Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕВАНО́ВІЧ (Павел Антонавіч) (3.11.1914, в. Мазалава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.12.1943),

бел. пісьменнік. Удзельнік Вял. Айч. вайны, загінуў на фронце. З 1934 друкаваў вершы, апавяданні, нарысы. У кн. апавяданняў для дзяцей «Дружба» (1938) паказаў сябе знаўцам дзіцячай псіхалогіі.

П.А.Левановіч.

т. 9, с. 177

ЛЕВА́НТ (ад франц. Levant або італьян. Levante Усход),

агульная назва краін усх. ч. ўзбярэжжа Міжземнага м. (Сірыя, Ліван, Ізраіль, Егіпет, Турцыя, Грэцыя, Кіпр), у больш вузкім сэнсе — Сірыі і Лівана.

т. 9, с. 178

ЛЕВАРУ́КАСЦЬ,

пераважнае карыстанне левай рукой пры выкананні розных дзеянняў. Абумоўлена генетычна дэтэрмінаваным дамінаваннем правага (а не левага, як у праўшы) паўшар’я галаўнога мозга. Выяўляецца ў канцы першага года жыцця. Назіраецца ў 1—7% людзей. Леварукія дзеці ў фіз. і псіхічным развіцці не адстаюць ад праварукіх, насільнае перавыхаванне не рэкамендуецца.

т. 9, с. 178

ЛЕВАШО́Ў (Анатоль Яўгенавіч) (8.8. 1898, г. Жаркент Талды-Курганскай вобл., Казахстан — 27.12.1979),

фізік-тэарэтык, заснавальнік бел. навук. школы па гравітацыі. Д-р фіз.-матэм. н. (1960), праф. (1962). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т у Ташкенце (1925). З 1962 у БДУ. Навук. працы па агульнай тэорыі адноснасці (АТА) і рэлятывісцкай электрадынаміцы. Развіў бескаардынатныя тэнзарныя метады і выкарыстаў іх у дынамічнай метэаралогіі, фізіцы элементарных часціц і тэтраднай фармулёўцы АТА.

Тв.:

Движение и двойственность в релятивистской электродинамике. Мн., 1979.

М.М.Касцюковіч.

А.Я.Левашоў.

т. 9, с. 178

ЛЕВАШО́Ў (Валянцін Сяргеевіч) (6.8. 1915, Масква — 29.8.1994),

расійскі кампазітар, харавы дырыжор. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Новасібірскае муз. вучылішча (1939), вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі. У 1946—62 маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца Амурскай флатыліі, Сібірскага нар. хору, з 1962 — Рускага народнага хору імя М.Пятніцкага. Аўтар запісаў і апрацовак сібірскіх нар. песень. Сярод твораў: аперэта «Вятры вясновыя» (1964); паэма-кантата «Мая Сібір» (1950), «Паэма аб Амуры» (1949); аркестрава-хар. і вак.-харэаграфічныя сюіты; творы для аркестра нар. інструментаў, для голасу і фп.; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Расіі 1971.

т. 9, с. 178

ЛЕВАШО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Левашы. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1988, распрацоўваецца з 1989. Паклады нафты пл. 10 км2 прымеркаваны да міжсалявых верхнедэвонскіх адкладаў усх. ч. Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2510—2600 м. Пароды-калектары — карбанатныя кавернозна-порыстыя. Агульныя запасы нафты 2115 тыс. т. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, парафінавая.

А.П.Шчураў.

