. дзеяслова спацьсплю.

Сплята́ць, сплята́цца — дзеясл. незак. тр. да сплесці < плесці (гл.).

Спо́ведзь. Гл. спавяда́ць.

Спо́гадзь ‘спагада’ (ТСБМ, Гарэц., Чач.; слуц., Дасл. бел.-рус., 1960, 111). З польск. spogodź ‘тс’; аднак магчыма і самастойнае ўтварэнне паводле характэрнай мадэлі тыпу загарадзь, пожадзь і пад., гл. Пацюпа, Arche, 2007, 3, 200.

Спод ‘ніз, ніжняя частка чаго-небудзь; бок прадмета, процілеглы яго верху; дно чаго-небудзь; адваротны бок (тканіны, аркуша і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., ТС), ‘под печы’ (Сл. ПЗБ, Бяльк.), ‘падэшва’, ‘насціл’ (Сл. ПЗБ), ‘з-пад’ (ТС), ‘ніц, адваротны бок тканіны’ (Гарэц.), спо́дак ‘ніз’ (Нас.), сюды ж спо́дні ‘ніжні’ (Нас.), ‘ісподні, нацельны’ (Байк. і Некр.), сподо́ве ‘ніжні слой сена, саломы ў стагу, скірдзе’ (Сл. Брэс.). Укр. спід, спо́ду, рус. испо́д, стараж.-рус. исподъ, польск. spód, в.-луж. spod. З *jьzpodъ ад прасл. *jьz ‘з’ і *podъ (гл. под); Борысь, 570. Гл. іспод; сюды ж спо́дкі, спо́дка ‘вязаныя рукавіцы’ (Касп., Сл. ПЗБ, Бяльк.), гл. таксама ісподка, іспо́дні (дыял. спо́нні, спуо́дні).