Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЛО́Е ПРАДПРЫЕ́МСТВА,

самастойны суб’ект гаспадарання з правамі юрыд. асобы. Формы ўласнасці — любыя. Адметныя адзнакі М.п. — крайне невял. доля ў агульным па краіне аб’ёме дзейнасці, якая з’яўляецца профільнай для прадпрыемства, і абмежаванні колькасці працуючых (адрозніваюцца ў розных сферах эканомікі). Да М.п. адносяцца вытв. і кансалтынгавыя фірмы (гл. Кансалтынг), многія прадпрыемствы рознічнага гандлю і сферы абслугоўвання. М.п. ўзмацняе дзелавую актыўнасць грамадзян і пашырае спектр іх магчымасцей, садзейнічае структурнай перабудове эканомікі, дэманапалізацыі вытв-сці і развіццю канкурэнцыі, вырашэнню праблемы занятасці насельніцтва, аператыўнаму рэагаванню вытв-сці канкрэтных тавараў і паслуг на змены спажывецкага попыту і інш.

т. 10, с. 36

МАЛО́Е СВІНО́,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 37 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 1,06 км², даўж. каля 2,9 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 6,7 м, даўж. берагавой лініі каля 7,3 км. Пл. вадазбору 12,9 км². Схілы катлавіны выш. да 20 м (на Пд да 10 м), пясчаныя, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПдУ і 3 нізкія, пясчаныя. Дно да глыб. 2,5—4 м пясчанае, ніжэй ілістае і сапрапелістае. Злучана пратокай з воз. Вялікае Свіно.

т. 10, с. 36

МАЛО́Е СІ́ТНА,

вёска ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на р. Палата, каля воз. Ізмак. Цэнтр сельсавета. За 50 км на ПнУ ад г. Полацк, 95 км ад Віцебска, 6 км ад чыг. ст. Алешча. 387 ж., 176 двароў (1999). Лесаўчастак, сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі земляное ўзвышша ад Сітнаўскага замка.

т. 10, с. 36

МАЛО́Е ЧАРНО́ВА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнаўка, за 16 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,25 км², даўж. каля 1,2 км, найб. шыр. 350 м, даўж. берагавой лініі каля 2,9 км. Пл. вадазбору 18,1 км². Схілы катлавіны выш. да 10 м, пераважна пад хмызняком, на Пд і ПнЗ разараныя. Праз возера цячэ р. Чарнаўка.

т. 10, с. 36

МАЛО́Е Я́ЗНА,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Авуга, за 40 км на ПдУ ад г. Міёры. Пл. 0,2 км², даўж. 820 м, найб. шыр. 320 м, даўж. берагавой лініі 2 км. Пл. вадазбору 14,2 км². Злучана пратокай з воз. Вялікае Язна.

т. 10, с. 36

МАЛО́Й МЕХАНІЗА́ЦЫІ СРО́ДКІ,

ручныя машыны, абсталяванне і прыстасаванні, якія разам з асн. тэхнал. абсталяваннем забяспечваюць комплексную механізацыю вытв. працэсаў. Выкарыстоўваюцца ў буд-ве, машынабудаванні, лясной, дрэваапрацоўчай і інш. галінах прам-сці, а таксама ў сферы быту і абслугоўвання насельніцтва.

Да М.м.с. адносяць транспартныя і грузападымальныя сродкі (пад’ёмныя краны, пад’ёмнікі, цялежкі, самаходныя шасі і інш.), грузазахопныя прыстасаванні, сродкі кантэйнерызацыі і пакетавання (кантэйнеры, паддоны, касеты, падхопы і інш.), захоўвання і падачы матэрыялаў (бункеры, бочкі, скрыні і да т.п.), арг-цыі рабочых месцаў (рыштаванні, памосты, люлькі, драбіны і інш.), спец. сродкі для мантажных, апалубачных. буд. работ і інш. Да М.м.с. адносяць таксама ручныя машыны і ручны інструмент.

Літ.:

Сухачев В.П., Каграманов Р.А. Средства малой механизации и вспомогательное оборудование для производства строительно-монтажных работ. М., 1981.

І.Л.Леановіч.

т. 10, с. 36

МАЛО́НАВАЯ КІСЛАТА́,

CH2(COOH)2, двухасноўная кіслата насычанага раду. У свабодным выглядзе прысутнічае ў раслінах: лісці бабовых, зялёных ч. злакаў і парасонавых, пладах лімону. Удзельнічае ў абмене рэчываў у раслін і жывёл у форме соляў — маланатаў, у біясінтэзе тлустых кіслот. М.к. можа дэкарбаксіліравацца з утварэннем ацэтылкаферменту А, які ўдзельнічае ў цыкле трыкарбонавых к-т. Солі М.к. — інгібітары клетачнага дыхання.

т. 10, с. 36

МАЛО́ТКАВІЧЫ,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл.; чыг. станцыя на лініі Пінск — Брэст. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на З ад г. Пінск, 163 км ад Брэста. 2419 ж., 698 двароў (1999). Лясніцтва, зверагаспадарка, сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 10, с. 36

МАЛО́ТНЕВА,

другая назва Малочнага возера.

т. 10, с. 36

МАЛО́Х (грэч. Moloch ад фінікійскага уладар),

у рэлігіі стараж. фінікіян і карфагенян бог сонца, якому штогод прыносілі чалавечыя ахвяры — забівалі ці спальвалі дзяцей знатных грамадзян, часам ваеннапалонных. У перан. сэнсе — страшная ненажэрная сіла, якая патрабуе чалавечых ахвяр.

т. 10, с. 36