РА́НКІНА ЦЫКЛ,
абарачальны кругавы працэс, у якім цеплавая энергія пераўтвараецца ў работу (ці наадварот); ідэальны рабочы цыкл цеплавога рухавіка. Складаецца з паслядоўна чаргавальных двух ізабарных і двух адыябатных працэсаў. Ад Карно цыкла адрозніваецца тым, што падвод цеплаты да рабочага цела ажыццяўляецца пры пастаянным ціску і павышэнні т-ры. Распрацаваны У.Дж.М.Ранкіным (разам з Р.Клаўзіусам) як тэарэт. цыкл паравога рухавіка.
т. 13, с. 307
РАНКО́НІ ((Ronconi) Джорджа) (6.8.1810, г. Мілан, Італія — 8.1.1890),
італьянскі спявак (барытон), адзін з буйнейшых спевакоў 19 ст. Спяваць вучыўся ў бацькі Д.Ранконі. На опернай сцэне дэбютаваў у 1830. Выступаў у Італіі і інш. краінах, у т. л. ў Расіі (1851—55, 1858—59). Яго выкананне вылучалася віртуозным вак. майстэрствам, выразнай фразіроўкай, тэмпераментам. Сярод партый: Рыгалета, Навухаданосар (у аднайм. операх Дж.Вердзі), лорд Генрых Эштан («Лючыя ды Ламермур») і Дулькамара («Любоўны напітак», абедзве Г.Даніцэці), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні).
т. 13, с. 307
РАНСА́Р ((Ronsard) П’ер дэ) (11.9.1524, замак Ла-Пасаньер; Францыя — 27.12.1585),
французскі паэт; прадстаўнік эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Наварскім калежы ў Парыжы (1533—34). Быў прыбліжаны да каралеўскага двара. Узначальваў літ. групу «Плеяда», што адыграла значную ролю ў фарміраванні франц. нац. мовы і паэзіі. У першай кн. «Оды» (кн. 1—5, 1550—52) паспяхова здзейсніў праграму «ўзвышэння» франц. паэзіі. Пісаў любоўныя вершы: зб. санетаў «Любоўныя вершы да Касандры» (1552, нап. пад уплывам Ф.Петраркі і італьян. паэтаў-неапетраркістаў), цыклы санетаў «Працяг любоўных вершаў» (1555), «Новы працяг любоўных вершаў» (1556), «Санеты да Алены» (1578). У зб-ках «Кніжка свавольстваў» (1553) і «Гай» (1554) звяртаўся да «нізкага» стылю, натуральнасці і прастаты. Філас. лірыка (зб. «Гімны», кн. 1—2, 1555—56) прысвечана Сусвету і Космасу, апявае навуку, законы чалавечага быцця і ідэальнага грамадскага ладу. У цыкле «Развагі пра няшчасці гэтага часу» (1560—62) адстойваў права паэта ўмешвацца ў грамадскае жыццё. У празаічным трактаце «Кароткі выклад паэтычнага мастацтва» (1565) сфармуляваў эстэт. прынцыпы, блізкія паэтыцы класіцызму. На бел. мову асобныя яго вершы пераклала Н.Мацяш.
Тв.:
Бел. пер. — [Вершы] // Далягляды, 1989. Мн., 1989;
Рус. пер. — Лирика. М., 1963;
Избр. поэзия. М., 1985;
О вечном: Избр. лирика. М., 1996;
У кн.: Поэзия Плеяды. М., 1984.
Літ.:
Виппер Ю.Б. Поэзия «Плеяды»: Становление лит. школы. М., 1976.
А.В.Хадановіч.
т. 13, с. 307
РАНСА́РАВА СТРАФА́ (назва ад прозвішча франц. паэта 16 ст. П. дэ Рансара),
шасцірадковая страфа з рыфмоўкай ААбВВб. Першы ўзор Р.с. ў бел. паэзіі пакінуў В.Дунін-Марцінкевіч (першы раздзел паэмы «Халімон на каранацыі»). Р.с. напісаны верш Я.Купалы «Час!»:
Хай званы зазвоняць з жарам,
Хай музы́ка ў струны ўдара!
