Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЭНГАПУ́РАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА нафтагазакандэнсатнае, на Пн Цюменскай вобл. Расіі. Уваходзіць у Заходне-Сібірскі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1968. Пачатковыя запасы 237 млрд. м³. Паклады на глыб. 1—2,9 км. Шчыльн. нафты 816 кг/м³, кандэнсату 772 кг/м³. Цэнтр здабычы пас. Тарка-Сале.

т. 4, с. 336

ВЭ́НДЖАННЕ,

спосаб апрацоўкі харч. прадуктаў (пераважна сала, мяса, рыбы, сыру) для павышэння стойкасці пры доўгім захоўванні і надання ім спецыфічных смакавых якасцей; адзін са спосабаў кансервавання. Заснаваны на бактэрыцыдным і бактэрыястатычным дзеянні дыму, цяпла, вяндлярных вадкасцей і парашкоў. Разнавіднасці вэнджання — абсмажванне і запяканне ў дыме.

Прамысл. вэнджанне робіцца ў спец. вяндлярных прыстасаваннях дымам ад няпоўнага згарання драўніны ліставых парод: халоднае пры т-ры 18—22 °C працягласцю прыблізна 3—7 сутак (мясных прадуктаў) і 20—40 °C працягласцю 0,5—3 сутак (рыбных); гарачае пры т-ры 35—50 °C на працягу 12—48 гадз і 80—160 °C на працягу 0,5—6 гадз. Пры мокрым вэнджанні вяндлярныя вадкасці наносяць на прадукты, дадаюць у фарш (пры вырабе каўбас) або ў сумесь для салення (пры вырабе вяндліны) Выкарыстоўваецца і эл. (паскораны) спосаб вэнджання, пры якім іанізаваныя токам часцінкі дыму накіравана рухаюцца ў эл. полі высокага напружання і асядаюць на паверхні прадуктаў. На Беларусі здаўна свіныя лапаткі, кумпякі, каркавіну, каўбасы вэндзілі ў дамашніх вяндлярнях, комінах, лазнях, ёўнях. На паліва ішлі трэскі, стружкі, пілавінне дубу, вольхі, клёну, ясеню, каштану, яблыні, грушы. Каб надаць вяндліне прыемны пах, палілі ядловец (з іголкамі і шышкаягадамі), ельнік з шышкамі.

К.В.Фамічэнка.

т. 4, с. 336

ВЭНС

(Vance) Сайрус Робертс (н. 27.3.1917, г. Кларксберг, ЗША),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША, дыпламат. Д-р права. Чл. Дэмакр. партыі. Скончыў Іельскі ун-т (1939). Удзельнік 2-й сусв. вайны. Нам. міністра абароны ЗША (1964—67). Пасол па асобых даручэннях прэзідэнта (1967—69), у час вайны ЗША у В’етнаме 1964—73 пасрэднік на перагаворах з в’етн. бокам аб міры. Саветнік па знешнепаліт. пытаннях прэзідэнта Дж.Э.Картэра (1976). Дзярж. сакратар ЗША (1977—80), выступаў за аслабленне напружанасці ў адносінах з СССР, кантроль над узбраеннямі, узмацненне эканам. дапамогі краінам, што развіваюцца, паляпшэнне становішча з правамі чалавека ў свеце. Чл. Камісіі Пальме (1980—89). У 1991 — 93 па даручэнні ААН пасрэднік па ўладжванні канфлікту ў Югаславіі. Аўтар мемуараў «Цяжкія рашэнні. Чатыры крытычныя гады амерыканскай знешняй палітыкі» (1983).

т. 4, с. 337