Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Стаю́шка ‘дрывотня’ (Сл. Брэс.). Першапачаткова, відаць, ‘загарадка’, тады да наступнага слова.

Ста́я1 ‘чарада птушак’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ‘касяк рыб’ (Сцяшк.). Паводле Сл. ПЗБ (4, 584), з рус. стая́ ‘тс’, што патрабуе дадатковай аргументацыі, параўн. ста́я ‘загарадка ў хляве, дзе стаяць коні’ (брэсц., Нар. сл.), ста́я, ста́і ‘загон’ (Сл. ПЗБ). Прасл. *staja; параўн. таксама ўкр. ста́я ‘курэнь пастухоў; загон; рад сціртаў сена’, рус. ‘хлеў; адрына, загон’, стараж.-рус. стая ‘хлеў’, ‘прыстанішча; ложак; шацёр’, чэш. stáj, stáje ‘стойла’, серб.-харв. ста̏ја ‘стойла; загон’, славен. stája ‘хаціна пастухоў; прыстанішча’, балг. ста́я ‘пакой’, макед. стаја ‘канюшня’. Да стаць, стаяць, першаснае значэнне ‘стойла; месца, дзе стаіць жывёла’, ‘стаянка’. Гл. Фасмер, 3, 749; Махэк₂, 574; Сной₁, 603; гл. спецыяльна Лучыц–Федарэц, Лекс. Палесся, 193–194. Трубачоў (Этногенез₂, 212) лічыць кур’ёзным, аднак цалкам рэальным, што назва “рухлівай” групы жывёл утворана ад і.-е. *stā‑ ‘стаяць’. Няма падстаў разглядаць як магчымы субстратны балтызм рус. падмаск. ста́йка ‘хлеў’ (Тапароў, Балтийские яз., 46), параўн. Анікін, Опыт, 283.

Ста́я2 ‘парода, гатунак’ (Бяльк.). Відаць, да стая1 (< ‘з адной стаі, з аднаго гнязда’).

Ста́я3 ‘загон, участак зямлі’ (іўеў., трак., воран., шальч., беласт., Сл. ПЗБ), ‘мера даўжыні ў 100 м’ (Сцяшк.), ст.-бел. стая ‘мера даўжыні, роўная прыблізна 80 м’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. ста́я ‘дзялянка зямлі, загон’, польск. staja ‘пэўная мера даўжыні поля’. Прасл. *staja ‘постаць; паласа поля, занятая пры апрацоўцы’, што да *stati, гл. стаць. Параўн. ЕСУМ, 5, 403.

Стаяро́с жарт. ‘высокі; той, што расце ўгару (расліна і інш.)’ (Варл.), стаеро́савы ‘тс’ (Растарг.), стаяро́савы (стояро́совый) ‘які рос стоячы (гаворыцца жартам)’ (Нас.). Параўн. рус. стоеро́совый жарт. ‘які расце стоячы (пра дрэва)’, стоеро́совый дура́к ‘дубіна, дурань’. Эўфемізм, выкарыстоўваецца як іранічны адказ на пытанне пра тое, што невядома таму, хто гаворыць, або ён не хоча называць; паводле Карскага (2–3, 90), утворана шляхам спалучэння дзеепрыслоўя цяп. часу ад стаяць (гл.) і імя (*рос?, гл. рост, расці). Па падобнай мадэлі ўтворана стаясёрка ‘кабат, кухвайка (кароткая або з кароткімі рукавамі)’ (полац., Садоўскі, вусн. паведамл.) з іранічнай асацыяцыяй (да сраць, гл.).

Стая́ць ‘знаходзіцца на нагах’, ‘не рухацца з месца’, ‘не працаваць’, ‘трываць’, ‘знаходзіцца, размяшчацца’, ‘існаваць, быць (на свеце)’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ), стоя́ць ‘тс’ (ТС), ст.-бел. стоять. Укр. стоя́ти, рус. стоя́ть, польск. stać, в.-луж. stejeć (< stojać), н.-луж. stojaś, чэш. státi, славац. stáť, серб.-харв. ста́јати, славен. státi, балг. стоя́, макед. стои ‘стаяць’. Прасл. *stojati утварылася ад форм цяп. часу і.-е. *stə‑i̯e/o на аснове і.-е. *sta‑ (гл. стаць) (Борысь, 574); адпавядае оск. staít ‘стаяць’, ст.-інд. sthitás ‘той, які стаіць’, грэч. στατόσ ‘тс’, лац. status, далей літ. stóti ‘станавіцца, уступаць’, ст.-прус. postāt ‘станавіцца’, ст.-в.-ням. stân, stên ‘стаяць’; гл. Траўтман, 281; Фрэнкель, ZfslPh, 20, 242; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1052; Фасмер, 3, 769; Бязлай, 3, 313; Шустар-Шэўц, 1352; Махэк₂, 575–576; ЕСУМ, 5, 430–431; Глухак, 579.