Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КО́РЧЫК (Павел) (сапр. Лагіновіч Іосіф Каятанавіч; 26.2.1891, в. Заўшыцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 15.4.1940),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі і Польшчы. Скончыў Слуцкае гар. вучылішча (1907). У 1910 увайшоў у склад Капыльскай групы прыхільнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1912—17 у арміі, у 1-ю сусв. вайну на фронце. Быў чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у Слуцкім паўстанні 1920. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА). У выніку аб’яднання БРА з КПЗБ (30.12.1923) кааптаваны ў склад ЦК КПЗБ. З восені 1924 працаваў у Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦК КП(б)Б у Мінску. Арганізатар Сопацкай нарады 1925. Выступаў супраць фракцыйнай групоўкі ў КПЗБ (гл. Сэцэсія). З восені 1925 да лют. 1936 паліт. сакратар ЦК КПЗБ; са снеж. 1925 да 1929 чл. Палітбюро ЦК КПП і прадстаўнік ЦК КПЗБ у ЦК КПП. За рэв. дзейнасць неаднойчы быў арыштаваны. У сак.жн. 1933 кіраваў работай Бюро ЦК КПЗБ у Мінску. Са снеж. 1933 зноў на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Аўтар многіх паліт. дакументаў КПЗБ і КПП. У 1936 арыштаваны органамі НКУС БССР «як агент польскай палітычнай паліцыі» і засуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У 1939 Ваен. трыбуналам прыгавораны да расстрэлу. Памёр у турме. Рэабілітаваны ў 1955.

Літ.:

Ладысеў У. І.К.Лагіновіч: Нарыс жыцця і паліт. дзейнасці // Бел. гіст. часоп. 1996. № 3—4.

У.Ф.Ладысеў, У.М.Міхнюк.

П.Корчык.

т. 8, с. 424

КО́РЧЫЦ (Уладзіслаў Вікенцьевіч) (1.9.1893, в. Багдановічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.10.1966),

ваенны дзеяч, ген.-палк. (1946). Скончыў курсы старшага камсаставу «Выстрал» (1923, 1930), Вышэйшыя акад. курсы пры ваен. акадэміі Генштаба (1953). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1926 камандзір палка, нач. штаба дывізіі, корпуса, на выкладчыцкай рабоце ў ваен. навуч. установах. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах. фронце: камандзір дывізіі, нач. штаба арміі. З 1944 у Войску Польскім, у 1945—54 нач. Генштаба Войска Польскага, адначасова з 1950 віцэ-міністр Нац. абароны Польшчы. З 1954 у СССР.

У.В.Корчыц.

т. 8, с. 424

КО́РЧЫЦ (Яўген Вітольдавіч) (н. 29.3.1880, Ташкент — 16.5.1950),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Чл.-кар. АН Беларусі (1947), д-р мед. н. (1927), праф. (1929). Засл. дз. нав. Беларусі (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1910). З 1926 у Мінскім мед. ін-це (з 1929 заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні эндэмічнага валляка, злучэнні доўгіх трубчастых касцей, хірург. лячэнні спленамегалій і туберкулёзу лёгкіх. Упершыню на Беларусі зрабіў аперацыю на сэрцы (1927). Заснаваў Бел. анкалагічны дыспансер і валляковую станцыю (1934).

Тв.:

Антысептыка і асептыка. Мн., 1931;

Хирургическое лечение легочного туберкулеза // Сб. работ: (К 25-летию Бел. гос. мед. ин-та). Мн., 1939;

Эндемический зоб // Сб. науч. работ Ин-та теорет. и клинич. медицины АН БССР. Мн., 1947.

Я.В.Корчыц.

т. 8, с. 424

КО́РШАК (Аляксей Ігнатавіч) (22.2.1920, в. Вуглы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 27.2.1945),

бел. паэт. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1938—41). Удзельнік Вял. Айч. вайны, загінуў на фронце ва Усх. Прусіі. Літ. дзейнасць пачаў у 1937. Быў нам. рэдактара інстытуцкага рукапіснага літ. час. «Наша творчасць», друкаваў рэцэнзіі і артыкулы ў газ. «Літаратура і мастацтва» і «Чырвоная змена». Улюбёнасць у жыццё, працу і прыроду, пачуццё кахання, студэнцкія будні, прадчуванне вял. выпрабаванняў, франтавыя замалёўкі — асн. тэматыка вершаў пасмяротнага зб. К. «Апаленыя пялёсткі» (1963). Захаваліся неапубл. вершы, урывак з паэмы.

