ВЭ́ЙДЭН
(Weyden) Рагір ван дэр (каля 1400, г. Турнэ, Бельгія — 18.6.1464),
нідэрландскі жывапісец. Прадстаўнік ранняга нідэрл. Адраджэння. Зазнаў уплыў Р.Кампена, у якога, верагодна, вучыўся. З 1435 працаваў у Бруселі. У 1450 наведаў Італію. Раннія творы не захаваліся. Для творчасці характэрна перапрацоўка маст. прыёмаў Я. ван Эйка. У рэліг. кампазіцыях, персанажы якіх адлюстраваны ў інтэр’ерах з відамі на прыроду або на ўмоўных фонах, гал. ўвагу засяроджвае на выявах першага плана, на ўнутр. стане чалавека, не імкнецца да дакладнай перадачы глыбіні прасторы і бытавых дэталей абстаноўкі. У творах Вэйдэна ўраўнаважанасць кампазіцыі, эмац. насычанасць і мяккасць колеру, некаторая падоўжанасць у прапорцыях выяў людзей. Сярод работ: «Распяцце», «Зняцце з крыжа», «Святы Лука малюе мадонну», «Партрэт жанчыны», «Франчэска д’Эстэ» і інш.
т. 4, с. 336
ВЭЙК
(Wijk) Нікалас ван (4.10.1880, г. Дэлдэн, Нідэрланды — 25.3.1941),
галандскі славіст і балтыст. Праф. Лейдэнскага ун-та (з 1913). Даследаваў стараслав. і жывыя слав., а таксама балтыйскія мовы; іх фаналагічныя і акцэнтныя сістэмы, слав. фальклор, рус. і польск. л-ры. Пачаўшы з індаеўрапеістычных і германістычных даследаванняў, перайшоў да вывучэння праслав. мовы і сфармуляваў палажэнні аб тэндэнцыях да гармоніі і ўзыходзячай гучнасці склада як асноўных фактарах развіцця праслав. гукавой сістэмы.
Тв.:
Рус. пер. — История старославянского языка. М., 1957.
А.Я.Супрун.
т. 4, с. 336
ВЭЙХЭ́,
рака на У Кітая. Даўж. каля 600 км, пл. бас. каля 50 тыс. км². Правая ўтваральная р. Хайхэ. Вытокі ў гарах Тайханшань. Працякае на Вял. Кітайскай раўніне. Суднаходная (нізоўі ў сістэме Вял. канала). Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Вэйхэ гарады Сіньсян, Цяньцзінь.
т. 4, с. 336