ГЕ́НРЫХ МАРАПЛА́ВЕЦ
(Dom Henrique o Navegador; 4.3.1394, г. Порту, Партугалія — 13.11.1460),
партугальскі прынц, арганізатар марскіх экспедыцый (адсюль мянушка, дадзеная ў 19 ст.). Сын караля Жуана І. У 1415 вызначыўся пры заваяванні партугальцамі г. Сеута (Марока), стаў яго правіцелем. З 1419 губернатар г. Сагрыш (Паўд. Партугалія), дзе заснаваў абсерваторыю і мараходную школу; адначасова магістр Ордэна Хрыста (1418—60). З 1418 на сродкі ордэна паслаў з Сагрыша даследчыя экспедыцыі, якія адкрылі Азорскія а-вы (1432—35), рэкі Сенегал і Гамбія, а-вы Біжагош (1437—57), Зялёнага Мыса (1456) і інш. Генрых Мараплавец садзейнічаў таксама развіццю партуг. караблебудавання (асабліва каравел) і картаграфіі, ператварэнню Партугаліі ў буйную марскую дзяржаву, што паклала пачатак каланізацыі партугальцамі Афрыкі.
Літ.:
Бизли Ч.Р. Генрих Мореплаватель: Пер. с англ. М., 1979.
М.К.Багадзяж.
т. 5, с. 160
ГЕ́НРЫХ НАВА́РСКІ
(Henri de Navarre),
гл. Генрых IV у арт. Генрых (франц.).
т. 5, с. 160
ГЕ́НСЕЛЬ
(Hensel) Вітальд (н. 29.3.1917, г. Познань, Польшча),
польскі гісторык-славіст і археолаг. Акад. Польскай АН (1973). Скончыў Пазнанскі ун-т (1934). З 1951 праф. Пазнанскага, з 1954 — Варшаўскага ун-таў. Сузаснавальнік і ў 1954—89 дырэктар Ін-та гісторыі матэрыяльнай культуры Польскай АН. Ініцыятар стварэння і першы старшыня (1965—67) Міжнар. саюза слав. археалогіі. Даследуе помнікі жал. веку і эпохі феадалізму на тэр. Польшчы і інш. краін, выкарыстоўвае бел. археал. і гіст. крыніцы.
Тв.:
Archeologia o początkach miast słowiańskich. Wrocław etc. 1963;
La naissance de la Pologne. Wrocław etc., 1966;
Archeologia i prahistoria: Studia i szkice. Wrocław etc., 1971;
Polska starożytna. 3 wyd. Wrocław etc., 1988.
т. 5, с. 160
ГЕНТ,
Ган (флам. Gent, франц. Gand), горад на ПнЗ Бельгіі, у сутоках рэк Ліс і Шэльда. Адм. ц. правінцыі Усх. Фландрыя. Вядомы з 7 ст. 228,5 тыс. ж. (1993). Буйны трансп. вузел. Марскі і рачны порт, каналамі звязаны з Паўночным м. Старадаўні (з 11 ст.) цэнтр тэкст. прам-сці (пераважна баваўнянай і льняной) і вытв-сці карункаў. Прам-сць: машынабудаванне (тэкст., эл.-тэхн., суднабудаванне), хім., нафтахім., папяровая (у асн. вытв-сць газетнай паперы), мэблевая, харчовая. Кветкаводства (на экспарт), выстаўкі кветак. Цэнтр флам. культуры. Ун-т. Музеі: выяўл. мастацтваў, археал., фальклору і інш. Арх. помнікі 11—18 ст., у т. л. гатычны сабор св. Бавона (12—16 ст.), гар. вежа (12—14 ст.).
т. 5, с. 160
ГЕНТ—АСТЭ́НДЭ КАНА́Л,
канал у Бельгіі. Даўж. больш за 150 км. Глыб. да 3,1 м. Злучае р. Шэльда (каля г. Гент) з Паўночным м. каля порта Астэндэ. Пабудаваны ў 17—18 ст.
т. 5, с. 160
ГЕНУ́ Абрахам Антоній, архітэктар 18 ст. Інспектар па буд-ве ў князёў Агінскіх. У Беларусі пабудаваў палац у в. Ганута (цяпер Ручыца, Вілейскі р-н; 1760—70-я г.), стварыў Лявонпальскую сядзібу.
т. 5, с. 160
ГЕНУЭ́ЗСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1922,
міжнародная канферэнцыя па эканам. і фін. пытаннях. Асн. яе мэта — пошукі шляхоў эканам. аднаўлення Цэнтр. і Усх. Еўропы пасля 1-й сусв. вайны. Адбылася 10.4—19.5.1922 у г. Генуя (Італія). Удзельнічалі 29 дзяржаў (у т. л. РСФСР) і 5 дамініёнаў Вялікабрытаніі. Дэлегацыя Сав. Расіі (узначальваў Г.В.Чычэрын) прадстаўляла на Генуэзскай канферэнцыі інтарэсы і інш. сав. рэспублік, у т. л. БССР. Прадстаўнікі вядучых краін Еўропы запатрабавалі ад Сав. Расіі прызнаць усе даўгі і фінансавыя абавязацельствы царскага і Часовага ўрадаў, вярнуць нацыяналізаваныя прадпрыемствы замежным уладальнікам, адмяніць манаполію знешняга гандлю. Дэлегацыя РСФСР адхіліла гэтыя прэтэнзіі і патрабавала кампенсаваць ёй страты ад іншаземнай інтэрвенцыі і эканам. блакады. Сав. дэлегацыя не дамаглася анулявання даўгоў, атрымання крэдытаў, прызнання Сав. дзяржавы дэ-юрэ. Але яна заключыла 16.4.1922 у Рапала (каля Генуі) дагавор паміж РСФСР і Германіяй, які аднаўляў паліт., дыпламат. і эканам. сувязі паміж імі. У лютым 1922 умовы Рапальскага дагавора распаўсюджаны і на БССР, Германія была другой пасля Польшчы і апошняй замежнай краінай, якая прызнала БССР дэ-юрэ.