Гэй, паўстань, народ!
За сябе сам пастаяці
І за Бацькаўшчыну-маці
Йдзі, народ, на сход!
Ёю карыстаўся Я.Колас (верш «Вольнаму народу») і інш.
В.П.Рагойша.
т. 13, с. 307
РАНЦА́НЦ (Арнольд Аляксандравіч) (н. 3.2.1945, г.п. Цінской Ніжнеінгашскага р-на Краснаярскага краю, Расія),
украінскі і бел. артыст аперэты, спявак (барытон). Засл. арт. Украіны (1978). Засл. арт. Беларусі (2000). Скончыў Ташкенцкі тэатр.-маст. ін-т (1968). Працаваў у розных т-рах. З 1979 артыст Беларускага муз. тэатра. Выканаўца разнапланавых характарных роляў пераважна камедыйнага плана. Р. ўласцівы дакладнасць, лёгкасць і эмацыянальнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Яшка-артылерыст («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Фядот («Бабскі бунт» Я.Пцічкіна), Кутузаў («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Негаш, барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Франк, сенатар Дэляква («Лятучая мыш», «Ноч у Венецыі» І.Штрауса), Альфрэд Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу), Фама («Вольны вецер» І.Дунаеўскага), Нендэль Крык («Біндзюжнік і Кароль» А.Журбіна), граф Кутайсаў («Халопка» М.Стрэльнікава), граф Баргезе («Капялюш Напалеона» О.Штрауса), Зупан («Цыганскі барон» І.Штрауса), Іван Прысыпкін («Клоп» У.Дашкевіча), лорд Балінгброк («Шклянка вады» У.Кандрусевіча), Пелікан («Прынцэса цырка» І.Кальмана) і інш.
А.Я.Ракава.
т. 13, с. 307
РАНЦЬЕ́ (франц. rentier ад rente рэнта),
асобы, якія жывуць на даходы (працэнты) ад грашовага капіталу, аддадзенага ў пазыку, або каштоўных папер. Гл. таксама Ліхвярства.
т. 13, с. 307
РА́НЧА (ісп. rancho),
1) у краінах Лацінскай Амерыкі сельская сядзіба і зямельнае ўладанне пры ёй.
2) У ЗША — жывёлагадоўчая або інш. ферма з адпаведным зямельным участкам.
т. 13, с. 307
РА́НЧЫ,
горад на У Індыі, на плато Чхота-Нагпур, у штаце Біхар. Засн. ў 1869. Каля 1 млн. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: выплаўка сталі, цяжкае машынабудаванне, станкабудаванне. Ун-т.
т. 13, с. 307
РАПА́,
насычаны саляны раствор (расол) у адкрытых прыродных, штучных вадаёмах, падземных пустотах і порах донных адкладаў саляродных азёр. Канцэнтрацыя солей у Р. больш за 50 г/л (паводле класіфікацыі У.І.Вярнадскага), дасягае 300—370 г/л. Паводле хім. саставу падзяляецца на 4 гал. тыпы: хларыдны кальцыевы, хларыдны магніевы, сульфатны натрыевы і гідракарбанатны натрыевы. Р. падземнай гідрасферы мае павы шаную канцэнтрацыю брому, ёду, бору, літыю. Выкарыстоўваецца ў прамысл. і мед. мэтах.
т. 13, с. 307
РАПАІ́ТЫ,
у заходнесеміцкай міфалогіі насельнікі царства мёртвых. У міфалагічных паданнях Р. разам з багамі трапезнічаюць і дапамагаюць у рабоце вярх. богу Ілу, а на зямлі разам з жывымі людзьмі робяць ахвярапрынашэнні. Магчыма, Р. называлі таксама катэгорыю жывых людзей, што прайшлі спец. абрад пасвячэння (квазісмерць), які ўраўноўваў іх з насельнікамі царства мёртвых і дазваляў далучацца да тайнаў багоў.
т. 13, с. 307