РАМІШЭ́ЎСКІ (Ігар Канстанцінавіч) (5.5.1932, г. Клайпеда, Літва — 13.11.1999),
бел. кінааператар. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1957). Працаваў на Свярдлоўскай кінастудыі, з 1959 на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1992 выкладаў у Бел. АМ. Кінааператар-пастаноўшчык маст. фільмаў «Іду шукаць» (1966), «Саша-Сашачка» (1967), «Бацька» (1971), тэлевізійных «Вашынгтонскі карэспандэнт» (3 серыі, 1973), «Корцік» (3 серыі, 1974), «Бронзавая птушка» (3 серыі, 1975), «Дзяржаўная граніца» (1984—89). Творчай манеры ўласцівы рэаліст. трактоўка выяўл. вырашэння фільма, глыбокае пранікненне ў стылістыку эпохі, якая адлюстроўваецца («Крушэнне імперыі», 1970; «Ятрынская вядзьмарка», 1991), мяккі лірызм характарыстык герояў («Чорны бусел», 1993), свядомае абмежаванне выкарыстання выразных сродкаў.
К.І.Рамішэўскі.
т. 13, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)