Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Свярбе́ць ‘часацца, раздражняцца’ (ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц., Сцяшк., Сержп. Прымхі, Шымк. Собр., Сл. ПЗБ), свербе́ць ‘тс’ (ТС). Сюды ж сверб ‘свярбячка’ (Нас., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), свярбёж ‘тс’ (Шымк. Собр.), свярбёта ‘тс’ (Нас.). Укр. свербі́ти ‘свярбець’, рус. свербе́ть, дыял. таксама ‘блішчаць, мігацець’, польск. świerzbieć, в.-луж. swjerbjeć, swjerbić, н.-луж. swjerbjeś, чэш. svrběti, славац. svrbieť, серб.-харв. свр́бети, славен. srbẹ́ti, балг. сърби́, макед. сврби ‘свярбець’. Прасл. *svьrběti. Звязана чаргаваннем галосных з рус. свороб, ст.-слав. сврабъ ‘сверб’. Роднаснымі лічацца лат. svãrpsts ‘свердзел’, ст.-в.-ням. swërban ‘хутка вадзіць туды-сюды, круціцца, сціраць’, ст.-ісл. svarf н. р. ‘апілкі’, гоц. af‑swaírban ‘змахнуць’ (Траўтман, 295; Міклашыч, 330). Збліжэнне з літ. skverbiù, skver̂bti ‘прадзіраўліваць, праколваць’, паводле Праабражэнскага (2, 257), выклікае фанетычныя цяжкасці. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 573; Шустар-Шэўц, 1391; ЕСУМ, 5, 188. Узводзіцца да і.-е. *su̯erb‑ ‘круціць, вярцець, паціраць, церці’ (Борысь, 623; Глухак, 601). Параўн. сверб.

Свярбі́га, свербі́га ‘тс’ ‘свірэпа звычайная, Barbarea vulgaris R. Br.’ (Дэмб. 1; маг., Кіс.; Гарэц., Касп.). Укр. сверби́га ‘свярбігуз, Bunias orientalis’, рус. сверби́га ‘тс’ і ‘палявая гарчыца’. Ад асновы сверб‑ з суф. ‑іг(а); гл. Праабражэнскі, 2, 257. Паводле Мяркулавай (Очерки, 81), у дзеяслове ад кораня сверб‑ заключана і значэнне ‘драць’, якое перадае смакавае адчуванне ад гэтых горкіх раслін. Гл. свярбець.

Свярбігу́з ‘дзікая рэдзька, Bunias orientalis L.’, свербігу́з (Касп., Дэмб. 1), ‘свірэпка, Barbarea Beck.’ (Гарэц., Кіс.). Укр. свербигу́з ‘расліны Bunias L., Torilis enthryscus’, ‘шыпшына’, рус. паўдн. свербигу́з ‘свірэпка’. Паводле Мяркулавай (Очерки, 81), ад кораня сверб‑ і назоўніка гуз (гл.), што тлумачаць раздражненнем задняга праходу, асабліва пладамі шыпшыны (ЕСУМ, 5, 188).

Свяржывы ‘?’: (бульба) падобная па скараспелку, але дужа свяржывая (Полымя, 1999, № 12, 131). Няясна; магчыма, звязана з рус. сверёжий, свярёжий ‘бойкі; моцны’, адносна паходжання якога выказваюцца розныя думкі, гл. Фасмер, 3, 574 (кантамінацыя свежий и тверёзый); Этим. иссл., 1978 (вытворнае ад *verti ці *verzti).

Свярца́для ‘люстэрка’ (Сцяшк.), сверса́дло ‘тс’ (Сл. Брэс.), свярдзя́дла ‘тс’ (Бір. дыс.). Запазычанне з ст.-польск. świerciadło ‘тс’, якое ад *zьrkati (гл. зрэнка), *zьrcati; гл. Брукнер, 658; Махэк₂, 718.

Свярэ́па. Гл. свірэпа1.

Свя́сла ‘нізка лыка’ (калінк., Сл. ПЗБ; калінк., рэч., ЛА, 4), свя́слы, свясло́ (лоеў., хойн., ЛА, 4). Укр. дыял. свʼя́сла ‘звязка прадметаў’, рус. свя́сло ‘перавясла’, ст.-рус. съвясло ‘звязак, пучок’. З *съвязсло, ад *vęzati ‘вязаць’ з суф. ‑сло, як у вясло, гл. вязаць (Фасмер, 3, 584). ЕСУМ (5, 199) дапускае непасрэдны працяг прасл. *sъvęzslo. Сюды ж, відаць, балг. свесло́ ‘звязка гронкаў вінаграду або кукурузы’, гл. Выгленаў, БЕ, 1970, 2–3, 216–218; БЕР, 6, 540.

Свя́та ‘урачысты дзень; культавая ўрачыстасць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Байк. і Некр., Касп., Шат.), дыял. свя́то, сʼя́то ‘тс’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ, ТС), ст.-бел. с(вѧ)то ‘тс’ (Альтбаўэр). Да святы (гл.) першапачаткова, відаць, як азначэнне да назоўніка ніякага роду, магчыма, з *svęto vermę, параўн. адно са значэнняў ст.-бел. веремѧ ‘свята’ (Альтбаўэр) і святдзень ‘тс’ (Ласт.). Адносіны да польск. swięto ‘свята’, якое разглядаецца як рэліктавая форма Н. скл. адз. л. н. р. назоўнікаў (Длугаш-Курчабова, 491), застаюцца нявызначанымі. Параўн. таксама прыметнік светны́, сʼетны́ ‘святочны’ (ТС).

Свята́р ‘служка культу’ (Ласт., Стан.). Наватвор ад святы (гл.).

Святая́ннік ‘зверабой, Hypericum L.’ (ТСБМ, Кіс., ЛА, 1), сьветая́нкі ‘тс’ (Ласт.). Частковая калька свентаяннік або вынік адаптацыі першай часткі да святы (гл.); сюды ж сьвятая́нскае зельле (Гарэц.), гл. свентаянскае зелле.