Падра́д 1 ’абавязацельства выканаць якую-н. работу за пэўную плату, а таксама работа, якая выконваецца паводле такога абавязацельства’ (ТСБМ). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад падрадзіць < рад (гл.).
Падрад 2 ’непасрэдна адзін за другім; без перапынку; запар’. Рус. подряд ’тс’. Ад под і рад (гл.).
Падра́чыць ’падражніць’ (Сцяшк.) з польск. podręczyć ’памучыць каго-н., пакпіць над кім-н.’.
Падро́бкі ’вантробы сярэдніх і дробных жывёл’ (Нас.), падрабя́жжа ’унутранасці жывёлы’ (Сл. ПЗБ), подробэ́нькэ, пудрубы́нкы ’тс’ (Сл. Брэс.). Укр. подрі́б, подро́би, польск. podroby, dróbki ’тс’. У іншых славян безпрыставачныя: чэш. drob, drůbky, славац. droby, серб.-харв., славен. drob ’унутранасці жывёлін; дробязь, адкіды’, балг. дроб ’печань, лёгкія’. Вытворныя ад асновы drob‑ (гл. драбіць, дробны; параўн. яшчэ Трубачоў, ЭССЯ, 5, 122) (Брукнер, 87; Фасмер, 1, 539). Інакш Махэк (128), які звязвае з праслав. ǫtroba (гл. утроба).
Падру́ба ’ніжні вянок зруба’ (ТСБМ, Сцяшк.), падру́б (Янк. 1, Мат. Гом.), падру́б, падру́ба (Шат., Бяльк.), падру́ба, подру́ба, падру́бы (Сл. ПЗБ), подру́ба (Шушк., Тарнацкі, Studia), падру́біна ’адно з чатырох бярвенняў падрубу’ (Янк. 1). Рус. подру́б ’зруб або некалькі вянкоў, якія падведзены пад зруб’, подру́ба ’вуглы ў зрубе’, серб.-харв. по́друб ’рубец, падшыты край адзежы’. Аддзеяслоўныя ўтварэнні ад падрубіць < рубіць (гл.). У будаўнічай тэрміналогіі бел.-рус. ізалекса. Падру́бка ад падруб(а) з суф. ‑іна.
*Падру́бны, подру́бны ’падкалодны’. Жаба падру́бка ’жаба, якая жыве пад драўлянымі пабудовамі або пад ляжачымі калодамі (ТС). Гл. падруба.
Падру́жжа ’жонка; сяброўка’, падру́жнікі ’пяшчотная назва мужа або жонкі’ (Нік. Очерки). Вытворнае ад друг. Дакладны адпаведнік ва ўкр. м.: падру́жжа ’шлюб; муж, жонка, сямейная пара’.
Падружы́цца ’ажаніцца’ (ТС). Украінізм; параўн. подружи́тися ’тс’. Гл. яшчэ подружжа.
Падрухата́ць (падрухіта́ць) ’пабіць (пасуду)’ (Сцяшк. Сл.). З польск. podruzgotać ’разбіць, разламаць, раскрышыць’.
Падру́чнік ’кніга, па якой вывучаюць які-н. прадмет’ (ТСБМ). Калька польск. podręcznik ’тс’. Далей да рука (гл.).
Падру́чны ’які знаходзіцца пад рукамі, заўсёды ёсць; які выконвае падсобную работу’ (ТСБМ). Да рука (гл.). Падру́чны (вол) ’левы вол, які «пад рукою»’ (Янк. 1), подру́чны конь (вол) ’тс’ (ТС). Рус. подру́чная лошадь ’прыпражны конь з правага боку’, дан. падру́чны (падру́шны) вол ’вол з левага боку’, укр. підру́чний (вол) ’тс’.