РАНЦА́НЦ (Арнольд Аляксандравіч) (н. 3.2.1945, г.п. Цінской Ніжнеінгашскага р-на Краснаярскага краю, Расія),
украінскі і бел. артыст аперэты, спявак (барытон). Засл. арт. Украіны (1978). Засл. арт. Беларусі (2000). Скончыў Ташкенцкі тэатр.-маст. ін-т (1968). Працаваў у розных т-рах. З 1979 артыст Беларускага муз. тэатра. Выканаўца разнапланавых характарных роляў пераважна камедыйнага плана. Р. ўласцівы дакладнасць, лёгкасць і эмацыянальнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Яшка-артылерыст («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Фядот («Бабскі бунт» Я.Пцічкіна), Кутузаў («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Негаш, барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Франк, сенатар Дэляква («Лятучая мыш», «Ноч у Венецыі» І.Штрауса), Альфрэд Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу), Фама («Вольны вецер» І.Дунаеўскага), Нендэль Крык («Біндзюжнік і Кароль» А.Журбіна), граф Кутайсаў («Халопка» М.Стрэльнікава), граф Баргезе («Капялюш Напалеона» О.Штрауса), Зупан («Цыганскі барон» І.Штрауса), Іван Прысыпкін («Клоп» У.Дашкевіча), лорд Балінгброк («Шклянка вады» У.Кандрусевіча), Пелікан («Прынцэса цырка» І.Кальмана) і інш.
А.Я.Ракава.
т. 13, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)