Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРЭС (франц. presse ад лац. presso цісну),

машына для апрацоўкі матэрыялаў ціскам.

Складаецца з рухомай (напр., паўзуна) і нерухомай (асновы) рабочых частак, прыводу, механізму кіравання і фармовачнага прыстасавання (напр., прэс-формы). Адрозніваюць гідраўлічныя прэсы, мех. (напр. крывашыпныя) і гідрамеханічныя. Іх рухомая частка перамяшчаецца вертыкальна і гарызантальна. Па прызначэнні П. падзяляюць на трубапрофільныя, кавальскія, штамповачныя, гібачныя, правільныя, чаканачныя. абразныя і інш. На П. брыкетуюць кавалкавыя і парашкападобныя матэрыялы, прасуюць швейныя вырабы, сушаць шпон і фанеру, вырабляюць стэрэатыпы, праводзяць зборачныя аперацыі і мех. выпрабаванні металаў; найчасцей выкарыстоўваюцца ў кавальска-штамповачнай вытв-сці.

В.​І.​Шагун.

Прынцыповыя схемы прэсаў: а — гідраўлічны вертыкальны; б — механічны (крывашыпны); 1 — рабочы цыліндр; 2 — плунжэр; 3 — паўзун; 4 — інструмент; 5 — станіна; 6 — крывашыпны вал; 7 — шатун.

т. 13, с. 94

ПРЭС (Ірына Натанаўна) (н. 10.3.1939, г. Харкаў, Украіна),

расійская спартсменка (лёгкая атлетыка). Сястра Т.​Н.​Прэс. Засл. майстар спорту (1960). Канд. пед. навук (1972). Скончыла Ленінградскі ін-т інжынераў чыг.-дарожнага транспарту (1962). Чэмпіёнка і рэкардсменка XVII і XVIII Алімп. гульняў (1960, Рым; 1964, Токіо). 13-разовая чэмпіёнка СССР (1959—67). Шматразовая рэкардсменка свету і Еўропы (1959—65) у бар’ерным бегу і лёгкаатлетычным пяцібор’і.

т. 13, с. 94

ПРЭС (Міхаіл Ісакавіч) (22.9.1871, Вільня — 22.12.1938),

скрыпач-віртуоз. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1900). Канцэртаваў як саліст і ансамбліст. У 1906—14 жыў у Берліне, дзе разам з братам, віяланчэлістам Іосіфам і жонкай, піяністкай В.​Маурынай, стварыў рускае трыо з выкананнем твораў рус. кампазітараў. З 1915 праф. Маскоўскай кансерваторыі. З 1918 жыў у Германіі і Швецыі, ЗША. Выступаў як дырыжор, выкладаў у Муз. ін-це Кёртыс (Філадэльфія). Аўтар шматлікіх транскрыпцый для скрыпкі і фп.

т. 13, с. 94

ПРЭС (Тамара Натанаўна) (н. 10.5.1937, г. Харкаў, Украіна),

расійская спартсменка (лёгкая атлетыка). Сястра І.Н.Прэс. Засл. майстар спорту (1960). Канд. пед. навук (1974). Скончыла Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1962) і Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1967). Чэмпіёнка і рэкардсменка XVII і XVIII Алімп. гульняў (1960, Рым — у штурханні ядра; 1964, Токіо — у штурханні ядра і кіданні дыска; у Рыме — сярэбраны прызёр у кіданні дыска). 3-разовая чэмпіёнка Еўропы (1958, 1962). 16-разовая чэмпіёнка СССР (1958—66). 11-разовая рэкардсменка свету ў штурханні ядра (1959—68) і кіданні дыска (1960—67).

т. 13, с. 94

ПРЭ́СА,

перыядычныя выданні, пераважна газеты і часопісы. Гл. Перыядычны друк.

