Ско́ры ‘які адбываецца з вялікай хуткасцю; хуткі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), ‘хуткі (у рабоце)’ (ЛА, 3), ‘хуткі, нецярплівы’ (Сл. ПЗБ), ско́ра ‘хутка, жвава’ (Варл.). Укр. ско́рий, рус. ско́рый, стараж.-рус. скоръ, польск. skory ‘скоры’, skoro ‘як толькі, амаль’, в.-луж. skerje, н.-луж. skóro ‘скора; амаль’, чэш. skorý ‘скоры’, skoro ‘амаль’, славац. skorý, серб.-харв. ско́ро ‘нядаўна’, славен. skóro, skȏraj ‘скора; амаль’, балг. ско́ра ‘скора, хутка’, макед. скоро ‘хутка; нядаўна; у хуткім часе; амаль’, ст.-слав. скоръ ‘хуткі, раптоўны; лёгкі’. Прасл. *skorъ, *skoro. Роднасныя літ. skėrỹs ‘саранча’, лат. šķir̃gata, šķirgālis ‘яшчарыца’, грэч. σκιρτάω ‘скачу’, ст.-ісл. skári ‘маладая чайка’, с.-н.-ням. scheren ‘спяшацца’. Гл. Покарны, 934; Фасмер, 3, 654 (там жа і літ-pa); Младэнаў, 585. Ад і.-е. кораня *sker‑ ‘рэзаць’ > ‘хуткі рух’; гл. БЕР, 6, 781–782. Сной₁ (574) выводзіць ад і.-е. *skoro‑ < *sker‑ і параўноўвае з ст.-ням. scerōn ‘разбэшчаны, нахабны’ і роднаснымі. Роднасць з ст.-в.-ням. rasc, ням. rasch, мяркуемая Махэкам₂ (547), па фанетычных прычынах адмаўляецца Шустарам-Шэўцам, 1295.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)