Кво́лы ’фізічна не развіты, слабага здароўя, хваравіты’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Грыг., Сержп. Пр., Ян., ТС, Бяльк., КЭС, лаг.). Руская тэрыторыя, дзе зафіксавана кволый, уваходзіць у адзін арэал з беларускай (Герд, Бел.-рус. ізал., 32). Беларуска-ўкраінская інавацыя (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 47). Укр. кволий ’слабы, хваравіты, марудны, павольны’. Паходзіць ад прыслоўя кволи ’павольна’, якое да *къволи (параўн. польск. gwoli і бел. павольна, укр. повільно) (ЕСУМ, 2, 419). Параўн. таксама кволіць 2. Такая этымалогія прыводзіць да адмаўлення ад ранейшых версій, абгрунтаванне якіх было вельмі цяжкім. Гэта датычыцца Ільінскага, РФВ, 1917, 3–4, 204–206 (кволы < *kъv‑, звязанага з kyvati ’ківаць’), Праабражэнскага, I, 304 (хилый > *хволый > кволы), Фасмера, 2, 218–219 (кволый < квелить ’дражніць’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)