МАЛЫШЭ́ВІЧ (Павел Паўлавіч) (1821, в. Багон Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — ?),
публіцыст і паэт. Вучыўся ў Слонімскім пав. вучылішчы (1833—37). У пач. 1850-х г. пераехаў у фальварак Падгор’е (Мінскі р-н). Працаваў у Мінскім губ. праўленні, з 1860 рэдактар «Минских губернских ведомостей» і адначасова нач. газетнага стала. З 1863 міравы пасрэднік па Навагрудскім пав. Звольнены з пасады і, паводле некаторых звестак, сасланы ў Арэнбург. Аўтар рамант. паэмы «Спеў зорцы» (на польск. мове), артыкулаў і карэспандэнцый аб грамадска-культ. жыцці Мінска. Адзін з першых выступіў у друку ў абарону бел. мовы; даў водзыў на «Гапона» і «Вечарніцы» В.Дуніна-Марцінкевіча («Dziennik Warszawski», «Варшаўскі дзённік», 1855), заклікаў інтэлігенцыю Міншчыны актыўна вывучаць родны край. Сябраваў і перапісваўся з У.Сыракомлем.
У.Л.Мархель.
т. 10, с. 41
МАЛЫШЭ́ЎСКІ (Іван Ігнатавіч) (25.7. 1828, в. Нягневічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.1.1897),
пісьменнік, гісторык царквы, славяназнавец. Д-р багаслоўя (1873). Скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, Мінскую духоўную семінарыю (1849) і Кіеўскую духоўную акадэмію (1853). У 1862—97 праф. Кіеўскай духоўнай акадэміі, дзе выкладаў гісторыю Расіі і рус. царквы. Даследаваў пытанні гісторыі царквы ў першыя стагоддзі хрысціянства, гісторыю візант. царквы, царквы зах. і паўд. славян. Быў прыхільнікам агульнаслав. культ. адзінства. Аўтар прац «Творы св. Кірылы Тураўскага з апісаннем яго жыцця» (1878), «Кірыла і Мяфодзій» (1885), «Заходняя Русь у барацьбе за веру і народнасць» (1895) і інш.
т. 10, с. 41
МАЛЫ́Я АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́.
У Карыбскім м., усх. і паўд. часткі архіпелага Антыльскія астравы ў Вест-Індыі. Уключаюць: Віргінскія а-вы, Наветраныя і Падветраныя а-вы, в-аў Барбадас. Агульная пл. каля 14 тыс. км2. Нас. каля 3,4 млн. чал. (1990). Для астравоў знешняга ланцуга (частка Віргінскіх а-воў, Антыгуа, Барбуда і інш.), якія абмывае Атлантычны ак., характэрны нізкія вапняковыя плато. Астравы ўнутр. ланцуга, якія акаймоўваюць з У Карыбскае м., складзены пераважна з вулканічных парод (вулканічныя конусы ўздымаюцца да выш. 1467 м; дзеючы вулкан Суфрыер на в-ве Гвадэлупа). Частка астравоў мацерыковага паходжання. Горныя трапічныя лясы, другасныя саванны; на паўд. астравах — ксерафітныя лясы і хмызнякі. Адкрыты Х.Калумбам у канцы 15 ст.
т. 10, с. 41
МАЛЫ́Я АЎЦЮКІ́,
вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля вадасх. Аўцюкі, на аўтадарозе Калінкавічы — Гомель. Цэнтр сельсавета. За 12 км на У ад г. Калінкавічы, 110 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Галявіцы. 978 ж., 458 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У вёсцы праводзіцца Усебел. фестываль нар. гумару (1 раз у 2 гады).
т. 10, с. 41
МАЛЫ́Я БАРСУКІ́,
пустыня, гл. Барсукі Вялікія і Малыя.
