Тармазі́ць ’запавольваць, спыняць рух’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), тормозі́ті ’тс’ (Вруб.), тормозі́ць ’хваляваць, парушаць; уплываць на нармальную працу’ (КСТ), тормозова́ць ’тузаць, тармасіць’ (ТС); сюды ж то́рмаз ’механізм для тармажэння’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), тормаза́ ’непаседа’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), тармазы́ ’падрэзы (у санях)’ (лудз., Сл. ПЗБ). Параўн. рус. тормози́ть ’запавольваць, спыняць рух’, дыял. тормози́ть ’гаварыць глупствы, несці лухту’, тормози́ться ’хвалявацца, непакоіцца’, серб.-харв. тр̀мизати ’рухацца, кранацца’, балг. тормо́зя ’затрымліваць развіццё, перашкаджаць’, ’гнясці, прыгнятаць’ (маральна). Словы без пэўнай этымалогіі. Тэхнічны тэрмін выводзяць з грэч. τορμος ’устаўленае ў адтуліну; дзірка з затычкай, цвіком, калочкам’ (сумніўна, гл. Трубачоў, Дополн., 4, 84) або з цюрк. turmaz ’падкладка пад калёсы арбы’ (там жа), што, відаць, запазычана з рускай мовы. Дзеясловы з больш шырокай семантыкай Куркіна (Этимология–1974, 44–45) збліжае з *tьrm‑ з пашыральнікам ‑z‑, што ўрэшце да і.-е. ter‑ са значэннем ’церці’. Няпэўна; цяжка семантычна адмежаваць ад тармасіць (гл.), параўн. і польск. дыял. termożyć ’марудзіць, траціць час’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)