Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ска́рдзіцца ‘выказваць незадавальненне’, ‘падаваць скаргу’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп.), ска́рдзіць (Др.-Падб.), ска́ржыцца (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі). З польск. skarżyć (się) (гл. Кюнэ, Poln., 96; Фасмер, 3, 633), адкуль зваротнай дэрывацыяй ска́рга. Польскі дзеяслоў разам з в.-луж. skoržić ‘скардзіцца’, н.-луж. skjaržyś ‘тс’ тлумачыцца як запазычанне ў заходнеславянскія мовы з ням. бавар. schergen ‘абвінавачваць, скардзіцца’, што не бярэцца пад увагу пры разглядзе серба-лужыцкіх слоў, гл. Шустар-Шэўц, 1296. Больш пераканальнымі здаюцца спробы вызначэння славянскага паходжання слова Ільінскага (ИОРЯС, 23, 2, 233), што параўноўваў з славен. skŕgati ‘стракатаць’, і Брукнера (493), які лічыў роднасным рус. скрежет і яго аднакаранёвым, а таксама Борыся (550), паводле якога гукапераймальнае прасл. *skrъgati ‘скрэгаць’, семантычна змянялася ад ‘скрэгаць, ныць’ да ‘лямантаваць’. Беларускі матэрыял падмацоўвае апошнюю версію, параўн. скоргануць, скірга, скарга (гл.).

Скарза́, ско́рзік ‘вухачыстка’ (Ласт.). Няясна, магчыма, гэта аўтарскі наватвор на базе скрозь (гл.) з метатэзай, параўн. скорзьдо́нне ‘бяздонне, прорва, апраметная’ (Ласт.), калі гэта не памылка друку (параўн. у іншым месцы скрозьдоная). Іншая мажлівасць — аддзеяслоўны назоўнік ад скарза́цца ‘распушыцца’ (смарг., Сл. ПЗБ), далейшыя сувязі якога няясныя; параўн. рус. ко́рзать ‘абрубаць сукі, знімаць кару’, укр. ко́рзати ‘плясці, сцягваць’, серб.-харв. кр̏зати ‘сціраць, сточваць’, славен. kŕzati ‘рэзаць тупым нажом’, на іншай ступені вакальнага чаргавання — ке́рзаць (гл.), што да *kъrzati (ЭССЯ, 9, 243; Фасмер, 2, 199, 327; ЕСУМ, 3, 17; Скок, 2, 217; Бязлай, 2, 105).

Скарлу́пка ‘лупінка’ (лід., Сл. ПЗБ). Гл. шкарлупіна.

Скаро́жыць ‘сагнуць, зламаць’ (Касп.), ‘знявечыць’ (Сцяшк. Сл.), ‘скрывіць’ (дзярж., Гіл.), ‘паралізаваць’ (шчуч., ваўк., Сл. ПЗБ). Да каро́жыцца ‘рабіць сутаргавыя рухі’ (гл.), карэ́жыць ‘гнуць, ламаць, выварочваць з коранем’ (Стан.), карэжыцца (гл.).

*Скароздра, скоро́здра ‘скараспелы плод’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр. скоро́здра ‘скараспелка’, скоро́здря ‘ранні авёс’. Складанае слова, утворанае ад ско́ра ‘хутка’ ці ско́ры ‘хуткі, ранні’ і зрадзі́ць ‘урадзіць’ (Жд. 1) з перастаноўкай зычных, параўн. зрадлі́вы ‘ўраджайны’. Іншы варыянт — ад *zьrěti ‘спець’ (гл. ЕСУМ, 5, 282) — дапускае ўстаўное ‑д‑.

Скаро́мны ‘паводле рэлігійных прадпісанняў — забаронены для яды ў час посту (пра мяса, сала, малако і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Др.-Падб., Сл. ПЗБ), скаро́мніна ‘скаромная ежа’ (Касп., Варл., Шатал.), скаро́міна ‘тс’ (Нар. сл., Сл. ПЗБ, Шатал.), скаро́мнае ‘тс’ (Пятк. 2), скоро́мнэ ‘тс’ (ТС, Сл. Брэс.), скарамі́нка ‘сала (кусочак) свіное’ (Сцяшк. Сл., Скарбы), скаро́міць ‘запраўляць страву’ (Сл. ПЗБ), скаро́міцца ‘есці скаромнае’ (ТСБМ, Др.-Падб., Касп.). Да ско́рам (гл.).

Скарпа́ць ‘скалупаць’ ‘зрыць’ (Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), скорпа́ць ‘скалупнуць’ (ТС). Гл. корпаць.

Скарпе́ткі ‘вязаныя пальчаткі’ (віц., Шн. 3), скарпэ́ткі, скурпэ́ткі ‘шкарпэткі’ (Сл. рэг. лекс.). Гл. шкарпэткі.

Скарпіён ‘ядавіты павук’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. скоропей ‘тс’. Карскі (1, 257) прыводзіць склонавую форму слова з т. зв. другім поўнагалоссем ст.-бел. скоропіѧмъ (XVI ст.), для якой падае рэканструяваную аснову *skъr̥p‑. Запазычана з ст.-слав. скоръпии, што з грэч. σκορπίος ‘тс’ (Фасмер 3, 654). Сучаснае беларускае слова, відаць, з рускай мовы.

Скарпунец ‘звязка?’: нізкі верасовых скарпунцоў (ЛіМ, 1971, 19 лют.). Няясна (ад скарпаць?, гл.).