т. 10, с. 41
МАЛЫ́Я ГАРАДЗЯ́ЦІЧЫ,
вёска ў Любанскім р-не Мінскай вобл., каля р. Арэса. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 42 км на ПдУ ад г. Любань, 194 км ад Мінска, 67 км ад чыг. ст. Урэчча. 798 ж., 321 двор (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 10, с. 41
МАЛЫ́Я ГІМАЛА́І,
сістэма хрыбтоў і масіваў у сярэдняй частцы Гімалаяў, у Індыі і Непале. Цягнуцца прыблізна на 2000 км паралельна Вял. Гімалаям, на Пд ад іх. Шыр. ад 10—20 км на У да 100 км на 3. Пераважаюць выш. 3000—3500 м (найб. да 6000 м). Горныя хрыбты і масівы расчлянёны шырокімі падоўжнымі далінамі і катлавінамі. Папярочныя даліны вузкія і глыбокія. У грабянёвай зоне — кары, трогі, невял. ледавікі. Снегавая лінія на выш. 4,5 тыс. м на У і 5 тыс. м на 3. Складзены з парод палеазойскага і мезазойскага ўзросту (пераважна са сланцаў, кварцытаў, вапнякоў). Густая рачная сетка (пераважна прытокі р. Ганг). Рэкі асабліва паўнаводныя летам. На 3 — лістападныя мусонныя лясы, цвердалістыя вечназялёныя і хваёвыя, на У — вечназялёныя вільготныя, хваёвыя, якія з вышынёй змяняюцца вечназялёнымі дубовымі, хваёва-шыракалістымі і хваёвымі лясамі. Вышэй — хмызняковыя зараснікі, субальпійскія і альпійскія лугі. Да выш. 2,5 тыс. м — плантацыі цытрусавых, чаю.
т. 10, с. 41
МАЛЫ́Я ЗВО́ДЫ,
вёска ў Лышчыцкім с/с Брэсцкага р-на. За 35 км ад Брэста, 4 км ад чыг. станцыі Лышчыцы. 548 ж., 210 двароў (1999). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры: сядзіба (1875). За 2,5 км на ПдУ — курганны могільнік (11—13 ст.).
т. 10, с. 41
МАЛЫ́Я ЗО́НДСКІЯ АСТРАВЫ́,
паўднёвая частка Малайскага архіпелага, пераважна ў складзе Інданезіі. Уключаюць астравы: Балі, Ветар, Камода, Ламбок, Ламблен, Сумба, Сумбава, Тымор, Флорэс і інш. Агульная пл. 128 тыс. км2. Даўж. каля 1300 км. Абмываюцца Індыйскім ак. і морамі Балі, Флорэс, Банда, Саву, Тыморскім. Рэльеф у асноўным горны, шмат вулканаў (выш. да 3726 м, вулкан Рынджані). Клімат субэкватарыяльны мусонны. Лістападныя трапічныя лясы і саванны. Вырошчваюць рыс, вострапрыпраўныя расліны, какосавыя пальмы. Рыбалоўства.
т. 10, с. 41
МАЛЫ́Я НАРО́ДНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ двухгадовыя пач. навуч. ўстановы ў Рас. імперыі ў 1786—1803. Засн. паводле Статута 1786 пераважна ў пав. гарадах (доследныя ствараліся ў Пецярбургу з 1782). Прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў, акрамя прыгонных сялян. Выкладаліся пісьмо, чытанне кнігі «Аб пасадах чалавека і грамадзяніна», катэхізіс, арыфметыка, граматыка, чыстапісанне, маляванне. Утрымліваліся на мясц. сродкі. Навучанне бясплатнае. У канцы 18 ст. існавала каля 300 М.н.в. (17 тыс. навучэнцаў). На Беларусі ў пач. 19 ст. такія вучылішчы існавалі ў Полацку, Оршы, Мсціславе, Чэрыкаве, Чавусах і Копысі. У 1803 яны рэарганізаваны ў прыходскія і пав. вучылішчы.
т. 10, с. 41