ТВАРДО́ЎСКІ Аляксандр Трыфанавіч (21.6.1910, б. хутар Загор’е, Пачынкаўскі р-н Смаленскай вобл., Расія — 18.12.1971),
рускі паэт і грамадскі дзеяч. Скончыў Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры і гісторыі (1939). У час вызвалення Зах. Беларусі ў 1939, сав.-фінляндскай 1939—40 і Вял.Айч. войнаў ваен. карэспандэнт. У 1950—54, 1958—70 гал. рэдактар час. «Новый мир». Друкаваўся з 1924. У даваен. зб-ках «Сельская хроніка» (1939), «Загор’е» (1941) тэмы перабудовы вёскі. У паэме «Краіна Муравія» (1936; Дзярж. прэмія СССР 1941) з вял.маст. сілай адлюстраваў складанасць калектывізацыі і выкліканыя ёю змены ў лёсе і псіхалогіі сялянства. У паэме «Васіль Цёркін: Кніга пра байца» (1942—45; Дзярж. прэмія СССР 1946) створаны вобраз бывалага салдата, у якім увасоблены лепшыя духоўныя і маральныя рысы народа. Чаргаванне трагічных і побытавых малюнкаў, лірычных адступленняў і вясёлага досціпу, трапнасць і выразнасць мовы дазволілі шматгранна выявіць атмасферу нар. вайны, думкі і пачуцці людзей. Лірыка Т. ваен. гадоў перадавала перажыванні народа, захоўваючы канкрэтнасць падзей і абставін, сувязі з уяўленнямі радавога салдата, учарашняга працаўніка; спалучала душэўную пранікнёнасць і публіцыст. страснасць з эпічным размахам. У пасляваен. час паглыбляў і развіваў асн. праблематыку творчасці, працягваў асэнсаванне ваен. выпрабаванняў і нар. подзвігу (паэма «Дом ля дарогі», 1946; Дзярж. прэмія СССР 1947), у сац.-маральным і філас. плане раскрываў гіст. лёс народа, паказваў сучасніка ў складаных калізіях часу. У лірыка-публіцыст. паэме «За даллю — даль» (1953—60; Ленінская прэмія 1961) абагульнены найб. істотныя з’явы ў жыцці краіны, грамадскія настроі 1950-х г. У зб-ках «Вершы з запісной кніжкі» (1961) і «З лірыкі гэтых гадоў, 1959—1967» (1967; Дзярж. прэмія СССР 1971) унутр. свет чалавека, узбагачанага вял. вопытам падзей 20 ст. Аўтар сатыр. паэмы «Цёркін на тым свеце» (1963), ліра-эпічнага цыкла вершаў «Па праву памяці» (1968—69; выд. 1987), нарысаў, апавяданняў і аповесцей («Дзённік старшыні калгаса», 1932: «З Карэльскага перашыйка», нап. 1939—41; «У родных мясцінах», 1946; «Печнікі», 1958; «Нататкі з Ангары», 1959), літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць А.Пушкіна, М.Някрасава, І.Буніна, М.Ісакоўскага, А.Куляшова і інш. Творчасці Т. ўласцівы далучанасць да нар. жыцця, прастата і яснасць стылю, сувязь з фальклорам і класічнай традыцыяй. Высока цаніў бел. л-ру, удзельнічаў у рабоце многіх з’ездаў пісьменнікаў Беларусі. Беларусі прысвяціў вершы «Слова пра зямлю», «Запрашэнне гасцей», «Мінская шаша» і інш., нарысы ў кн. «Радзіма і чужына» (1947). Перакладаў на рус. мову бел.нар. песні, творы Я.Купалы, Я.Коласа, Куляшова, М.Засіма, М.Сурначова і інш., рэдагаваў «Анталогію беларускай паэзіі» (М., 1952), складальнік зб. «Паэты Заходняй вобласці» (Мн., 1935). На бел. мову творы Т. пераклалі Э.Агняцвет, П.Броўка, А.Бялевіч, М.Калачынскі, К.Крапіва, Куляшоў, М.Лужанін, Р.Няхай, А.Русак, Г.Пашкоў, М.Танк, і інш.; яму прысвечаны паэма Куляшова «Варшаўскі шлях» (1973), верш Ю.Голуба «Аляксандр Твардоўскі ў Гродне», артыкулы Броўкі, В.Быкава, А.Зарыцкага, Куляшова і інш. Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР (1950—54, 1959—71).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М. 1976—83;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1953;
За даллю — даль. Мн., 1962;
Вершы. 1931—1970. Мн 1989.
Літ.:
Македонов А.В. Творческий путь Твардовского. М., 1981;
Воспоминания о А.Твардовском. 2 изд. М., 1982;
Кондратович А.И. «Ровесник любому поколению»: Док. повесть. М., 1984.