Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Спадо́к ‘рыззё’ (ТС). Дэрыват ад асновы цяперашняга часу дзеяслова спасці, спаду з суф. ‑ок. Тое, што спада́е ‘скідваецца’.

Спа́дчына ‘маёмасць, гаспадарка, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у чыю-небудзь уласнасць’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц.; мін., ЛА, 3; Касп.). Укр. спа́дщина ‘тс’. Беларуска-ўкраінская інавацыя. Ад спадкі (гл.) з суф. ‑ін(а).

Спажа́ ‘Прачыстая (15/28 жніўня)’ (Нас.; мядз., Жыв. сл.; віл., паст., шальч., Сл. ПЗБ), ‘свята Спас’ (Др.-Падб.). Рус. спо́жка ‘назва двух памінальных свят Багародзіцы 15 жніўня і 8 верасня’. Скарачэнне госпожа ў значэнні ‘Багародзіца’, параўн. стараж.-рус. Госпожинъ день ‘Прачыстая’; гл. Фасмер, 3, 737. Параўн. спадар (гл.).

Спажы́нкі ‘Прачыстая’ (Нас.), Спажына́ ‘Спас (6/19 жніўня) (Сл. ПЗБ), спажы́наўка ‘спасаў пост’ (Касп.). Рус. зах., паўд. спожи́нки ‘пост перад Прачытай’. Паводле Фасмера (3, 737), з госпожинки ад госпожа ‘Багародзіца’ пад уплывам спожин ‘свята ўраджаю, жніво’. Збліжана з дажы́нкі ‘канец жніва, свята ўраджаю’, спажы́ць (Федар. 4), спожы́ць ‘выкарыстаць’ (ТС), спажываць ‘карыстацца’ (Сержп., Пятк. 2), параўн. няяснае спажываць ‘перажываць’ (Ян.).

Спакваля́, спаквала́ ‘паступова, патроху, марудна, павольна’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Бяльк., Сцяшк.), спокволя часок приду ‘пачакаўшы’ (Нас.), споквала́, споклава́ ‘тс’ (ТС), спахваля́ ‘паволі, паступова’ (Касп.); з іншай прыстаўкай: спракваля́ (калінк., З нар. сл.), спраквала́ (рагач., Сл. ПЗБ), спракво́м (Жд. 1). Рус. дыял. спрохвала́ ‘тс’ з вядомай зменай кв > хв. Шуба (Прыслоўе, 127) мяркуе, што гэта прыслоўе ўзыходзіць да кораня квол‑ (гл. кволы, кволіць), канкрэтна — да назоўніка пакво́л (пакво́ль), існаванне якога пацвярджаецца прыслоўямі пакво́льна ‘вольна’ (Кос.), укр. пакво́лом ‘павольна, марудна’. Хутчэй, гэта дзеепрыслоўе ад пакво́лець ‘рабіцца вальней’, скво́лець ‘аслабець’, пакво́ліць ‘пачакаць’ (Нас.). Гл. пакваля.

Спако́й ‘супакой, супакаенне’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4, Сл. ПЗБ), споко́й ‘тс’ (ТС), спако́йны ‘ціхі, мірны’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Ласт., Сл. ПЗБ), споко́йны ‘тс’ (ТС). Укр. спо́кій, польск. spokój, в.-луж. spokoj. Дэрыват з прыстаўкай с‑ ад прасл. *pokojь ‘мір, цішыня’ (Борысь, 569). *Pokojь звязаны з прасл. *počiti, параўн. рус. почи́ть ‘памерці’, почива́ть ‘спаць’, ст.-слав. почити ‘адпачыць’, славен. počíti і г. д. Гл. Фасмер, 3, 305; 347; Махэк₂, 468. Параўн. меркаванні Кохмана (Stosunki, 24), Віткоўскага (Słownik, 177) пра запазычанне з польскай, што патрабуе гістарычнай аргументацыі. Параўн. адпачынак.

Спако́н (веку) ‘спрадвеку’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Сержп. Прык.), спако́ну ‘па прадвызначэнні’ (Гарэц.). Рус. испоко́н, нар. споко́н ‘спрадвеку’. З стараж.-рус. поконъ ‘пачатак’ (Фасмер, 2, 141), гл. яшчэ кон, канец.

Спаку́са ‘спакушэнне, прынада’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр.). Параўн. укр. споку́са ‘тс’. Аддзеяслоўны назоўнік ад спакусі́ць ‘прывабіць, схіліць, прынадзіць’ (Касп., Сержп.) паводле польск. skusić ‘тс’ і pokusa ‘прынада’, што да kusić з першасным значэннем ‘каштаваць, браць пробу’ < прасл. *kusiti, параўн. укр. скуси́ти ‘прынадзіць, прывабіць’, рус. искуси́ть ‘паспрабаваць, даведацца’, ‘схіліць’, чэш. zkusiti ‘паспрабаваць, выпрабаваць’, славац. skúsiť ‘тс’, н.-луж. skušyś ‘спрабаваць’, серб.-харв. ìskusiti ‘паспытаць, выпрабаваць’, балг. изкуся́ ‘тс’, макед. искуси ‘тс’, ст.-слав. искоусити ‘тс’, што ўзыходзіць да *jьzkusiti, дзе u (насуперак Брукнеру, 235) мае першасны характар, паколькі *kusiti з’яўляецца агульнаславянскім запазычаннем з гоц. kausjan (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 318; ЭССЯ, 13, 135).

Спана́трыць ‘унадзіцца’ (Жд. 2), ‘прызвычаіцца, прывыкнуць, прывучыць’ (Скарбы, Юрч.), ‘вынюхаць, адчуць карысць’ (Арх. Федар.), ‘разабрацца, зразумець праз пэўны час’ (ашм., Стан.), ‘здагадацца, скеміць’ (Варл., Сл. ПЗБ), спана́трываць ‘разумець’ (Касп.), спынутрува́цца ‘ўнадзіцца’ (Бяльк.), спапатрава́ць ‘паназіраць’ (Сл. ПЗБ). Параўн. балг. дыял. спантре́вам ‘разумець’, адносіны да якога застаюцца няяснымі. Да панатрыць (гл.), няяснага паходжання. Аўтары Сл. ПЗБ (4, 529) параўноўваюць з польск. spenetrować ‘агледзець, высачыць’, што з лац. penetrare ‘пранікаць, дасягаць, урывацца’.

Спанцы́рка ‘верхняя жаночая кароткая вопратка’ (ТС). Бадаць, праз польск. spencer, spencerek ‘кароткая куртка, каптан’, ням. Spéncer, Spénzer ‘жаночая кофта; вузкі каптан’. Запазычана з англ. spencer ‘куртка, кароткі сурдут’, што паходзіць ад імені лорда Спенсера, які ў 1796 г. увёў ва ўжытак такі тып адзення (Брукнер, 508; Фасмер, 3, 733; ЕСУМ, 5, 368).