Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАЛІ́ТВА,

1) рэліг. містычны зварот да Бога, святых, звышнатуральных сіл з просьбай аб літасці або адхіленні зла, з ухваленнем, падзякай; частка рэліг. культу, абавязковы атрыбут абрадаў, набажэнстваў, царк. свят і штодзённага жыцця вернікаў. Бываюць вусныя (чытаюцца ў голас) і мысленныя (лічацца як узыходжанне розуму да Бога). Вусныя малітвы бываюць агульныя (царкоўны малебен) і асабістыя. У час М. вял. значэнне надаецца рытуальным дзеянням (стаянне на каленях, узняцце рук і г.д.).

2) Вызначаны, кананізаваны тэкст такога звароту.

т. 10, с. 35

МАЛІШЭ́ЎСКІ (Альгерд Адамавіч) (8.9. 1922, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 22.11.1989),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Скончыў Харкаўскі маст. ін-т (1952). У 1953—81 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу: карціне, партрэце, пейзажы, нацюрморце. Творы, прысвечаныя Вял. Айч. вайне і сучаснасці, прыгажосці бел. зямлі, вылучаюцца колеравай насычанасцю, экспрэсіўнасцю вобразаў, пошукамі выразных жывапісна-пластычных сродкаў. Аўтар карцін «Мы вернемся» (1965), «Маці» (1968), «Салдаты — сыны Радзімы», «Клятва» (абедзве 1970), «Маці. Пратэст вайне» (1970—80), «Хатынь» (1971), «Урачы» (1976), «Вясна ў Чыжоўцы» (1978); партрэтаў В.​Прыступчыка (1960), С.​Секача (1970), «Хірург. Пасля аперацыі» (1971), «Анколагі» (1972), А.​Кашкурэвіча, Г.​Лісоўскай (абодва 1973), М.​Мельячэнкі (1975), Г.​Дарашкевіч (1984); пейзажаў «Міншчына» (1959), «Вясна» (1962), «Лес партызанскі», «Нарач. Цішыня» (абодва 1976); нацюрмортаў «Бэз» (1969), «Рускія падносы» (1972), «Ка́лы» (1974) і інш.

Б.​А.​Крэпак.

А.Малішэўскі. Мы вернемся. 1965.

т. 10, с. 35

МАЛІШЭ́ЎСКІ (Сяргей Альгердавіч) (н. 25.10.1965, Масква),

бел. жывапісец. Сын А.А.Малішэўскага. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). Працуе ў станковым жывапісе. Творы вызначаюцца экспрэсіўнасцю, стылізаванасцю і імкненнем да алегарычнасці: «Прагулка» (1983), «Танец» (1985), «Паднашэнне дароў» (1987), «Жыхары горада», «Тайны саюз» (абодва 1990), «Любоўнае прадстаўленне» (1991), «Часовае дзеянне» (1992), «Мастак і мадэль» (1994), «Сон», «Прынц і прынцэса» (абодва 1995), «Старая сукенка», «Туалетны пакой №4» (абодва 1996), «Халодная раніца» (1997), «Сям’я», «Пустэльніца» (абодва 1998), «Старыя чаравікі» (1999), серыя «Ню» (1997—99).

Л.​Ф.​Салавей.

С.Малішэўскі. Жыхары горада. 1990.

т. 10, с. 35

МА́ЛІЯ,

рэшткі горада эпохі бронзы на паўн.-ўсх. узбярэжжы в-ва Крыт (Грэцыя), каля аднайм. паселішча; адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Даследаваны: палац, пабудаваны мінойцамі каля 1900 да н.э., жылыя кварталы горада, некропаль. Сярод знаходак бронзавы меч з дзяржаннем са слановай косці, абкладзеным золатам і завершаны галоўкай з крышталю; кінжал з залатым дзяржаннем; каменная сякера з разным верхнім рабром з выяваю гатовага да скачка леапарда на прывязі. Пасля землетрасення 1750 да н.э. горад быў перабудаваны і існаваў прыблізна да 1450 да н.э.

А.​В.​Лоў.

Бірулькі ў выглядзе 2 пчол. Пахаванне каля Маліі. 2000 да н.э.

