МАКІ́ (ад франц. maquis зараснікі вечназялёнага калючага цяжкапраходнага кустоўя),
адна з назваў франц. партызан, якія ў час 2-й сусв. вайны ў 1940—44 дзейнічалі супраць ням.-фаш. акупантаў; састаўная частка Руху Супраціўлення Францыі. Базіраваліся пераважна ў лясах і горных раёнах. У некаторых атрадах М. змагаліся сав. ваеннапалонныя, што ўцяклі з ням. канцлагераў.
МАКІЁНАК (Данат Адамавіч) (15.5.1891, в. Тамбоўка Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 18.6.1941),
адзін з першых расійскіх лётчыкаў-асаў. Кавалер Георгіеўскіх крыжоў 3 ступеней. Скончыў Севастопальскую шкалу авіяцыі (1914). У арміі з 1911, пасля авіяшколы накіраваны ў авіяатрад 3-га корпуса ў Ліду. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце. Вёў паветр. разведку, з 1916 — у першым у Рас. арміі знішчальным авіяатрадзе І.А.Арлова. За баявыя заслугі ўзнагароджаны многімі ордэнамі, атрымаў чын афіцэра (1915). З 1918 у Войску Пальскім, у складзе якога ўдзельнічаў у баях (1918—20). У 1919—25 камандзір авіяэскадрыллі. Пасля вайны служыў у Варшаве, Вільні. У 1925—29 камендант парку самалётаў авіяц. школы ў Быдгашчы. З 1929 у адстаўцы ў званні маёра. Загінуў у канцлагеры Асвенцім.
Літ.:
Соболев Д. Воздушные асы — кто они? // Крылья Родины. 1994. № 8;
Pawlak J. Polskie eskadry w latach 1918—1939. Warszawa, 1989.
МАКІЁНАК (Іван Андрэевіч) (15.7.1914, в. Гарадзілавічы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 28.3.1944),
Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1936. З 1941 на Чарнаморскім флоце, удзельнік абароны Севастопаля, вызвалення Марыупаля, Новарасійска, Бярдзянска. Нам. камандзіра аддзялення аўтаматчыкаў асобнага батальёна марской пяхоты старшына 2-й стацці М. вызначыўся ў час дэсантнай аперацыі ў г. Мікалаеў (Украіна): у ноч на 26.3.1944 атрад дэсантнікаў (68 чал.), у складзе якога быў М., па р.Паўд. Буг зайшоў у тыл ворага, высадзіўся ў порце, 2 сутак вёў з праціўнікам няроўны бой (адбіта 18 контратак). Загінуў у гэтым баі.
МА́КІНТАШ ((Mackintosh) Чарлз Рэні) (7.6.1868, г. Глазга, Шатландыя — 10.12.1928),
шатландскі архітэктар; прадстаўнік стылю мадэрн. Вучыўся ў Школе мастацтва ў Глазга (1885—92). Працаваў у Глазга і Лондане. Для работ характэрны пластычная выразнасць геаметрызаваных аб’ёмаў, фактурныя эфекты (будынак Школы мастацтва ў Глазга, 1898—1909), функцыян. мэтазгоднасць кампазіцыі і дэкору. Афармляў інтэр’еры, канструяваў мэблю. Творчасць М. істотна паўплывала на развіццё нац.-рамант. плыней і фарміраванне функцыяналізму ў архітэктуры Вялікабрытаніі, Германіі і Аўстрыі.