Тв.:

У кн : Мы іх не забудзем. Мн., 1949;

Крывёю сэрца. Мн., 1967.

Літ.:

Александровіч С. Слова пра сябра // Александровіч С. Кнігі і людзі. Мн., 1976.

С.Х.Александровіч.

А.І.Коршак.

т. 8, с. 424

КО́РШУК (Уладзімір Канстанцінавіч) (н. 25.8.1935, г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1980), праф. (1982). Скончыў Маскоўскі ун-т (1958). Працаваў настаўнікам, з 1960 выкладае ў ВНУ, з 1982 заг. кафедры БДУ. У 1984—94 гал. рэдактар серыі «Весніка БДУ». Даследуе сац.-эканам. і паліт. гісторыю Беларусі, праблемы грамадскіх рухаў і паліт. партый, гісторыю Вял. Айч. вайны. Адзін з аўтараў навук. дапаможнікаў «Палітычная гісторыя XX ст.» (1990), «З гісторыі палітычных партый» (1993), «Праграмныя дакументы палітычных партый» (1994).

Тв.:

В труде воспитывается человек будущего. Мн., 1963;

На галоўным напрамку. Мн., 1971;

Рост трудовой активности рабочего класса. Мн., 1976.

т. 8, с. 425

КО́РШУН (Леанард Іванавіч) (4.7.1932, г. Полацк Віцебскай вобл. — 7.4.1995),

бел. вучоны ў галіне буд. механікі. Канд. тэхн. н. (1963), праф. (1988). Скончыў БПІ (1956), дзе і працаваў (з 1977 прарэктар). З 1980 рэктар Брэсцкага політэхн. ін-та. Навук. працы па матэм. мадэлях, метадах і алгарытмах аптымізацыі стрыжнёвых канструкцый ва ўмовах рэальнага праектавання і вывучэнні заканамернасцей іх напружана-дэфармаванага стану пры сілавых уздзеяннях.

Тв.:

Строительная механика Мн., 1986 (разам з Я.П.Доўнарам).

т. 8, с. 425

КО́РШУНАЎ (Аляксандр Фаміч) (4.3.1924, в. Палішына Горацкага р-на Магілёўскай вобл. — 12.7.1991),

бел. літ.-знавец, гісторык стараж. бел. л-ры, тэкстолаг. Канд. філал. н. (1956). Скончыў БДУ (1950). У 1954—91 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы АН Беларусі. Даследаваў стараж. бел. л-ру, царк.-палемічную і мемуарную л-ру 16—17 ст., асаблівасці выданняў Ф.Скарыны, іх уплыў на выдавецкую дзейнасць С.Буднага, В.Цяпінскага, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца, Р.Хадкевіча. Складальнік навук. зборнікаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў да выданняў «Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры» (1959), «Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці» (1975), «Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.» (1983), кніг Ф.Скарыны «Прадмовы і пасляслоўі» (1969), «Творы» (1990). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1, 1968), 2-томнага даследавання «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977; на рус. мове; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980).

Тв.:

Афанасий Филиппович: Жизнь и творчество. Мн., 1965.

Літ.:

Батвіннік М.Б. Даследчык беларускай старажытнай літаратуры // Весці АН Беларусі. Сер. грамад. навук. 1992. № 3—4;

Кароткі У. «З зычливости ку моей отчизне...» // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. Мн., 1994.

М.Б.Батвіннік.

т. 8, с. 425

КО́РШУНАЎ (Фёдар Паўлавіч) (н. 15.5.1934, в. Траўна Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. фізікі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1984), д-р тэхн. н. (1975), праф. (1981). Скончыў Рыжскае вышэйшае інж.-авіяц. вучылішча ВПС (1957). З 1962 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі (у 1985—94 нам. дырэктара). Навук. працы па фізіцы паўправаднікоў, радыяцыйнай фізіцы цвёрдага цела, мікраэлектроніцы. Распрацаваў радыяцыйную тэхналогію стварэння шэрагу тыпаў паўправадніковых прыбораў і інтэгральных схем з павышанай радыяцыйнай трываласцю для касм. і ваен. тэхнікі. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.

