ПРЭСВІТЭРЫЕ́НСТВА (ад прэсвітэр),

плынь у кальвінізме, што ўзнікла ў перыяд Рэфармацыі ў Шатландыі і Англіі. Асн. прынцыпы веравучэння П. выкладзены ў «Вестмінстэрскім веравызнанні» (1648) у духу артадаксальнага кальвінізму, з яго верай ва ўсеагульную грахоўнасць людзей і абсалютнае прадвызначэнне. Культ спрошчаны; богаслужэнне складаецца з пропаведзяў, агульнай малітвы, спеваў псалмоў. Некалькі абшчын аб’ядноўваюцца ў асацыяцыю, якую ўзначальвае прэсвітэрыя ў складзе прэсвітэраў і пастараў ад кожнай абшчыны. Асацыяцыі ўваходзяць у правінцыяльныя і нац. сіноды. Найвышэйшы орган — ген. асамблея. П. існуе ў Вялікабрытаніі (у Шатландыі — дзярж. царква), Ірландыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. Многія прэсвітэрыянскія цэрквы ўваходзяць у Сусв. альянс рэфармацкіх цэркваў.

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)