ТРАНСАМІНАВА́ННЕ,
зваротны перанос амінагрупы ад амінакіслот да кетакіслот, тое, што пераамінаванне.
т. 15, с. 505
ТРАНСАНТАРКТЫ́ЧНЫЯ ГО́РЫ (Transantarctic mountains),
сістэма горных хрыбтоў у Антарктыдзе. Цягнецца амаль на 4 тыс. км ад усх. ўзбярэжжа м. Уэдэла да зах. ўзбярэжжа м. Роса; шыр. 200—600 км. Утвараюць мяжу паміж. Усх. і Зах. Антарктыдай. У сістэму Т.г. уваходзяць горы Пенсакола, Тыл, Хорлік, хрыбты Куін-Мод, Куін-Элізабет, Куін-Аляксандра і інш. Выш. 2000—3000 м, найб. — 4668 м (г. Яльмар-Юхансен у хр. Куін-Мод). Ніжні ярус складзены з крышт. парод, сярэдні — з асадкавых і магматычных, верхні — пераважна з пясчанікаў і гліністых сланцаў, з якімі звязаны радовішчы каменнага вугалю. Берагавы ўчастак Т.г. (на Зямлі Вікторыі) адкрыты англ. экспедыцыяй Дж.Роса ў 1841.
т. 15, с. 505
ТРАНСАЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ МАГІСТРА́ЛЬ,
шыротная 2-калейная чыг. магістраль: Сідней—Мельбурн—Адэлаіда—Перт у Аўстраліі. Даўж. 3160 км. Злучае парты Індыйскага і Ціхага акіянаў. Пабудавана ў 1910—20. Электрыфікавана ў 1970-х г.
т. 15, с. 505
ТРАНСВА́А́ЛЬ (Transvaal),
рэспубліка, якую стварылі ў 1856 буры (афрыканеры) на Пн ад р. Вааль (афіц. назва — Паўд.-Афр. Рэспубліка). Пасля таго, як у 1860-я г. на тэр. Т. былі знойдзены алмазы, а ў 1880-я — золата, Вялікабрытанія імкнулася падпарадкаваць Т. У выніку англа-бурскай вайны 1899—1902 анексіраваны Вялікабрытаніяй. Пасля стварэння ў 1910 Паўд.-Афр. Саюза (з 1961 Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка) — адна з яго правінцый; у 1994 падзелены на некалькі больш дробных адм. адзінак.
т. 15, с. 505
ТРАНСВЕ́РСІЯ (ад лац. transversus павернуты ўбок, адведзены),
мутацыя, абумоўленая заменай пурынавай асновы (адэнін, гуанін) на пірымідзінавую (тымін, цытазін) і наадварот. Адносіцца да генных мутацый. У адрозненне ад транзіцыі часам наз. складанай або перакрыжаванай заменай з-за змены арыентацыі пурын-пірымідзін у мутантным сайце двухланцужковай малекулы нуклеінавай к-ты. Адбываецца часцей за транзіцыі.
т. 15, с. 505
ТРАНСВЕСТЫ́ЗМ (ад транс... + лац. vestio апранаць),
эанізм, імкненне да пераапранання ў адзенне процілеглага полу; адна з форм палавой ненармальнасці. У адрозненне ад транссексуалізму прыхільнікі Т. не жадаюць зменьваць свой пол. Праяўляецца пастаянна або перыядычна. Большасць прыхільнікаў Т. — гетэрасексуалы (гл. Гетэрасексуальнасць), таксама гомасексуалы (гл. Гомасексуалізм), бісексуалы (гл. Бісексуальнасць). Т. патрабуе псіхатэрапеўт. карэкцыі.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 505
ТРАНСГІМАЛА́І,
другая назва горнай сістэмы Гандысышань у Азіі.
т. 15, с. 506
ТРАНСГРАНІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
забруджванне навакольнага асяроддзя газападобнымі адходамі і пылам прамысл. прадпрыемстваў шляхам трансгранічнага пераносу, якое ахоплівае тэр. некалькіх краін або кантынентаў. На Беларусі адзначаецца з сярэдзіны 20 ст. (назіранні вядуцца з 1980). Краіна знаходзіцца ў неспрыяльных умовах з-за перавагі зах. і паўд.-зах. пераносу. Паводле мадэльных разлікаў на тэр. Беларусі штогод асядае 180—190 тыс. т серы (з іх 84—86% трансгранічнай), 60—70 тыс. т акісленага азоту (89—94% трансгранічнага), 150—170 тыс. т. адноўленага азоту (38—65% трансгранічнага), больш за 400 т свінцу (80% трансгранічнага). Асн. спосаб прадухілення Т.з. — змяншэнне колькасці шкодных выкідаў у атмасферу ва ўсіх краінах. На гэта накіраваны «Канвенцыя аб трансгранічным забруджванні паветра на вял. адлегласці» (1979; скарачэнне выкідаў дыаксідаў серы і аксідаў азоту), «Канвенцыя па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (1998; скарачэнне выкідаў цяжкіх металаў, асабліва свінцу, кадмію, ртуці, і стойкіх арган. забруджвальнікаў — пестыцыдаў, прамысл. хімікатаў і інш.).
П.Г.Лабанок.
т. 15, с. 506
ТРАНСГРАНІ́ЧНЫ ПЕРАНО́С,
распаўсюджванне газападобных адходаў і пылу прамысл. прадпрыемстваў і транспарту на вял. адлегласці, па-за межы краін, на тэр. якіх знаходзяцца крыніцы забруджвання. Адбываецца ў выніку дыфузіі, турбулентных патокаў або метэаралагічных ападкаў. Вядзе да ўзнікнення трансгранічнага забруджвання.
т. 15, с. 506
ТРАНСГРЭ́СІЯ мора
(ад лац. transgressio пераход, перамяшчэнне),
наступанне мора на сушу ў выніку яе апускання пад уздзеяннем тэктанічных рухаў, радзей падняцця ўзроўню акіяна; працэс, процілеглы рэгрэсіі. Складаецца з шэрагу менш працяглых наступанняў і адступанняў мора. Суправаджаецца абразіяй і ўтварэннем перарываў, вуглавых нязгоднасцей у асадканамнажэнні. Разрэз адкладаў пры Т. характарызуецца зменай знізу ўверх мелкаводных фацый больш глыбакаводнымі. Неаднаразова адбываліся ў геал. гісторыі Зямлі, лакальныя Т. назіраюцца і ў сучасны перыяд (напр., у Нідэрландах).
т. 15, с. 506