Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІЖО́РА, інгры,

народ прыбалтыйска-фінскай этнамоўнай групы, які насяляў тэр. басейна р. Нява і частку паўд. узбярэжжа Фінскага заліва (гл. Іжорская зямля). Упершыню ў летапісах згадваецца пад 1228. На думку даследчыкаў, назва паходзіць ад левага прытока Нявы р. Іжора (Inkere, Ingere) або ад асабістага княжацкага імя Ігар ці Інгвар. Моўныя даследаванні даюць падставу меркаваць, што І. з’яўляецца часткай карэлы. У 11—1-й пал. 12 ст. землі І. ўвайшлі ў склад Наўгародскай зямлі, потым паводле дагавора 1617 адышлі да Швецыі, у 1702—03 вернуты ў склад Расіі. Асн. заняткі — рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Да пач. 20 ст. захоўвалі сваю мову, моцна асіміляваны.

А.В.Іоў.

т. 7, с. 173

ІЖО́РСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

на Усходне-Еўрапейскай раўніне, на 3 Ленінградскай вобл. Расіі; частка Балтыйска-Ладажскага ўступа (гл. Глінт). Выш. да 168 м. Складзена з вапнякоў. Рэльеф узгорыста-марэнны, развіты карст. Паўн. і зах. схілы стромкія (выш. 50—80 м). Хваёвыя і мяшаныя лясы. Азёры, балоты.

т. 7, с. 173

ІЖО́РСКАЯ ЗЯМЛЯ́, Іжора,

гістарычная тэрыторыя народнасці іжора па берагах Нявы і ўзбярэжжы Фінскага заліва. У 13—15 ст. падпарадкавана Ноўгараду. У 1478 далучана да Маскоўскага княства. Пасля Лівонскай вайны (у 1581—90) і ў выніку інтэрвенцыі пач. 17 ст. зах. частка І.з. (гарады Капор’е, Івангорад з паветамі) захоплена Швецыяй. Вернута Расіі ў час Паўночнай вайны 1700—21.

т. 7, с. 173