РАПСО́ДЫЯ (ад грэч. rhapsōdia спяванне ці дэкламацыя эпічных паэм; эпічная песня, песня рапсода),

жанр інструментальнай (зрэдку вакальнай) музыкі, якому ўласцівы эпічны характар, свабодная форма, апора на тэмы нар. паходжання, паслядоўнасць рознахарактарных эпізодаў, кантрастнасць, віртуознае выкладанне. Тэрмін упершыню выкарыстаў для вызначэння серыі сваіх песень і фп. п’ес Д.​Шубарт (1786). Развіццё жанру ў 19—20 ст. звязана са станаўленнем многіх нац. муз. школ. Класічныя ўзоры Р. створаны Ф.​Лістам, І.​Брамсам, А.​Дворжакам, М.​Равелем, Э.​Лало, Дж.​Гершвінам, С.​Рахманінавым і інш. З бел. кампазітараў Р. стварылі М.​Чуркін, П.​Падкавыраў, А.​Туранкоў, С.​Палонскі, Я.​Дзягцярык і інш.

Літ.:

Мейен Е.В. Рапсодия. М., 1960.

І.​Дз.​Назіна.

т. 13, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)