Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Рапейка Максім Восіпавіч

т. 18, кн. 1, с. 443

РАПЕ́Т (Іван Паўлавіч) (сапр. Пятроў Іван Мікалаевіч; 1845—25.12.1908),

рускі архітэктар; заснавальнік аднаго з кірункаў псеўдарускага стылю. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1893). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1861—71) у А.​М.​Гарнастаева. У пабудовах і праектах (у т. л. эскізах убрання інтэр’ераў і прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва) шырока выкарыстоўваў дэкар. матывы рус. архітэктуры 17 ст. і нар. мастацтва: «Церамок» у сядзібе Абрамцава (Маскоўская вобл.; 1873), рус. павільёны на выстаўках у Парыжы (1878) і Чыкага (1893), будынак рус. пасольства ў Токіо (1890-я г., з В.​Харламавым) і інш.

І.Рапет. «Церамок» у сядзібе Абрамцава пад Масквой. 1873.

т. 13, с. 308

РАПІНЧУ́К (Андрэй Сцяпанавіч) (н. 2.10.1960, Мінск),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыў БДУ (1980). У 1991—95 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі. З 1996 у ЗША. Навук. працы па тэорыі алг. груп, алг. тэорыі лікаў. Даследаваў і апісаў нармальныя структуры падгруп рацыянальных пунктаў алг. груп над лікавымі палямі, прынцып Гасе для аднародных прастор, групы канечнай шырыні і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1988.

Тв.:

Алгебраические группы и теория чисел. М., 1991 (разам з У.​В.​Платонавым).

т. 13, с. 309

РАПІ́РА (ням. Rapir ад франц. rapiére),

колючая, радзей колюча-сякучая зброя. Вядома з 2-й пал. 17 ст. Уяўляла сабой прамы плоскі або гранёны стальны клінок з завостраным (у дуэльных Р.), затупленым або забяспечаным засцерагальным патаўшчэннем (у фехтавальных Р.) канцом і эфес. У канцы 19 ст. на аснове фехтавальнай Р. ўзнікла спартыўная колючая зброя, якая складаецца з лёгкага стальнога эластычнага клінка, эфеса (засцерагальнай чашападобнай гарды і рукаяткі). У звычайных (трэніровачных) Р. наканечнік на клінку нерухомы, у электрыфікаваных (выкарыстоўваюцца ў афіц. спаборніцтвах па фехтаванні з 1954) — з рухомым электракантактным устройствам.

Іспанская рапіра 17 ст.

т. 13, с. 309

РАПП,

гл. Расійская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў.

т. 13, с. 309

РАПРЫ́НЦАВА (Валерыя Міхайлаўна) (н. 11.1.1932, г. Варонеж, Расія),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і біяхіміі. Д-р мед. н. (1989). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1955). З 1965 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па механізмах рэгуляцыі і выдзялення катэхаламінаў у гангліях, уплыў на гэты працэс розных тэмператур.

Тв.:

Катехоламины в симпатических ганглиях. Мн., 1983 (разам з І.​А.​Булыгіным);

Высвобождение катехоламинов в симпатических ганглиях при антидромном раздражении // Успехи физиол. наук. 1986. Т. 17, № 3.

т. 13, с. 309

РАПС (Brassica napus var. napus),

кветкавая расліна сям. крыжакветных. Спантанны гібрыд капусты агароднай і свірэпіцы. Часам Р. вылучаюць у самастойны від. У культуры вядомы з 4-га тыс. да н.э., у Расіі — з 19 ст. Вырошчваюць як алейную і кармавую расліну ў Індыі, Кітаі, Канадзе, Еўропе, у т. л. на Беларусі.

Аднагадовая травяністая, азімая або яравая расліна, пакрытая васковым налётам. Галінастыя сцёблы выш. 50—150 см. Разетачнае лісце лірападобна-перыста-надрэзанае, ніжняе сцябловае — лірападобнае, верхняе — прадаўгавата-авальнае. Кветкі дробныя, жоўтыя, зрэдку белыя, у гронках. Плод — стручок. Насенне мае сабе да 50% рапсавага алею, які спажываецца ў ежу. Макуха — высокабялковы (да 32% бялку) канцэнтраваны корм Зялёная маса, багатая аскарбінавай к-той і карацінам, ідзе на корм жывёле. Тэхн., харч., кармавая і меданосная расліна.

В.​М.​Прохараў.

Рапс.

т. 13, с. 309

РА́ПСАВЫ АЛЕ́Й,

тлусты алей з насення рапсу. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Вадкасць ад светла-жоўтага да цёмна-рудога колеру, шчыльн. 914 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -4 да -10 °C. Паўвысыхальны алей (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці мыла, пакостаў, алкідных смол, кампанент змазачных матэрыялаў, сродак для тлушчавання скуры, рафінаваны — сыравіна для атрымання маргарыну.

т. 13, с. 309

РАПСО́ДЫЯ (ад грэч. rhapsōdia спяванне ці дэкламацыя эпічных паэм; эпічная песня, песня рапсода),

жанр інструментальнай (зрэдку вакальнай) музыкі, якому ўласцівы эпічны характар, свабодная форма, апора на тэмы нар. паходжання, паслядоўнасць рознахарактарных эпізодаў, кантрастнасць, віртуознае выкладанне. Тэрмін упершыню выкарыстаў для вызначэння серыі сваіх песень і фп. п’ес Д.​Шубарт (1786). Развіццё жанру ў 19—20 ст. звязана са станаўленнем многіх нац. муз. школ. Класічныя ўзоры Р. створаны Ф.​Лістам, І.​Брамсам, А.​Дворжакам, М.​Равелем, Э.​Лало, Дж.​Гершвінам, С.​Рахманінавым і інш. З бел. кампазітараў Р. стварылі М.​Чуркін, П.​Падкавыраў, А.​Туранкоў, С.​Палонскі, Я.​Дзягцярык і інш.

Літ.:

Мейен Е.В. Рапсодия. М., 1960.

І.​Дз.​Назіна.

т. 13, с. 309

РА́ПТЫ,

рака ў Непале і Індыі, левы прыток р. Гхагхра (бас. р. Ганг). Даўж. больш за 600 км, пл. басейна каля 30 тыс. км². Пачынаецца ў Гімалаях, перасякае ў вузкай цясніне горы Сівалік, ніжняе цячэнне на Інда-Гангскай раўніне. Летнія паводкі. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ніжэй г. Гаракхпур (Індыя).

т. 13, с. 309