Турката́ць ‘утвараць характэрныя для галубоў гукі, буркаваць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нар. Гом.), туркота́ті ‘тарахцець’ (беласт., Сл. ПЗБ). Сюды ж туркаце́ць ‘утвараць характэрныя для жабаў-жарлянак гукі’ (Скарбы), ‘грукатаць (коламі па шашы)’ (Др.-Падб., Гарэц., Байк. і Некр.); ‘ляскатаць’; туркоті͡еті ‘тс’, ту́ркот ‘грукат’ (Вруб.). Параўн. укр. туркота́ти ‘буркаваць’, ‘аднастайна тарахцець, грукаюць’, ‘мармытаць, нешта часта паўтараць’, польск. turkotać ‘тс’, славац. trkotať ‘хутка і шмат сакатаць, балбатаць’, славен. trketáti ‘гучна ступаць’. Дзеяслоў з інтэнсіўным фармантам ‑от‑ (‑ат‑), утвораны ад гукапераймальнай асновы туркаць, гл. Борысь (654) лічыць, што адпаведны назоўнік, параўн. польск. turkot ‘грукат колаў’, вытворны ад дзеяслова turkotać ‘туркатаць’, а не наадварот.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)