МАКІЯВЕ́ЛІ ((Machiavelli) Нікало ды Бернарда) (3.5.1469, г. Фларэнцыя, Італія — 22.6.1527),
італьянскі мысліцель, дзярж. і паліт. дзеяч, гісторык, пісьменнік, ваенны тэарэтык. У 1498—1512 сакратар Савета дзесяці Фларэнтыйскіх рэспублік, выконваў дыпламат. даручэнні. Асн. працы «Гасудар» (1513), «Разважанні на першую дэкаду Ціта Лівія» (1531), «Гісторыя Фларэнцыі» (1532). Аснова яго светапогляду — палажэнне аб спрадвечнай недасканаласці чалавечай прыроды, што абумоўлівае неабходнасць дзярж. улады. Дзяржава, паводле М., з’яўляецца не актам Бога ці суб’ектыўнай волі людзей, а вынікам аб’ектыўнага гіст. працэсу; з вопыту гісторыі трэба выкарыстоўваць ўсё тое, што спрыяе зберажэнню і ўмацаванню дзяржавы. Дзярж. ўлада павінна быць цвёрдай і рашучай; аўтарытэт дзяржавы непадзельны і канцэнтруецца ў руках улады. Т.ч., М. падышоў да разумення дзярж. суверэнітэту. У той жа час дзяржава павінна клапаціцца і аб грамадзянах, весці барацьбу са злачыннасцю, забяспечваць парадак у краіне, умацоўваць яе пазіцыі ў міжнар. адносінах. Паліт. ідэалам М. была стараж. Рымская рэспубліка. У яго творах праводзіцца паралель паміж моцнай рэсп. дзяржавай у Рыме і паліт. раздробленасцю Італіі. Дзеля ўмацавання дзяржавы М. лічыў дапушчальнымі любыя сродкі (гл.Макіявелізм).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. соч. М., 1982;
История Флоренции. М., 1987;
Государь. Рассуждения о первой декаде Тита Ливия. О военном искусстве. М., 1997.
Літ.:
Жизнь Николо Макиавелли: Сб.: Пер. с англ. СПб., 1993;
Бурлацкий Ф.М. Загадка и урок Макиавелли: Драматург., ист. и социол. новеллы. М., 1977.
філасофія прыхільнікаў тэарэт. спадчыны Н.Макіявелі. Тэрмін вядомы з 16 ст. (Т.Кампанела і інш.), азначаў палітыку, якая пагарджае законамі маралі. Ахоплівае асобныя палажэнні вучэння Макіявелі, іх інтэрпрэтацыі, увасабленні і распрацоўкі ў творах вучоных з улікам запатрабаванняў дзярж. палітыкі, а таксама ідэйныя абгрунтаванні пэўнай сістэмы прыёмаў і метадаў рэалізацыі гэтай палітыкі. Ідэйны змест М. раскрываецца ў яго асн. палажэннях: аб недасканаласці чалавечай прыроды, што мае вырашальны ўплыў на паліт. жыццё грамадства; вяршэнстве дзяржавы і яе інтарэсаў адносна грамадзян і іх правоў; аб гал. ролі фактару сілы ў палітыцы і звядзенні яе да барацьбы за ўладу; аб падзеле палітыкі і маралі, што выражаецца ў формуле «дасягненне мэты апраўдвае любыя сродкі».
Літ.:
Степанов И.А. Макиавеллизм и политическая мысль США. Мн., 1982.
1) грыміраванне твару з дапамогай дэкаратыўнай касметыкі. Гл. таксама Грым. 2) Прыхарошванне, замазванне фактаў і да т.п.; скажэнне праўды (напр., палітычны М.).
МАКЛЕ́АД ((Macleod) Джон Джэймс Рыкард) (6.9.1876, Клюні, Вялікабрытанія — 16.3.1935),
англійскі фізіёлаг. Вучыўся ва ун-тах г. Абердзін і г. Лейпцыг (Германія). У 1903—18 y ЗША; з 1918 праф. ун-та г. Таронта (Канада). Вывучаў функцыі дыхальнага цэнтра мозга, эксперым. гліказурыю, утварэнне малочнай к-ты, колькасць цукру ў крыві. Адкрыў інсулін (разам з Ф.Г.Бантынгам і Ч.Г.Бестам), распрацаваў метад яго выкарыстання для лячэння цукр. дыябету. Нобелеўская прэмія 1923 (разам з Бантынгам).