т. 9, с. 178

ЛЕВАЭСЭ́РАЎСКІ МЯЦЕ́Ж 1918,

узброенае антыбальшавіцкае выступленне левых эсэраў у Маскве 6—7 ліп. з мэтай сарваць выкананне Брэсцкага міру 1918, які яны лічылі пагібельным для краіны і рэвалюцыі. 5 ліп. леваэсэраўская фракцыя на 5-м Усерас. з’ездзе Саветаў зрабіла няўдалую спробу правесці рашэнне аб недаверы ўраду У.І.Леніна. 6 ліп. левы эсэр Я.Р.Блюмкін забіў герм. пасла В.Мірбаха. У той жа дзень левыя эсэры арыштавалі 30 бальшавікоў, у т.л. старшыню ВЧК Ф.Э.Дзяржынскага, старшыню Массавета П.Г.Смідовіча, апіраючыся на свае ўзбр. атрады (больш за 1800 чал.), у ноч на 7 ліп. захапілі цэнтр. тэлеграф, абстралялі з гармат Крэмль і заклікалі інш. часці гарнізона далучыцца да іх. 7 ліп. мяцеж падаўлены. Паводле пастановы ВЧК 8 ліп. 13 актыўных мяцежнікаў расстраляны. Мяцеж падтрымалі мясц. леваэсэраўскія арг-цыі Петраграда, Уладзіміра, Віцебска і некаторых інш. гарадоў. 6 жн. адбыліся мяцяжы ў Оршы (кіраўнік І.І.Буевіч) і Сянно (кіраўнік Дз.Ф.Прышчэпаў). У час следства кіраўнікі левых эсэраў сцвярджалі, што ЦК іх партыі не ставіў за мэту скінуць сав. ўладу і бальшавіцкі ўрад. 27.11.1918 Вярх. рэв. трыбунал асудзіў 13 кіраўнікоў леваэсэраўскай партыі на турэмнае зняволенне ад 1 да 3 гадоў, у т.л. М.А.Спірыдонаву на 1 год (29.11.1918 амнісціравана ВЦВК). Л.м. паставіў партыю левых эсэраў на мяжу катастрофы, яна страціла паліт. ўплыў і дзесяткі тысяч членаў. 5-ы Усерас. з’езд Саветаў 9.7.1918 выключыў левых эсэраў, якія падтрымлівалі лінію свайго ЦК, са складу Саветаў.

Э.А.Ліпецкі.

т. 9, с. 178

ЛЕ́ВАЯ ЛЯСНА́Я,

рака ў Пружанскім і Камянецкім р-нах Брэсцкай вобл. (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 50 км. Пл. вадазбору 750 км. Пачынаецца на ПдЗ ад в. Мыльніск Пружанскага р-на. Зліўшыся з р. Правая Лясная, утварае р. Лясная. Цячэ па Прыбугскай раўніне. Асн. прыток — р. Вішня (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 1,6—2,5 км, у сярэднім цячэнні месцамі невыразная. Пойма шыр. 300—500 м, нізкая, забалочаная, перасечаная старыцамі і меліярац. каналамі. Рэчышча каналізаванае, шыр. 6—20 м. Берагі нізкія, параслі хмызняком. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,6 м³/с.

т. 9, с. 178

ЛЕ́ВЕЛЕРЫ (англ. Levellers літар. ўраўняльнікі),

радыкальная паліт. групоўка ў час Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя; апаненты прэсвітэрыян, індэпендэнтаў (кангрэгацыяналістаў) і сапраўдных левелераў (дыгераў). Вядомы з 1645 як левае крыло індэпендэнтаў, з 1647 самаст. агульнаангл. групоўка (да 20 тыс. актывістаў). Лідэры — Дж.Лілберн, Р.Овертан, У.Уолвін. Сац. база — заможныя сяляне і рамеснікі, дробныя гандляры. Выступалі за рэспубліку з аднапалатным парламентам, вяршэнства і суверэнітэт народа, свабоду і ўраўнаванне ў правах (адсюль назва) усіх людзей, усеагульнае выбарчае права для мужчын з 21 года (акрамя слуг і атрымальнікаў «дабрачынных выплат»), захаванне прыватнай уласнасці, забарону агароджванняў, дэмакратызацыю судаводства і права, поўную рэліг. верацярпімасць, аддзяленне царквы ад дзяржавы і інш. У 1647 стварылі свае саветы салдацкіх прадстаўнікоў. Вялі супраць індэпендэнтаў «памфлетную вайну», дамагліся абвяшчэння Англіі рэспублікай (19.5.1649, яе ўзначаліў лідэр індэпендэнтаў О.Кромвель), у маі і вер. 1649 узнялі шэраг антыіндэпендэнцкіх паўстанняў у арміі; разгромлены ў выніку праследаванняў індэпендэнцкіх улад.

т. 9, с. 178

ЛЕ́ВЕНГУК ((Leeuwenhoek) Антані ван) (24.10.1632, г. Дэлфт, Нідэрланды — 26.8.1723),

нідэрландскі біёлаг-натураліст, заснавальнік мікраскапіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1680). Зрабіў лінзы, якія павялічвалі ў 150—300 разоў. З іх дапамогай назіраў і замалёўваў бактэрыі (1683), эрытрацыты, прасцейшых, раслінныя і жывёльныя клеткі, будову мышцаў і інш. часткі і органы больш за 200 відаў раслін і жывёл. Адкрыў сперматазоіды чалавека (1677); лічыў, што ў сперматазоідзе ўтрымліваецца сфарміраваны зародак, а яйцо служыць сілкавальным матэрыялам. Апісаў партэнагенез у тлей. Адзначыў розніцу ў будове адна- і двухдольных раслін. Назіранні апісваў у лістах (каля 300), гал. чынам Лонданскаму каралеўскаму т-ву.

А.Левенгук.

т. 9, с. 178