Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РА́МЗЕЙ, Рэмзі (Ramsey) Норман Фостэр (н. 27.8.1915, Вашынгтон), амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1952), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1950). Скончыў Калумбійскі (1935) і Кембрыджскі (1937) ун-ты. У 1942—47 у Калумбійскім ун-це (з 1943 удзельнічаў у Манхатанскім праекце). У 1947—86 у Гарвардскім ун-це (з 1950 праф.), адначасова ў 1968—81 прэзідэнт Н.-д. асацыяцыі ун-таў. Навук. працы па фізіцы малекулярных і атамных пучкоў, ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, тэрмадынаміцы і статыст. механіцы. Адкрыў эл. квадрупольны момант у дэйтрона (1940), вызначыў магн. моманты шэрагу ядзер, пратона і нейтрона, магн. і эл. дыпольны моманты дэйтрона. Распрацаваў метад прасторава разнесеных асцылюючых палёў (1956) і стварыў мазер на атамарным вадародзе (1960). Удзельнічаў у стварэнні высокадакладнага атамнага гадзінніка. Нобелеўская прэмія 1989.

Тв.:

Рус. пер. — Молекулярные пучки. М., 1960;

Эксперименты с разнесенными осциллирующими полями и водородными мазерами // Успехи физ. наук. 1990. Т. 160, вып. 12.

М.​М.​Касцюковіч.

Н.Ф.Рамзей.

т. 13, с. 301

РА́МІ, рамі белае,

кітайская крапіва (Boehmeria nivea),

кветкавая расліна сям. крапіўных. Пашырана ў Кітаі і Паўд. Японіі. Культывуецца як тэкст. культура ў трапічных і субтрапічных раёнах.

Шматгадовы паўкуст з добра развітай каранёвай сістэмай. Сцёблы прамастойныя, цыліндрычныя, негалінастыя. Лісце буйное, сэрцападобнае, знізу белалямцавае. Кветкі дробныя, аднаполыя ў шматкветкавых суквеццях. Доўгія (да 500 мм) шаўкавістыя валокны Р. выкарыстоўваюцца ў вытв-сці тканін, вышэйшых сартоў паперы і інш.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 302

РАМІШЭ́ЎСКІ (Ігар Канстанцінавіч) (5.5.1932, г. Клайпеда, Літва — 13.11.1999),

бел. кінааператар. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1957). Працаваў на Свярдлоўскай кінастудыі, з 1959 на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1992 выкладаў у Бел. АМ. Кінааператар-пастаноўшчык маст. фільмаў «Іду шукаць» (1966), «Саша-Сашачка» (1967), «Бацька» (1971), тэлевізійных «Вашынгтонскі карэспандэнт» (3 серыі, 1973), «Корцік» (3 серыі, 1974), «Бронзавая птушка» (3 серыі, 1975), «Дзяржаўная граніца» (1984—89). Творчай манеры ўласцівы рэаліст. трактоўка выяўл. вырашэння фільма, глыбокае пранікненне ў стылістыку эпохі, якая адлюстроўваецца («Крушэнне імперыі», 1970; «Ятрынская вядзьмарка», 1991), мяккі лірызм характарыстык герояў («Чорны бусел», 1993), свядомае абмежаванне выкарыстання выразных сродкаў.

К.​І.​Рамішэўскі.

т. 13, с. 302

РАМНО́ЗА,

шасцівугляродны монацукрыд, С6Н12О5. Існуе некалькі форм Р.

Бясколерны крышт. парашок, салодкага смаку, добра раствараецца ў вадзе і спірце. Т-ра пл. 94—126 °C. У невял. колькасцях ёсць у многіх раслінах (жэньшэні, ільнасемі і інш.).

т. 13, с. 302

РА́МНЫ МОСТ,

тып моста, статычная схема якога ўяўляе сабой раму. Пралётныя канструкцыі яго жорстка злучаны з маставымі апорамі (стойкамі, калонамі). Існуюць рамна-падвесныя масты (з бэлькамі, падвешанымі да канцоў рыгеляў) і рамна-кансольныя (з Т-падобных рам, злучаных пасярэдзіне пралёта шарнірам). Невялікія Р.м. звычайна выкарыстоўваюцца як пуцеправоды. Будуюць Р.м. пераважна з жалезабетону (маналітнага і зборнага), часам са сталі.

І.​І.​Леановіч.

Схемы рамных мастоў: а, б — з вертыкальнымі і нахіленымі стойкамі; в — рамна-падвеснага; 1 — стойка; 2 — рыгель; 3 — шарнір.

