Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАПУ́ХІ сапраўдныя

(Bufonidae),

сямейства бясхвостых земнаводных. Вядомы з верхняй юры і ніжняга мелу (каля 140 млн. г. назад). 21 род, 304 віды. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. Найб. вял. род — уласна Р. (Bufo) — каля 200 відаў. Пераважна наземныя жывёлы. Актыўныя ў змроку. 6 відаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 3 віды Р.: зялёная (B. viridis); шэрая, або звычайная (B. bufo); чаротная (B. calamita), занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 25 см. Тулава звычайна шырокае, грузнае, канечнасці кароткія. Зубы ў большасці часткова або цалкам рэдукаваныя. Р. роду Bufo маюць гарыз. зрэнку, пальцы задніх канечнасцей часткова звязаны плавальнай перапонкай. За вачамі — буйныя ядавітыя залозы (паратыды), а па ўсёй спіне — дробныя. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Большасць размнажаецца ў вадаёмах, некат. на сушы; ёсць яйцажывародныя і жывародныя віды.

А.​М.​Петрыкаў.

Рапухі: 1 — чаротная; 2 — зялёная; 3 — шэрая.

т. 13, с. 309

РА́ПУШКІ,

рыбы сям. сіговых атр. ласосепадобных. 2 віды: Р. еўрапейская, або балтыйская, або сялява (Coregonus albula), і Р. сібірская, або зельдзь (C. sardinella). Прэснаводныя і паўпрахадныя рыбы, утвараюць мноства форм. Р. еўрап. пашырана ад Ірландыі да бас. Балт. і Баранцава м., трапляецца ў азёрах вярхоўя Волгі. Буйная Р. з Анежскага і Ладажскага азёр наз. рыпус. Р. сібірская пашырана ў рэках бас. Паўн. Ледавітага ак. ад Белага м. да Аляскі, трапляецца таксама ў вярхоўі Волгі. На Беларусі Р. еўрап. трапляецца ў азёрах бас. рэк Зах. Дзвіна і Нёман, у т. л. воз. Дрывяты, Нарач і інш.

Даўж. да 46 см, маса Р. еўрап. да 1,2 кг (на Беларусі даўж. да 25 см, маса да 200 г), сібірскай каля 0,5 кг. Цела верацёнападобнае. Кормяцца планктонам, ракападобнымі, дробнай рыбай. Аб’екты промыслу і акліматызацыі.

А.​М.​Петрыкаў.

Рапушкі: 1 — сібірская; 2 — еўрапейская.

т. 13, с. 310

РАП’Я́Х (Станіслаў Апанасавіч) (н. 14.5.1938, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна),

украінскі паэт і перакладчык. Засл. работнік культ. Чувашыі (1983). Скончыў Вінніцкі пед. ін-т (1962). Друкуецца з 1960. Аўтар зб-каў вершаў «Тваім імем» (1965), «Колеры» (1967), «Лісце» (1969), «Многавугольнік» (1972), «Творцы дабра» (1977), «Паэзія» (1983), «Сыноўняе» (1985); дакумент. аповесцей, нарысаў. На ўкр. мову перакладае вершы М.​Багдановіча, У.​Верамейчыка, Н.​Гілевіча, А.​Грачанікава, В.​Зуёнка, Я.​Коласа, М.​Кусянкова, П.​Макаля, А.​Пысіна, М.​Танка, С.​Шушкевіча, Я.​Янішчыц, В.​Яраца, апавяданні Л.​Гаўрылкіна, М.​Даніленкі, Я.​Каршукова і інш. Яго творы на бел. мову перакладалі Гілевіч, І.​Кірэйчык, А.​Пісьмянкоў, Пысін, Ярац.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Гілевіч Н. Роднасць. Мн., 1983;

У кн.: Далягляды. Мн., 1978.

В.​Я.​Буран.

т. 13, с. 310

РАРЫТЭ́Т (ням. Rarität ад лац. raritas рэдкасць),

выключная рэдкасць; дзіўная рэдкая рэч, якая ўяўляе сабой музейную каштоўнасць.

т. 13, с. 310

РА́СА (франц. race род, парода) у біялогіі, група арганізмаў, якая адасобілася ўнутры віду або падвіду ў экалагічных, марфал. або геагр. адносінах. Асобіны, што складаюць Р., маюць падобныя морфафізіял. і экалагічныя асаблівасці, аб’яднаны раёнам размяшчэння, які складае ч. арэала віду ці падвіду. Часта розныя Р. трапляюцца ў адным і тым жа месцы, але адрозніваюцца па ўмовах існавання (экалагічная Р.). Напр., у раслін паяўляюцца Р. альпійскага тыпу, ксераморфнага, ценявога; у жывёл — сезонныя Р. ракападобных і інш. У паразітаў Р. адрозніваюцца функцыян. прыстасаванасцю (спецыялізацыяй) да пэўных гаспадароў — раслін ці жывёл. У іхтыялогіі тэрмін «Р.» абазначае мясц. папуляцыі (чароды) рыб. Часам геагр. Р. атаясамліваюць з падвідам. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да парод свойскіх жывёл.

