Та́рка ’прадмет кухоннага ўжытку, які служыць для раздрабнення, расцірання’ (ТСБМ, Нас., Шымк., Касп., Растарг., Варл., Сержп. Грам., Арх. Вяр.), сюды ж ’дошка для мыцця бялізны’ (Сцяц. Сл., Сцяц.; ваўк., Сл. ПЗБ), ’церніца (лён церці)’ (трак., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тарка ’тарка’: тарку купили в дорогу (1682 г., КГС); таркава́ць ’церці на тарцы’ (Скарбы, Сцяшк., Янк. 2, Сл. ПЗБ, ЛА, 4), таркава́ць ’тс’ (ТС, ЖНС, Лекс. Бел. Палесся), таркава́ны ’сцёрты на тарцы’ (Сцяшк.; паст., швянч., Сл. ПЗБ; лун., Шатал.), таркава́ная ка́ша ’бабка (страва)’ (паст., ЛА, 4). Запазычана з польск. tarka ’кухонная прылада’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 58).
Тарка́н ’таракан’ (Нас., Жд. 1), тарка́нік, таркано́к ’малады таракан’ (Нас.). Гл. таракан; адсутнасць поўнагалосся тлумачыцца “падтрымліваючым уплывам” цюркскіх моў, калі прыняць сувязь са ст.-цюрк. таркан ’ганаровы тытул’, гл. Дабрадомаў, Бел. лекс., 43.
Таркано́к ’шпілька для валасоў, заколка’ (Касп.). Да папярэдняга слова, параўн. жуковіна ’пярсцёнак’, гл.
Таркану́ць ’торкнуць’ (ТСБМ), ’крануць’ (Варл., Пятк. 2), ’крануць (каня лейцамі)’ (Янк. 2), ’крануць, варухнуць, чапануць’, ’клюнуць (рыбацкае)’ (Янк. 3.), торкену́ць ’таўхануць, штурхнуць’, торкну́ць ’крануць, ’штурхнуць’. Гл. тарка́ць.
Тарката́ць ’выдаваць бесперапынныя гукі, трэлі’ (ігн., Сл. ПЗБ). Укр. торкота́ти ’тарахцець’, польск. tarkotać ’грукатаць (пра матор, цягнік)’, славац. trkotať ’балбатаць’. Гукапераймальнае ўтварэнне, аналагічнае да туркатаць, гл.
Та́ркаць ’крычаць (пра гусей)’: гусі таркаюць так: тыр‑тар (в.-дзв., Шатал.), та́ркаюць, тэ́ркаюць ’гагочуць (гусі)’ (паст., карэлку, стаўб., ЛА, 1). Гукапераймальнае, параўн. таркатаць, гл.
Тарка́ць ’соваць, торкаць’, ’штурхаць, будзіць’ (ТСБМ, Нас.), ’кляваць (пра рыбу)’ (мазыр., ГЧ), ’рухаць’ (Шпіл.), та́ркаць ’штурхаць’ (Сцяшк. Сл.), то́ркаць ’чапаць, кратаць’, ’кляваць’ (ТС), то́ркацца ’торкацца’ (Растарг.), торка́цца ’варушыцца, калывацца’ (ТС). Укр. торка́ти ’кратаць, кранаць, чапаць; закранаць’. Гл. торкаць.
Та́ркі ’прыстасаванне ў млыне для вырабу круп’ (стаўб., З нар. сл.). Да тарка (гл.) у мн. л. як тэхнічны тэрмін.
Тарко́ванка ’бабка (з дранай бульбы)’ (люб., слуц., Нар. словатв.; асіп., слуц., саліг., ЛА, 4), ’бульбяная каша’ (Сл. рэг. лекс.), ’бабка, дранка, каша з дранай бульбы’ (чырв., З нар. сл.), ’сырая драная бульба’ (жытк., ЖНС; Вешт.), тарко́ванне ’бабка’ (лун., ЖНС). Ад таркава́ць ’церці на тарцы’ < польск. tarkować ’тс’, гл. тарка.
Тарля́цца ’хадзіць без справы’ (Сцяшк. Сл.). З польск. tarlać się ’валяцца’, роднаснага tarzać się ’куляцца, валяцца’, што да trzeć (Брукнер, 565), гл. церці. Меркаванне пра запазычанне з літ. terliótis ’пэцкацца; валтузіцца’ (Грынавяцкене, LKK, 22, 196), дзе асноўнае значэнне ’брудзіць, пэцкаць’, здаецца менш верагодным, паводле Смачынскага (672), першапачаткова ’распасцерці на зямлі’. Нельга выключыць і гукапераймальнае (імітатыўнае) паходжанне, параўн. серб.-харв. то̀рлати ’моцна крычаць; выстаўляцца, хваліцца’ (інакш, як узнікшае на базе турцызма то̀рлак, разглядаецца Скокам, 3, 484).
Тармазі́ць ’запавольваць, спыняць рух’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), тормозі́ті ’тс’ (Вруб.), тормозі́ць ’хваляваць, парушаць; уплываць на нармальную працу’ (КСТ), тормозова́ць ’тузаць, тармасіць’ (ТС); сюды ж то́рмаз ’механізм для тармажэння’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), тормаза́ ’непаседа’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), тармазы́ ’падрэзы (у санях)’ (лудз., Сл. ПЗБ). Параўн. рус. тормози́ть ’запавольваць, спыняць рух’, дыял. тормози́ть ’гаварыць глупствы, несці лухту’, тормози́ться ’хвалявацца, непакоіцца’, серб.-харв. тр̀мизати ’рухацца, кранацца’, балг. тормо́зя ’затрымліваць развіццё, перашкаджаць’, ’гнясці, прыгнятаць’ (маральна). Словы без пэўнай этымалогіі. Тэхнічны тэрмін выводзяць з грэч. τορμος ’устаўленае ў адтуліну; дзірка з затычкай, цвіком, калочкам’ (сумніўна, гл. Трубачоў, Дополн., 4, 84) або з цюрк. turmaz ’падкладка пад калёсы арбы’ (там жа), што, відаць, запазычана з рускай мовы. Дзеясловы з больш шырокай семантыкай Куркіна (Этимология–1974, 44–45) збліжае з *tьrm‑ з пашыральнікам ‑z‑, што ўрэшце да і.-е. ter‑ са значэннем ’церці’. Няпэўна; цяжка семантычна адмежаваць ад тармасіць (гл.), параўн. і польск. дыял. termożyć ’марудзіць, траціць час’.