Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЛЕБАНО́ВІЧ (Вольга Міхайлаўна) (н. 25.2.1945, г. Ягертау, Югаславія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). З 1967 працуе ў Дзярж. рускім драм. т-ры. Выканаўца драм., лірыка-камедыйных, характарных роляў. Творчасць адметная глыбокай унутр. распрацоўкай вобраза ў спалучэнні з дакладнай знешняй характарыстыкай. Найб. значныя ролі: Сцепаніда («Знак бяды» паводле В.​Быкава), Марыля («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Вольга («Тры сястры» А.​Чэхава), Жэня Камялькова («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева), Ніла Сніжко («Барабаншчыца» А.​Салынскага), Макарская («Спатканне ў прадмесці» А.​Вампілава), Вара («Разгром» паводле А.​Фадзеева), Вікторыя («Казкі старога Арбата» А.​Арбузава), Лушка («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Люся («Апошні тэрмін» паводле В.​Распуціна). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Ю.​У.​Сідараў.

т. 8, с. 327

КЛЕБАНО́ВІЧ (Міхась) (Міхаіл Іванавіч; н. 14.3.1934, в. Грэск Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Скончыў БДУ (1957). Працаваў на Бел. тэлебачанні (у 1977—96 гал. рэдактар сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі). Друкуецца з 1971. Аўтар аповесцей «Іван Аляксеевіч» (1980), «Манька» (1985), «Імярэк» (1992), п’ес «Аплявуха» (паст. 1960), «Санітарны дзень» (паст. на Бел. радыё 1994), «Збродныя душы» (1997); сцэнарыяў тэлефільмаў: дакументальных «Вясёлка над полем» (1968), «Размова пра зямлю» (1971), «Салдаты перамогі» (1975), мастацкіх «Вера» (1993), «Варыяцыі» (1995); апавяданняў. Асн. тэмы твораў — жыццё сучаснай вёскі, маральна-этычныя праблемы; ім уласцівы добразычлівы дасціпны гумар, нестандартныя сітуацыі, сакавітая мова.

Тв.:

Ранішняе сонца: Апавяданні і аповесць Мн., 1981.

т. 8, с. 328

КЛЕБСІЕ́ЛЫ (Klebsiella),

род капсульных неспараносных энтэрабактэрый. Найб. вывучана K. pneumonie, што жыве на слізістай абалонцы носа, рота і кішэчніка здаровых людзей; пашырана сярод цеплакроўных жывёл; здольная выклікаць запаленне лёгкіх (умоўна патагенная). Да аблігатна патагенных паразітаў чалавека адносяцца K. ozaenae і K. scleromatis.

Палачкі (0,3—1,5×0,6—6 мкм) нерухомыя, грамадмоўныя; факультатыўныя анаэробы. На шчыльным пажыўным асяроддзі ўтвараюць круглыя, пукатыя слізістыя калоніі. Зброджваюць глюкозу, цукрозу, лактозу з утварэннем 2,3-бутандыёлу, этанолу і арган. кіслот. Некат. віды фіксуюць азот. Здольныя выклікаць хваробы чалавека і жывёл — клебсіялёзы.

т. 8, с. 328

КЛЕБСІЯЛЁЗЫ,

група інфекц. хвароб чалавека і жывёлы з пераважным пашкоджаннем страўнікава-кішачнага тракту; найчасцей у форме вострага гастраэнтэрыту. Узбуджальнік інфекцыі — клебсіела, крыніца — хворыя і бактэрыяносьбіты. Магчыма эндагеннае (гл. Аўтаінтаксікацыя) і экзагеннае заражэнне, найчасцей праз ежу, паветрана-кропельнае, кантактна-бытавое. К. — адна з пашыраных унутрыбальнічных хвароб. Праяўляецца востра, моташнасцю, ірвотай, болямі ў жываце, вадкім (з прымессю слізі) стулам, павышанай т-рай, агульнай слабасцю, іншы раз (асабліва ў нованароджаных і грудных дзяцей, старых людзей) — пнеўманіяй, астэаміэлітам, менінгітам, перытанітам, інфекцыяй мочавыдзяляльных шляхоў, сепсісам. Лячэнне сімптаматычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 8, с. 328