Тв.:

Радиационные эффекты в полупроводниковых приборах. Мн., 1978 (разам з Г.В.Гатальскім, Г.М.Івановым);

Воздействие радиации на интегральные микросхемы. Мн., 1986 (разам з Ю.У.Багатыровым. У.А.Вавілавым).

Ф.П.Коршунаў.

т. 8, с. 425

КО́РШЫКАЎ (Уладзімір Фёдаравіч) (1858—1920),

бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскі ін-т грамадзянскіх інжынераў (1886). У 1895—1902 віцебскі губ. архітэктар, у 1902—17 губ. інжынер Віцебска, адначасова ў 1895—1917 Полацкі епархіяльны архітэктар. Паводле праектаў К. і пад яго кіраўніцтвам пабудаваны Крыжаўзвіжанская царква (1897) у Полацку, жаночая Марыінская гімназія (1902) у Віцебску. Вёў рэканструкцыю будынкаў духоўнай кансісторыі (1900), буд-ва пазямельна-сялянскага банка (1912—15, аўтар інж. К.Тарасаў) у Віцебску. Праектаваў і ажыццяўляў буд-ва цэркваў, царк.-прыходскіх школ, жылых дамоў у вёсках Віцебшчыны.

т. 8, с. 425

КОРШ-СА́БЛІН (сапр. Саблін) Уладзімір Уладзіміравіч

(29.3.1900, Масква — 6.7.1974),

бел. кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў бел. маст. кінематаграфіі. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1935). Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1969). З 1923 працаваў у т-рах Расіі, здымаўся ў кіно, быў асістэнтам рэж. Ю.Тарыча. З 1926 у бел. кінематографе. У 1945—60 і 1969—74 маст. кіраўнік кінастудыі «Беларусьфільм», у 1957—74 першы сакратар Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Як рэжысёр дэбютаваў фільмам «У агні народжаная» (1929). Пастаноўшчык першага гукавога фільма ў бел. ігравым кіно «Першы ўзвод» («Заходні фронт», 1933), прысвечанага падзеям 1-й сусв. вайны. Фільм «Залатыя агні» (1935) пра будаўнікоў першай на Беларусі электрастанцыі вызначаўся падзелам герояў на свядомых і несвядомых, увядзеннем у сюжэт характэрнай для тагачаснай драматургіі лініі шкодніцтва. У кінааповесці «Дачка Радзімы» (1937), лірычных камедыях «Шукальнікі шчасця» (1936) і «Маё каханне» (1940) ідэалізацыя сав. рэчаіснасці. У гады Вял. Айч. вайны паставіў «Беларускія навелы» (з Тарычам, 1942), кінаканцэрт «Жыві, родная Беларусь!» (з М.Садковічам, 1944). Да сучаснасці звяртаўся ў фільмах «Новы дом» (1947), «Пяюць жаваранкі» (з К.Саннікавым, 1953) і «Хто смяецца апошнім» (1955) па п’есах К.Крапівы, «Пасеялі дзяўчаты лён» (1956), але глыбокага асэнсавання закранутых праблем не дасягнуў. Асн. кірунак кінатворчасці К.-С. — паказ героікі барацьбы за ідэалы рэвалюцыі: «Вогненныя гады» (1939), «Канстанцін Заслонаў» (з А.Файнцымерам, 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Чырвонае лісце» (1958), «Масква—Генуя» (з А.Спешневым, П.Армандам, 1964; Дзярж. прэмія Беларусі 1968), «Запомнім гэты дзень» (1967), «Крушэнне імперыі» (1970). Паставіў дылогію «Першыя выпрабаванні» (1960—61) паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях», многія калізіі, сюжэтныя лініі якой увасоблены з уласцівай рэжысёру кінематаграфічнай выразнасцю. Для творчасці К.-С. характэрны яснасць грамадзянскай пазіцыі, рэв. пафас, выразнасць вобразаў гал. герояў.

Літ.:

Бондарева Е.Л. В кадре и за кадром. Мн., 1973;

Яе ж. Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980.

Е.Л.Бондарава.

У.У.Корш-Саблін.

т. 8, с. 425