ЛЕ́ВЕНГУК ((Leeuwenhoek) Антані ван) (24.10.1632, г. Дэлфт, Нідэрланды — 26.8.1723),
нідэрландскі біёлаг-натураліст, заснавальнік мікраскапіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1680). Зрабіў лінзы, якія павялічвалі ў 150—300 разоў. З іх дапамогай назіраў і замалёўваў бактэрыі (1683), эрытрацыты, прасцейшых, раслінныя і жывёльныя клеткі, будову мышцаў і інш. часткі і органы больш за 200 відаў раслін і жывёл. Адкрыў сперматазоіды чалавека (1677); лічыў, што ў сперматазоідзе ўтрымліваецца сфарміраваны зародак, а яйцо служыць сілкавальным матэрыялам. Апісаў партэнагенез у тлей. Адзначыў розніцу ў будове адна- і двухдольных раслін. Назіранні апісваў у лістах (каля 300), гал. чынам Лонданскаму каралеўскаму т-ву.