т. 10, с. 35

МА́ЛКІН (Барыс Яўсеевіч) (26.1.1908, г. Прылукі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1972),

бел. мастак тэатра, графік. Скончыў Кіеўскую вышэйшую школу мастацтва (1929). У 1929—36 працаваў у Дзярж. выд-ве Беларусі. Аформіў спектаклі: у Бел. т-ры імя Я.​Купалы — «Партызаны» (1938) і «Мілы чалавек» (1945) К.​Крапівы, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.​Купалы, «Позняе каханне» А.​Астроўскага (усе 1944), «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева (1947), «Пані міністэрша» Б.​Нушыча (1956), «Востраў Афрадыты» А.​Парніса (1960); у Бел. т-ры імя Я.​Коласа — «Ірынка» К.​Чорнага (1941); у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі — «Аб сябрах-таварышах» У.​Маса і М.​Чарвінскага (1948), «Гаспадыня гасцініцы» К.​Гальдоні і «Шалёныя грошы» Астроўскага (абодва 1951), «Ад казкі да казкі» (1970). Аўтар ілюстрацый да паэмы Я.​Купалы «Над ракою Арэсай» (1936), зб. «Выбраныя творы» Цёткі (1967), серый «Па слядах вайны» (1942—44), «Цырк» (1960-я г.), «Рыга» (1962), і інш.

Б.Малкін. Ілюстрацыя да зб. «Выбраныя творы» Цёткі. 1967.

т. 10, с. 35

МАЛКО́Ў (Ігар Георгіевіч) (н. 21.7.1937, г. Сярэдзіна-Буда Сумскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне архітэктуры. Д-р архітэктуры (1997), праф. (1994). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1959). З 1959 у праектна-буд. ін-тах Гомеля, Віцебска. З 1992 у Бел. ун-це транспарту (заг. кафедры). Навук. працы па праблемах архітэктуры, праектавання і буд-ва грамадз. і вытв. с.-г. будынкаў, архітэктуры і планіроўкі населеных пунктаў у сельскай мясцовасці.

Тв.:

Пути оптимизации сельскохозяйственных комплексов. Мн., 1981;

Особенности технологической и архитектурно-планировочной организации сельскохозяйственных комплексов. Мн., 1984.

т. 10, с. 35

МАЛО́Е БА́ХАВА,

вёска ў Дубровенскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 7 км на Пд ад г. Дуброўна, 99 км ад Віцебска, 16 км ад чыг. ст. Асінаўка. 18 ж., 12 двароў (1999). Клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 10, с. 36

МАЛО́Е БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА.

У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна (выцякае з возера), за 52 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 0,9 км², даўж. каля 2,1 км, найб. шыр. 870 м, найб. глыб. 11 м, даўж. берагавой лініі каля 6,4 км. Пл. вадазбору 1 км². Схілы катлавіны выш. 11—12 м (на У да 20 м), пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, на ПдУ тарфяністыя. На Пд да возера прымыкае масіў вярховага балота. Мелкаводдзе вузкае, дно да глыб. 2,5—4 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Вада вызначаецца Нізкай мінералізацыяй (60—80 мг/л), чысцінёй і высокай празрыстасцю. У возеры расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 10, с. 36

МАЛО́Е ВО́ЗЕРА У Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Гайна, за 13 км на Пн ад г. Смалявічы. Пл. 0,4 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 550 м, даўж. берагавой лініі каля 2,5 км. Пл. вадазбору 6,8 км². Схілы катлавіны выш. да 2 м. Берагі забалочаныя. Пойма шыр. 100—200 м, забалочаная, пад лесам. Злучана канавай з р. Усяжа.

т. 10, с. 36

МАЛО́Е МАЖЭ́ЙКАВА,

вёска ў Гасцілаўскім с/с Лідскага р-на Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Лебяда. Цэнтр аграфірмы «Мажэйкава». За 28 км на ПдЗ ад Ліды, 85 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 794 ж., 301 двор (1999).

Упершыню згадваецца ў 1511 як маёнтак у Жалудоцкай вол. Трокскага ваяв.. падараваны вял. кн. ВКЛ Жыгімонтам I Старым віленскаму падканюшаму Шымку Мацкавічу. Належаў Палубенскім, Нарушэвічам-Брахоцкім і інш. З 1795 у Рас. імперыі, у 2-й пал. 19 ст. сяло Лідскага пав. Віленскай губ. У 1897 нар. вучылішча, царква, капліца. З 1921 у складзе Польшчы, у Лідскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Мажэйкаўскага с/с Жалудоцкага раёна, з 1954 вёска ў Гасцілаўскім с/с. З 1962 у Лідскім р-не, з 1987 цэнтр Гасцілаўскага с/с. У 1972—502 ж., 161 двор.

Спіртзавод, лікёра-гарэлачны цэх, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.).

Г.​І.​Дулеба.

т. 10, с. 36