Ска́рдзіцца ‘выказваць незадавальненне’, ‘падаваць скаргу’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп.), ска́рдзіць (Др.-Падб.), ска́ржыцца (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі). З польск. skarżyć (się) (гл. Кюнэ, Poln., 96; Фасмер, 3, 633), адкуль зваротнай дэрывацыяй ска́рга. Польскі дзеяслоў разам з в.-луж. skoržić ‘скардзіцца’, н.-луж. skjaržyś ‘тс’ тлумачыцца як запазычанне ў заходнеславянскія мовы з ням. бавар. schergen ‘абвінавачваць, скардзіцца’, што не бярэцца пад увагу пры разглядзе серба-лужыцкіх слоў, гл. Шустар-Шэўц, 1296. Больш пераканальнымі здаюцца спробы вызначэння славянскага паходжання слова Ільінскага (ИОРЯС, 23, 2, 233), што параўноўваў з славен. skŕgati ‘стракатаць’, і Брукнера (493), які лічыў роднасным рус. скрежет і яго аднакаранёвым, а таксама Борыся (550), паводле якога гукапераймальнае прасл. *skrъgati ‘скрэгаць’, семантычна змянялася ад ‘скрэгаць, ныць’ да ‘лямантаваць’. Беларускі матэрыял падмацоўвае апошнюю версію, параўн. скоргануць, скірга, скарга (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)