т. 13, с. 302

РАМО́ ((Rameau) Жан Філіп) (25.9.1683, г. Дыжон, Францыя — 12.9.1764),

французскі кампазітар, арганіст, клавесініст, скрыпач, муз. тэарэтык. Служыў арганістам у саборах Францыі. З 1723 у Парыжы, набыў славу першага арганіста Францыі. З 1745 прыдворны кампазітар. Развіваў заснаваны Ж.Б.Люлі жанр лірычнай трагедыі. У оперы ўзмацніў эмацыянальную выразнасць музыкі, ролю аркестра, увагу да рэчытатыўна-арыёзнай сферы. Аўтар опер, опер-балетаў, балетаў, камедый-балетаў і інш., свецкіх кантат, матэтаў, канцэртаў для клавесіна і камернага ансамбля, п’ес для клавесіна, музыкі для спектакляў і інш. У «Трактаце пра гармонію...» (1722) абгрунтаваў тэрцавую будову акордаў, увёў паняцце «гарманічнага цэнтра» (тонікі), дамінантнай і субдамінантнай функцый.

Літ.:

Адамян А. Эстетика Рамо // Вопросы теории и эстетики музыки. Л., 1963. Выд. 2;

Брянцева В.Н. Ж.​Ф.​Рамо и французский музыкальный театр. М., 1981;

Малиньон Ж. Ж.​Ф.​Рамо: Пер. с фр. Л., 1983.

Ж.Ф.Рамо.

т. 13, с. 302

РАМО́НАК (Chamomilla),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды Р.: аптэчны, ці абадраны (Ch. recutita), і рамонкападобны, або пахучы (Ch. suaveolens). Трапляюцца ўздоўж дарог, на лугах, пашы, палях.

Аднагадовыя травяністыя пахучыя расліны. Сцёблы прамастойныя, уверсе галінастыя выш. да 80 см. Лісце перыстарассечанае. Суквецце — кошык, у якім краявыя кветкі язычковыя, белыя ці плёнчатыя, сярэдзінныя — трубчастыя, жоўтыя. Кошыкі дыяметрам да 2,5 см. Плод — сямянка. Таксама Р. называюць расліны з родаў нівянік, пірэтрум, пупок і інш., у якіх сярэдзінныя трубчастыя кветкі ў кошыку жоўтыя, а краявыя псеўдаязычковыя кветкі («пялёсткі») белыя. Сапраўдныя Р. — адналетнікі з канічным полым ложам суквецця і з сямянкамі, якія ў вільготным стане аслізняюцца. Лек., дэкар. расліны.

Рамонак: 1 — аптэчны; 2 — пахучы.

т. 13, с. 302

РАМО́НАЧНІК,

род кветкавых раслін сям. складанакветных; тое, што пірэтрум.

т. 13, с. 302

РАМО́НТ (франц. remonte ад remonter паправіць, папоўніць, зноў сабраць),

сукупнасць тэхніка-эканам. і арганізац. мерапрыемстваў, звязаных з падтрыманнем і частковым або поўным аднаўленнем спажывецкай вартасці асн. фондаў (сродкаў вытв-сці) ці прадметаў асабістага карыстання. Бывае бягучы, сярэдні і капітальны.

Р. тэхн. аб’ектаў (канструкцый, машын, вырабаў) робяць з мэтай аднаўлення іх спраўнасці і работаздольнасці. Бягучы Р. праводзяць пры неабходнасці ліквідацыі адказаў і няспраўнасці абсталявання. Уключае ліквідацыю дробных пашкоджанняў заменай або аднаўленнем асобных вузлоў і дэталей, рэгуліровачныя работы. Сярэдні Р. вядуць для аднаўлення зрасходаванага рэсурсу машын, абсталявання. Уключае частковую разборку прыстасавання, устараненне выяўленых дэфектаў, капітальны Р. асобных частак. Капітальны Р. прадугледжвае поўную разборку і дэфектацыю агрэгатаў, машын, абсталявання, замену або аднаўленне ўсіх зношаных дэталей, вузлоў і механізмаў, іх зборку, комплексную праверку, рэгуліроўку і выпрабаванне. Р. бягучы звычайна выконвае абслуговы персанал, сярэдні і капітальны — спецыялізаваныя службы і прадпрыемствы; асабістыя прадметы рамантуюць пераважна службы быт. абслугоўвання.

А.​Я.​Вакар.

т. 13, с. 303

РАМОНТАПРЫДА́ТНАСЦЬ,

адна з асн. уласцівасцей надзейнасці вырабаў, якая характарызуе іх прыстасаванасць да прадухілення, адшукання і ліквідацыі прычын і наступстваў пашкоджанняў (адказаў) правядзеннем прафілактычных работ і рамонтаў. Вызначаецца затратамі працы, часу і сродкаў на падтрыманне і аднаўленне работаздольнасці вырабу. Забяспечваецца пры яго праектаванні і вырабе адпаведным выбарам канструкцыі, асн. вузлоў (частак) і выкананнем тэхналогіі вытв-сці. Р. вырабу ў працэсе яго эксплуатацыі падтрымліваецца рацыянальнай сістэмай тэхн. абслугоўвання.

т. 13, с. 303