Спаку́са ‘спакушэнне, прынада’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр.). Параўн. укр. споку́са ‘тс’. Аддзеяслоўны назоўнік ад спакусі́ць ‘прывабіць, схіліць, прынадзіць’ (Касп., Сержп.) паводле польск. skusić ‘тс’ і pokusa ‘прынада’, што да kusić з першасным значэннем ‘каштаваць, браць пробу’ < прасл. *kusiti, параўн. укр. скуси́ти ‘прынадзіць, прывабіць’, рус. искуси́ть ‘паспрабаваць, даведацца’, ‘схіліць’, чэш. zkusiti ‘паспрабаваць, выпрабаваць’, славац. skúsiť ‘тс’, н.-луж. skušyś ‘спрабаваць’, серб.-харв. ìskusiti ‘паспытаць, выпрабаваць’, балг. изкуся́ ‘тс’, макед. искуси ‘тс’, ст.-слав. искоусити ‘тс’, што ўзыходзіць да *jьzkusiti, дзе u (насуперак Брукнеру, 235) мае першасны характар, паколькі *kusiti з’яўляецца агульнаславянскім запазычаннем з гоц. kausjan (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 318; ЭССЯ, 13, 135).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)