Свярбе́ць ‘часацца, раздражняцца’ (ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц., Сцяшк., Сержп. Прымхі, Шымк. Собр., Сл. ПЗБ), свербе́ць ‘тс’ (ТС). Сюды ж сверб ‘свярбячка’ (Нас., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), свярбёж ‘тс’ (Шымк. Собр.), свярбёта ‘тс’ (Нас.). Укр. свербі́ти ‘свярбець’, рус. свербе́ть, дыял. таксама ‘блішчаць, мігацець’, польск. świerzbieć, в.-луж. swjerbjeć, swjerbić, н.-луж. swjerbjeś, чэш. svrběti, славац. svrbieť, серб.-харв. свр́бети, славен. srbẹ́ti, балг. сърби́, макед. сврби ‘свярбець’. Прасл. *svьrběti. Звязана чаргаваннем галосных з рус. свороб, ст.-слав. сврабъ ‘сверб’. Роднаснымі лічацца лат. svãrpsts ‘свердзел’, ст.-в.-ням. swërban ‘хутка вадзіць туды-сюды, круціцца, сціраць’, ст.-ісл. svarf н. р. ‘апілкі’, гоц. af‑swaírban ‘змахнуць’ (Траўтман, 295; Міклашыч, 330). Збліжэнне з літ. skverbiù, skver̂bti ‘прадзіраўліваць, праколваць’, паводле Праабражэнскага (2, 257), выклікае фанетычныя цяжкасці. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 573; Шустар-Шэўц, 1391; ЕСУМ, 5, 188. Узводзіцца да і.-е. *su̯erb‑ ‘круціць, вярцець, паціраць, церці’ (Борысь, 623; Глухак, 601). Параўн. сверб.