ВЭ́КСАЛЬ
(ням. Wechsel літар. абмен),
пісьмовае даўгавое абавязацельства ўстаноўленай законам формы, якое выдаецца пазычальнікам (вэксалядаўцам) крэдытору (вэксалетрымальніку) і дае апошняму права патрабаваць ад пазычальніка выплаты да пэўнага часу сумы грошай, названай у вэксалі; від каштоўных папер. Выпускаюцца банкамі, дзярж. казначэйствамі ці ўпаўнаважанымі дзяржавай органамі і прадпрыемствамі (фірмамі). Выконваюць функцыі крэдытных грошай, могуць выкарыстоўвацца для крэдытавання ў гандл. (таварных) здзелках (камерцыйныя вэксалі) і для грашовых разлікаў паміж банкамі (фін. вэксалі). Бываюць простыя вэксалі (даўгавое абавязацельства пазычальніка выплаціць названую ў вэксалі суму грошай крэдытору ў пэўны час) і пераводныя (трата) — пісьмовае распараджэнне крэдытора (трасанта) свайму плацельшчыку (трасату) выплаціць названую ў вэксалі суму грошай 3-й асобе (рэмітанту). Трасат становіцца даўжніком пасля таго, як акцэптуе вэксаль — пагодзіцца на аплату і паставіць на вэксалі свой подпіс. Вэксаль можа абарачацца — пераходзіць да інш. трымальніка, у гэтым выпадку перадача афармляецца перадатачным надпісам на адваротным баку вэксаля ці на дадатковым лісце (алонжы). Вэксальнаму абарачэнню спрыяе гарантаванне вэксаля шляхам авалю. Адрозніваюць працэнтныя вэксалі (абавязацельства выплачваць намінал вэксаля з працэнтамі на яго) і дысконтныя (абавязацельства выплачваць толькі намінал вэксаля).
Г.І.Краўцова.
т. 4, с. 336
ВЭ́КСАЛЬНАЕ АБАРАЧЭ́ННЕ,
працэс руху вэксаля ад моманту эмісіі (выпуску) да пагашэння. Вэксальнае абарачэнне простага (непераводнага) вэксаля ўключае яго эмісію, захаванне, улік (пагашэнне). Вэксальнае абарачэнне пераводнага вэксаля ўключае таксама працэс яго перадачы (індасамент), што азначае перадачу правоў ад адной асобы да другой.
т. 4, с. 336