То́рмаз ’прыстасаванне для запавольвання або спынення руху’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сюды ж тармазі́ць ’запавольваць, спыняць рух’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Цых.), тормозі́ті ’тс’ (Вруб.). З рус. то́рмоз ’тс’, якое звычайна тлумачыцца як запазычанне са ст.-грэч. τόρμος ’прасвідраванае, пракручанае’, позняе ’ўтулка, затычка’ (Міклашыч, 359; Фасмер, Этюды, 203; Чарных, 2, 251- 252; ЕСУМ, 5, 605), што малаімаверна (Трубачоў, Дополн.; Фасмер, 4, 84). Дзмітрыеў (Лекс. сб., 1958, 3, 45) дапускае, аднак, запазычанне з цюрк. turmaz ’ён не стаіць’, а таксама ’падкладкі для колаў арбы’. Аднак не выключана і славянскае паходжанне, параўн. тормозі́ць ’узбуджаць, хваляваць’, тормозова́ць ’штурхаць, будзіць’ (ТС), балг. тормо́зя ’прыгнятаць (маральна); перашкаджаць, затрымліваць’, што могуць разглядацца як варыянты з азванчэннем у інтэрвакальным становішчы зыходнага с, параўн. тармасіць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)