т. 13, с. 310

РАСА́,

атмасферныя ападкі ў выглядзе кропель вады, якія асаджаюцца пры дадатнай тэмпературы на паверхні зямлі, раслін, наземных прадметаў вечарам, ноччу ці раніцай. Утвараецца ў выніку ахаладжэння паветра і кандэнсацыі вадзяной пары на асобных паверхнях, т-ра якіх апускаецца ніжэй пункту расы ў выніку страты цяпла выпраменьваннем. Утварэнню Р. спрыяе яснае надвор’е і слабы вецер. Колькасць ападкаў пры Р. невялікая (каля 0,1—0,3 мм за ноч). На Беларусі за год бывае 80—120 сут з Р. (у крас.ліст.).

т. 13, с. 310

РАСА́ДА,

маладыя расліны, якія вырошчваюць у ахоўным грунце для перасадкі на пастаяннае месца. Выкарыстоўваюць у агародніцтве, кветкаводстве, пладаводстве, лесаводстве і інш.

Дае магчымасць скараціць перыяд вегетацыі раслін у адкрытым грунце, атрымліваць раннія і высокія ўраджаі агародніны (на 2—3 месяцы раней, чым пры сяўбе насеннем), культываваць познаспелыя агароднінныя расліны ў раёнах з кароткім летам, эканоміць пасяўны матэрыял (у 3—5 разоў). Дадатковае м. асвятленне Р. паскарае плоданашэнне і павышае ўрадлівасць. На Беларусі расадным метадам вырошчваюць памідоры, капусту, баклажаны, перац струкавы і інш.

т. 13, с. 310

РАСАДАПАСА́ДАЧНАЯ МАШЫ́НА,

машына для пасадкі ў адкрыты грунт расады гароднінных, тэхн. (тытунь), эфіраалейных культур, чаранкоў пладова-ягадных культур і вусоў суніцы. Бываюць навясныя і прычапныя, 2-, 4- і 6-радковыя.

Маюць пасадачныя секцыі (апараты), сашнікі, каткі, паліўную сістэму, механізм прывода, стэлажы для расады і інш. У працэсе работы Р.м. ўтварае ў глебе баразну, падае ў яе расаду і ваду, закрывае каранёвую частку глебай і ўшчыльняе яе вакол расліны. Пашыраны 6-радковыя Р.м. з шырынёй захопу да 4,2 м. Для пасадкі сеянцаў і саджанцаў дрэвавых і хмызняковых парод выкарыстоўваюць лесапасадачныя машыны.

В.​М.​Кандрацьеў.

Расадапасадачная машына: 1 — стэлаж для расады; 2 — бак з вадой; 3 — эжэктар; 4 — палівачнае прыстасаванне; 5 — высаджвальны апарат; 6 — тэнт; 7 — каток; 8 — сашнік.

т. 13, с. 310

РАСАЛА́Й,

возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль, за 25 км на ПнЗ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,69 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 580 м, даўж. берагавой лініі 3,66 км. Пл. вадазбору 4,13 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы невыразныя. Берагі забалочаныя. Дно сапрапелістае. Выцякае р. Глыбачка.

т. 13, с. 310

РАСАМА́ХА (Gulo.gulo),

млекакормячае сям. куніцавых атр. драпежных звяроў. Адзіны від роду. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў тайзе, лесатундры, трапляецца ў тундры. На Беларусі Р. вадзілася да пач. 19 ст.

Даўж. цела да 105 см, хваста да 23 см, маса да 32 кг. Поўсць грубая, доўгая, рыжа- ці карычнева-бурая. Ад асновы хваста па баках цела шырокая рыжаватая ці жоўтая паласа. На лбе, шыі, грудзях белаватыя плямы. Ногі кароткія, масіўныя, хвост кудлаты. Мае каля хваста парныя спецыфічныя скурныя залозы, сакрэт якіх выпырсквае на адлегласць да 3 м. Драпежнік. Нараджае 2—3 (зрэдку да 5) дзіцянят двойчы за год. Аб’ект палявання.

Расамаха.

т. 13, с. 310