Імкнучыся выкарыстаць Генуэзскую канферэнцыю, каб дамагчыся міжнар. прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада міністраў БНР адправіла ў Геную дэлегацыю ў складзе старшыні Рады міністраў В.Ластоўскага і міністра замежных спраў А.Цвікевіча. Перад ёй былі пастаўлены задачы: узняць пытанне аб пераглядзе Рыжскага мірнага дагавора 1921; дамагчыся ўключэння ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыі пытанняў аб незалежнасці Беларусі, аб кампенсацыі страт, нанесеных Беларусі 1-й сусв. вайной. Бел. пытанне разглядалася на паліт. камісіі канферэнцыі, але на пленарнае пасяджэнне вынесена не было.
У.Е.Снапкоўскі.
т. 5, с. 160
ГЕНУЭ́ЗСКАЯ ШКО́ЛА,
мастацкая школа ў Італіі 16—17 ст. У архітэктуры сфарміравалася да сярэдзіны 16 ст.; яе росквіт звязаны з творчасцю Г.Алесі, яго вучняў і паслядоўнікаў (Р.Лурага і інш.). Яе характэрныя рысы выявіліся ў структуры гар. палацца, які спалучаў урачыстую пышнасць з інтымнасцю вясковай сядзібы. У жывапісе склалася да 1630-х г. пад уплывам італьян. майстроў 2-й пал. 16 ст. і фламандцаў, што працавалі ў Генуі (П.П.Рубенс, А.ван Дэйк). Яе вядучы мастак — венецыянец Б.Строцы, у творах якога мясц. традыцыі спалучаліся з маляўнічасцю і эмацыянальнасцю флам. мастацтва. Майстры Генуэзскай школы выконвалі парадныя арыстакратычныя партрэты, рэліг. кампазіцыі і дэкар. размалёўкі; набылі вядомасць і творы т.зв. пастаральнага жанру, дзе значнае месца займалі пейзаж, хатняе начынне і жывёла (Дж.Б.Кастыльёне, А.М.Васала). Усхвалявана-рамант. кампазіцыі стварыў В.Кастэла, «жывапіс мазка і плямы» якога набылі пашырэнне ў Генуі і інш. маст. цэнтрах Паўн. Італіі.
Літ.:
Виппер Б.Р. Проблема реализма в итальянской живописи XVII—XVIII вв. М., 1966.
т. 5, с. 161
ГЕНУЭ́ЗСКІЯ КАЛО́НІІ Ў ПАЎНО́ЧНЫМ ПРЫЧАРНАМО́Р’І,
умацаваныя гандлёвыя і ваенна-адм. пункты на паўн. узбярэжжы Чорнага м. ў 13—15 ст. Засн. купцамі Генуі. Цэнтр — г. Кафа (сучасная Феадосія). У 1266 генуэзцы дамагліся ад стаўленіка Залатой Арды ў Крыме перадачы ім у валоданне Кафы, у 1357 выцесніўшы венецыянцаў, захапілі Чэмбалу (Балаклаву), у 1365 — Салдаю (Судак). Узніклі іх калоніі Баспора (на месцы сучаснага г. Керч), Тана (у вусці Дона), агенцтвы меліся ў г. Матрэга, Копа (каля Краснадара) і інш. Тут жылі грэкі, італьянцы, армяне, татары, рускія і інш. З сярэдзіны 14 ст. і да 1475 генуэзцы фактычна кантралявалі гандаль у Азова-Чарнаморскім бас. У 14—15 ст. у Маскве існавала карпарацыя купцоў («суражане»), якія спецыялізаваліся на гандлі з генуэзскімі калоніямі. У 1380 генуэзская пяхота ўдзельнічала на баку Мамая ў Кулікоўскай бітве 1380. Пасля падзення Візантыі (1453) міжнар. становішча калоній пагоршылася, у 1475 яны захоплены і разбураны Турцыяй і яе васалам Крымскім ханствам. Захаваліся рэшткі крапасных сцен, вежаў і палацаў генуэзцаў у Феадосіі, Балаклаве, Судаку.
т. 5, с. 161
ГЕНУЭ́ЗСКІ ЗАЛІ́Ў
(Golfo di Genova),
заліў Міжземнага м., каля паўн.-зах. берагоў Італіі. Даўж. 30 км, шыр. каля ўваходу да 96 км. Глыб. 1000—1500 м. Салёнасць 36,5 ‰. Берагі стромкія і скалістыя. Прылівы паўсутачныя (да 0,3 м). Гал. парты — Генуя і Савона.
т. 5, с. 161