ВЭ́КСАЛЬ

(ням. Wechsel літар. абмен),

пісьмовае даўгавое абавязацельства ўстаноўленай законам формы, якое выдаецца пазычальнікам (вэксалядаўцам) крэдытору (вэксалетрымальніку) і дае апошняму права патрабаваць ад пазычальніка выплаты да пэўнага часу сумы грошай, названай у вэксалі; від каштоўных папер. Выпускаюцца банкамі, дзярж. казначэйствамі ці ўпаўнаважанымі дзяржавай органамі і прадпрыемствамі (фірмамі). Выконваюць функцыі крэдытных грошай, могуць выкарыстоўвацца для крэдытавання ў гандл. (таварных) здзелках (камерцыйныя вэксалі) і для грашовых разлікаў паміж банкамі (фін. вэксалі). Бываюць простыя вэксалі (даўгавое абавязацельства пазычальніка выплаціць названую ў вэксалі суму грошай крэдытору ў пэўны час) і пераводныя (трата) — пісьмовае распараджэнне крэдытора (трасанта) свайму плацельшчыку (трасату) выплаціць названую ў вэксалі суму грошай 3-й асобе (рэмітанту). Трасат становіцца даўжніком пасля таго, як акцэптуе вэксаль — пагодзіцца на аплату і паставіць на вэксалі свой подпіс. Вэксаль можа абарачацца — пераходзіць да інш. трымальніка, у гэтым выпадку перадача афармляецца перадатачным надпісам на адваротным баку вэксаля ці на дадатковым лісце (алонжы). Вэксальнаму абарачэнню спрыяе гарантаванне вэксаля шляхам авалю. Адрозніваюць працэнтныя вэксалі (абавязацельства выплачваць намінал вэксаля з працэнтамі на яго) і дысконтныя (абавязацельства выплачваць толькі намінал вэксаля).

Г.І.Краўцова.

т. 4, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)