т. 13, с. 95

ПРЭСБІТЭ́РЫЙ, прэсбітэрыум (позналац. presbyterium месца для выбраных ад грэч. presbyteros старэйшына),

зах.-еўрап. храмавым буд-ве прастора перад гал. алтаром, прызначаная для богаслужэння і размяшчэння духавенства. Назва паходзіць ад асаблівасцей першай хрысц. літургіі, якую вёў старэйшына (прэсвітэр). Форма П. залежыць ад планіровачнай кампазіцыі будынка. Звычайна П. злучаны з гал. нефам і можа быць вылучаны арачным парталам ці балюстрадай. Вядомы ў сярэдневяковых раманскіх і гатычных храмах. У бел. архітэктуры паявіліся ў канцы 14 ст. У 17—18 ст. некат. П. аздаблялі скульптурай, дэкарыравалі арнаментам і сюжэтна-тэматычнай размалёўкай (касцёлы езуітаў у Нясвіжы, св. Андрэя ў Слоніме і інш.).

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Прэсбітэрый. Планы.

т. 13, с. 95

ПРЭСБІЯПІ́Я [ад грэч. presbys стары + ōps (ōpos) вока],

старэчая дальназоркасць, парушэнне выразнага бачання блізка размешчаных аб’ектаў. Узнікае пасля 40 гадоў у выніку аслаблення праламляльнай здольнасці вока. Прычына П. — зніжэнне эластычных уласцівасцей хрусталіка пры ўшчыльненні яго цэнтр. ч. — ядра. Пры гэтым парушаецца акамадацыя вока, кропка яснага бачання факусіруецца па-за сятчаткай і прадметы здаюцца расплыўчатымі. Для карэкцыі П. выкарыстоўваюць акуляры са збіральнымі (выпуклымі) лінзамі, якія ўзмацняюць праламляльную здольнасць вока і забяспечваюць выразнае адлюстраванне блізка размешчаных аб’ектаў на сятчатцы.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 95

ПРЭСВІ́ТЭР (ад грэч. presbyteros старэйшына),

кіраўнік у раннехрысц. абшчыне, свяшчэннаслужыцель пасля ўзнікнення хрысц. царквы. У праваслаўі тэрмін «П.» звычайна ўжываецца як урачыстая назва святара. У пратэстантызме П. — адм. кіраўнік абшчыны, які выбіраецца, як і пастар, са складу прыхаджан. У прыхільнікаў кальвінізму на Беларусі П. наз. таксама сіньёр.

т. 13, с. 95

ПРЭСВІТЭРЫЕ́НСТВА (ад прэсвітэр),

плынь у кальвінізме, што ўзнікла ў перыяд Рэфармацыі ў Шатландыі і Англіі. Асн. прынцыпы веравучэння П. выкладзены ў «Вестмінстэрскім веравызнанні» (1648) у духу артадаксальнага кальвінізму, з яго верай ва ўсеагульную грахоўнасць людзей і абсалютнае прадвызначэнне. Культ спрошчаны; богаслужэнне складаецца з пропаведзяў, агульнай малітвы, спеваў псалмоў. Некалькі абшчын аб’ядноўваюцца ў асацыяцыю, якую ўзначальвае прэсвітэрыя ў складзе прэсвітэраў і пастараў ад кожнай абшчыны. Асацыяцыі ўваходзяць у правінцыяльныя і нац. сіноды. Найвышэйшы орган — ген. асамблея. П. існуе ў Вялікабрытаніі (у Шатландыі — дзярж. царква), Ірландыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. Многія прэсвітэрыянскія цэрквы ўваходзяць у Сусв. альянс рэфармацкіх цэркваў.

т. 13, с. 95

ПРЭСВІТЭРЫЯ́НЕ (ад прэсвітэр),

1) прыхільнікі прэсвітэрыянства.

2) Паліт. партыя ў Англіі ў перыяд Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Узнікла на базе абшчын прыхільнікаў прэсвітэрыянства (памяркоўных пурытан), якія існавалі з 1570-х г., прадстаўляла інтарэсы гандл.прамысл. буржуазіі і часткі «новага» (схільнага да капіталіст. гаспадарання) дваранства. У 1640—48 П. мелі большасць у парламенце і дамагліся ў 1644 абвяшчэння прэсвітэрыянства дзярж. царквой. У час 2-й грамадз. вайны (1648) схіляліся да пагаднення з каралём, за што выгнаны з парламента праціўнікамі манархіі — індэпендэнтамі (гл. Кангрэгацыяналісты). Актывізаваліся пасля смерці О.Кромвеля (1658).

У 1660 спрыялі рэстаўрацыі манархіі Сцюартаў, пасля чаго зышлі з паліт. арэны.

т. 13, с. 95