Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТВАРАНО́ВІЧ Галіна Паўлаўна (н. 17.2.1955, в. Дараганава Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, крытык, паэтэса. Д-р філал. н. (1999). Скончыла БДУ (1977). У 1977—80 у выд-ве «Навука і тэхніка», з 1983 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. З 1999 выкладае ва Ун-це ў Беластоку. З 2001 гал. рэдактар час. «Studia wschodniosłowiańskie» («Даследаванні ўсходнеславянскія»).

Друкуецца з 1967, як літ.-знавец з 1982. Даследаванні па ўзаемасувязях сучаснай бел. прозы і прозы б. Югаславіі, кампаратывістыцы, гісторыі бел. л-ры, сучасным літ. працэсе: «Маральны свет героя: Беларуская і югаслаўская ваенная проза 60—70-х гг.» (1986), «Пакутаю здабыты мір: Тыпалогія характару ў беларускай і славенскай прозе» (1991) і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры XX ст.» (Т. 1—4, 1999—2002). У паэт. зб-ках «Ускраек тысячагоддзя» (1996), «Верасы Дараганава» (2000) філас. роздум над праблемамі жыцця, лёсам чалавека ў Вечнасці, любоў да роднай зямлі, хрысц. матывы. Перакладае з сербскай і польскай моў.

Тв.:

Беларуская літаратура: Паўднёваславянскі кантэкст: (Адзінства генезісу, тыпаў літаратур і характар узаемасувязей). Мн., 1996.

А.​В.​Спрынчан.

т. 15, с. 468

ТВАРДО́ЎСКІ Аляксандр Трыфанавіч (21.6.1910, б. хутар Загор’е, Пачынкаўскі р-н Смаленскай вобл., Расія — 18.12.1971),

рускі паэт і грамадскі дзеяч. Скончыў Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры і гісторыі (1939). У час вызвалення Зах. Беларусі ў 1939, сав.-фінляндскай 1939—40 і Вял. Айч. войнаў ваен. карэспандэнт. У 1950—54, 1958—70 гал. рэдактар час. «Новый мир». Друкаваўся з 1924. У даваен. зб-ках «Сельская хроніка» (1939), «Загор’е» (1941) тэмы перабудовы вёскі. У паэме «Краіна Муравія» (1936; Дзярж. прэмія СССР 1941) з вял. маст. сілай адлюстраваў складанасць калектывізацыі і выкліканыя ёю змены ў лёсе і псіхалогіі сялянства. У паэме «Васіль Цёркін: Кніга пра байца» (1942—45; Дзярж. прэмія СССР 1946) створаны вобраз бывалага салдата, у якім увасоблены лепшыя духоўныя і маральныя рысы народа. Чаргаванне трагічных і побытавых малюнкаў, лірычных адступленняў і вясёлага досціпу, трапнасць і выразнасць мовы дазволілі шматгранна выявіць атмасферу нар. вайны, думкі і пачуцці людзей. Лірыка Т. ваен. гадоў перадавала перажыванні народа, захоўваючы канкрэтнасць падзей і абставін, сувязі з уяўленнямі радавога салдата, учарашняга працаўніка; спалучала душэўную пранікнёнасць і публіцыст. страснасць з эпічным размахам. У пасляваен. час паглыбляў і развіваў асн. праблематыку творчасці, працягваў асэнсаванне ваен. выпрабаванняў і нар. подзвігу (паэма «Дом ля дарогі», 1946; Дзярж. прэмія СССР 1947), у сац.-маральным і філас. плане раскрываў гіст. лёс народа, паказваў сучасніка ў складаных калізіях часу. У лірыка-публіцыст. паэме «За даллю — даль» (1953—60; Ленінская прэмія 1961) абагульнены найб. істотныя з’явы ў жыцці краіны, грамадскія настроі 1950-х г. У зб-ках «Вершы з запісной кніжкі» (1961) і «З лірыкі гэтых гадоў, 1959—1967» (1967; Дзярж. прэмія СССР 1971) унутр. свет чалавека, узбагачанага вял. вопытам падзей 20 ст. Аўтар сатыр. паэмы «Цёркін на тым свеце» (1963), ліра-эпічнага цыкла вершаў «Па праву памяці» (1968—69; выд. 1987), нарысаў, апавяданняў і аповесцей («Дзённік старшыні калгаса», 1932: «З Карэльскага перашыйка», нап. 1939—41; «У родных мясцінах», 1946; «Печнікі», 1958; «Нататкі з Ангары», 1959), літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць А.​Пушкіна, М.​Някрасава, І.​Буніна, М.​Ісакоўскага, А.​Куляшова і інш. Творчасці Т. ўласцівы далучанасць да нар. жыцця, прастата і яснасць стылю, сувязь з фальклорам і класічнай традыцыяй. Высока цаніў бел. л-ру, удзельнічаў у рабоце многіх з’ездаў пісьменнікаў Беларусі. Беларусі прысвяціў вершы «Слова пра зямлю», «Запрашэнне гасцей», «Мінская шаша» і інш., нарысы ў кн. «Радзіма і чужына» (1947). Перакладаў на рус. мову бел. нар. песні, творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Куляшова, М.​Засіма, М.​Сурначова і інш., рэдагаваў «Анталогію беларускай паэзіі» (М., 1952), складальнік зб. «Паэты Заходняй вобласці» (Мн., 1935). На бел. мову творы Т. пераклалі Э.​Агняцвет, П.​Броўка, А.​Бялевіч, М.​Калачынскі, К.​Крапіва, Куляшоў, М.​Лужанін, Р.​Няхай, А.​Русак, Г.​Пашкоў, М.​Танк, і інш.; яму прысвечаны паэма Куляшова «Варшаўскі шлях» (1973), верш Ю.​Голуба «Аляксандр Твардоўскі ў Гродне», артыкулы Броўкі, В.​Быкава, А.​Зарыцкага, Куляшова і інш. Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР (1950—54, 1959—71).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М. 1976—83;

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1953;

За даллю — даль. Мн., 1962;

Вершы. 1931—1970. Мн 1989.

Літ.:

Македонов А.В. Творческий путь Твардовского. М., 1981;

Воспоминания о А.​Твардовском. 2 изд. М., 1982;

Кондратович А.И. «Ровесник любому поколению»: Док. повесть. М., 1984.

В.​Л.​Бечык.

А.Т.Твардоўскі.

т. 15, с. 468

ТВАРЫ́ЧАЎКА,

вёска ў Крынічным с/с Мазырскага р-на Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Мазыр—Новая Рудня. Цэнтр калгаса. За 9 км на Пд ад горада і 16 км ад чыг. ст. Мазыр, 142 км ад Гомеля. 294 ж., 105 двароў (2002). Клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 15, с. 468