Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТВО́РЧАСЦЬ,

духоўна-пераўтваральная дзейнасць людзей у грамадстве, накіраваная на стварэнне новых літ.-маст., рэліг., этычных, прававых, сац.-паліт., навук.-тэхн. і эканам. каштоўнасцей. Паводле якасных крытэрыяў сфера Т. іерархічная, характарызуецца такімі ацэначнымі паняццямі як здольнасці, талент, геніяльнасць, вынаходніцтва, пазітыўнае наватарства, адкрыццё. Адрозніваецца ад вытворчасці (у вузкім, спецыфічным сэнсе гэтага паняцця), арыентаванай на колькаснае павелічэнне спажывецкіх і духоўных каштоўнасцей па распрацаваных у сферах Т. ўзорах, тыражаванне літ.-маст. твораў і эстэт. адкрыццяў. Наяўнасць творчых магчымасцей у грамадстве — неабходная ўмова стварэння і абнаўлення культ. традыцыі народа, дзяржавы, нацыі. Процілегласць і аўтаномнасць сфер Т. і вытворчасці адносныя, залежаць ад тыпу культуры, узроўню падзелу працы і спецыялізацыі на розных этапах гіст. развіцця грамадства. У сістэме цывілізацый арганічнай культуры (антычнасць, сярэдневяковая і раннефеад. культура, традыц. вяскова-сял. культура) рамесніцкая культура спалучае ў сабе прыкметы творчай унікальнасці і вытв. масавасці (гл. Народная творчасць); на элітарным узроўні вылучаецца саслоўе творчай інтэлігенцыі: літаратараў, майстроў усіх відаў прафес. мастацтва, вучоных, тэолагаў, філосафаў, інжынераў. У эпоху індустр.-урбаністычных тыпаў цывілізацыі адбываецца зрошчванне сфер Т. і вытворчасці, навукі і тэхналогіі, элітарнай і масавай культуры, выцясненне традыц. відаў маст. Т. дызайнам і сурагатамі электроннай культуры. Гарантам адраджэння Т. застаецца навук., філас. і маст. традыцыі, самабытная нац. культура. Унікальнасць творчых здольнасцей народа з найб. паўнатой выявілася ў маст. Т. — сферы эстэт. дзейнасці, накіраванай на стварэнне якасна новых духоўных каштоўнасцей, напаўненне традыц. маст. культуры новымі якасцямі і сэнсамі.

У ант. і сярэдневяковым грамадстве маст. Т. не вылучалася з агульнага комплексу стваральнай дзейнасці рамесніцкага тыпу, якая разглядалася як ніжэйшы від творчага працэсу ў параўнанні з філасофіяй і тэалогіяй. Пафасам бязмежных творчых магчымасцей чалавека прасякнута культура эпохі Адраджэння, калі ўзнік культ генія — носьбіта творчай інтэнцыі. Асветніцкая філасофія 17—18 ст. разглядала Т. як новыя камбінацыі існуючых элементаў (эмпірызм Ф.​Бэкана, Т.​Гобса, Дж.​Лока, Д.​Юма, матэрыялізм Д.​Дзідро, П.​Гольбаха, К.​Гельвецыя). Завершаную тэорыю Т. як унікальнай дзейнасці заснавалі І.​Кант, Ф.​Шэлінг. Яна паслужыла эстэт. асновай рамантызму, пазней неарамантызму і элітарных канцэпцый «чыстага» мастацтва. Г.​Гегель разглядаў маст. Т. поруч з рэлігіяй і філасофіяй як паступальнае выяўленне абсалютнай ідэі ў форме ідэалу (этапу развіцця духоўнай культуры, абсалютнага духу). У сучаснай філасофіі і культуралогіі дамінуюць 2 канцэпцыі Т.: экзістэнцыяльная (погляд на творчы працэс як экстатычны прарыў асобы з прыроднай неабходнасці і сац. мэтазгоднасці ў сферу свабоды) і прагматычная (Т. як здольнасць камбінацыі і вынаходніцтва).

У гісторыі бел. грамадска-паліт. і філас. думкі, літ.-маст. Т. адлюстраваліся асн. канцэпцыі Т., характэрныя для еўрап. хрысц. цывілізацыі: сярэдневяковая, арыентаваная на хрысц. маральныя імператывы (Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч і інш.), рэнесансавая канцэпцыя універсальнай гармоніі паміж асобай і грамадствам, навукай і верай, філасофіяй і тэалогіяй (Ф.​Скарына і яго паслядоўнікі), рамант. і нац.-адраджэнскія (19—20 ст.).

Літ.:

Дорошевич Э.К., Конон В.М. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Творческий процесс и художественное восприятие. Л., 1978;

Давыдова Г.А. Творчество и диалектика. М., 1976;

Бердяев Н.А. Творчество и объективация: [Сб.]. Мн., 2000.

У.​М.​Конан.

т. 15, с. 469

творчы кінапартрэт

т. 18, кн. 1, с. 462

ТВО́РЧЫ САЮ́З,

грамадскае аб’яднанне творчых работнікаў, якія сваімі дасягненнямі зрабілі ўклад у развіццё культуры, мастацтва і інш. культ. творчай дзейнасці. У Рэспубліцы Беларусь ствараецца ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку на аснове агульнасці інтарэсаў яго членаў у пэўным відзе творчай дзейнасці для задавальнення іх духоўных або інш. нематэрыяльных патрэб. Прававымі крыніцамі Т.с. з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб творчых саюзах і творчых работніках» ад 16.12.1999 і інш. заканадаўчыя акты. Членамі (удзельнікамі) Т.с. могуць быць фіз. асобы, якія займаюцца культ. творчай дзейнасцю або прадстаўляюць пэўную творчую прафесію. Умовы і парадак прыёму ў члены Т.с. вызначаюцца статутам Т.с. Ствараюцца і дзейнічаюць Т.с. на прынцыпах добраахвотнасці, незалежнасці, самакіравання і галоснасці, яны незалежныя ў сваёй дзейнасці ад паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў. Дзяржава рэгулюе грамадскія адносіны ў сферы культурнай творчай дзейнасці, садзейнічае стварэнню спрыяльных умоў для забеспячэння і папулярызацыі дзейнасці Т.с., пашырэнню іх міжнар. сувязей. Найб. вядомыя і масавыя бел. Т.с.: Саюз беларускіх пісьменнікаў, Саюз кампазітараў Беларусі, Саюз мастакоў Беларусі, Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі, Саюз журналістаў Беларусі і інш.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 469