ПРЭСБІЯПІ́Я [ад грэч. presbys стары + ōps (ōpos) вока],

старэчая дальназоркасць, парушэнне выразнага бачання блізка размешчаных аб’ектаў. Узнікае пасля 40 гадоў у выніку аслаблення праламляльнай здольнасці вока. Прычына П. — зніжэнне эластычных уласцівасцей хрусталіка пры ўшчыльненні яго цэнтр. ч. — ядра. Пры гэтым парушаецца акамадацыя вока, кропка яснага бачання факусіруецца па-за сятчаткай і прадметы здаюцца расплыўчатымі. Для карэкцыі П. выкарыстоўваюць акуляры са збіральнымі (выпуклымі) лінзамі, якія ўзмацняюць праламляльную здольнасць вока і забяспечваюць выразнае адлюстраванне блізка размешчаных аб’ектаў на сятчатцы.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)