КЛЕВАНЕ́Ц (Аляксандр Васілевіч) (н. 14.5.1948, г. Бердск Новасібірскай вобл., Расія),

бел. кампазітар. Скончыў Новасібірскую (1972, клас фп.) і Бел. (1980, клас Я.Глебава) кансерваторыі. З 1980 выкладае ў Бел. ун-це культуры Працуе пераважна ў галіне аркестравай, камерна-інстр. і вак. музыкі. Сярод твораў: араторыя «Беларускі народ» на словы М.​Багдановіча (1978), 6 сімфоній (1981—98, у т. л. 6-я «Чарнобыль»), 6 інстр. канцэртаў 1979—92, (у т. л. 4 для нар. інструментаў); аркестравая сюіта «Летнія падарожжы»; уверцюра «Юнацтва»; п’есы для камерна-інстр. ансамбля; санаты, прэлюдыі, ронда, варыяцыі для фп.; вак. цыклы «Я мужык-беларус» на словы Я.​Купалы (1979), «Кацярына» на словы М.​Някрасава (1981), апрацоўкі бел. нар. песень.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 8, с. 328

КЛЕ́ВЕЛЬ,

назва р. Сарачанка ў верхнім цячэнні.

т. 8, с. 328

КЛЕ́Е ((Klee) Паўль) (18.12.1879, Мюнхенбухзе, каля г. Берн, Швейцарыя — 29.6.1940),

швейцарскі жывапісец і графік. Працаваў у Германіі, з 1933 у Берне. Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1898—1901). З 1921 выкладаў у «Баўгаузе», у 1930—33 у Дзюсельдорфскай АМ. Чл. аб’яднання «Сіні коннік» (1911—14), адзін з заснавальнікаў маст. груп «Новая мюнхенская сецэсія» (1914), «Блакітная чацвёрка» (1924). Малюнкам, гравюрам і акварэлям ранняга перыяду ўласцівы рысы сімвалізму і сюррэалізму, лінеарнасць і манахромнасць; ствараў гратэскныя ілюстрацыі («Кандыд» Вальтэра, 1911—12). У сталы перыяд пад уплывам П.Сезана і В.Кандзінскага, падарожжа ў Туніс у 1914 ствараў фармальныя імправізацыі, заснаваныя на суб’ектыўных вобразах і перажываннях, глыбока індывідуальна пераасэнсоўваў кубізм, абстракцыянізм, экспрэсіянізм і інш. плыні. Творам уласцівы рытмічнасць, імкненне да сімвалічнасці каларыту, арган. ўключэнне ў геаметрызаваныя кампазіцыі стылізаваных выяў птушак, дрэў, фігур людзей і інш.: «Пейзаж з зялёнымі птушкамі» (1923), «Маленькая казка нейкіх карлікаў» (1925), «Пісьмо-прывід» (1937), «Жывёліны ў гушчары» (1938). У творах 1930-х г. («Галава пакутніка», «У эміграцыю», «Вымушаны сыход», «Новыя парадкі») перадаў трагедыю змрочных часоў фашызму. У позні перыяд фігуратыўнасць работ К. ўвасаблялася праз рытм знакаў, ідэаграм, рунаў, іерогліфаў («Праект» і «Узнёсласць», 1938; «Смерць і полымя», 1940), пераважала тэматыка смерці («Змрочнае падарожжа на караблі», 1940, і інш.).

В.​Я.​Буйвал.

т. 8, с. 328

КЛЕ́ЕНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

канструкцыі, элементы якіх нераздымна злучаны з дапамогай кляёў. Адрозніваюць К.к. будаўнічыя (нясучыя — аркі, бэлькі, калоны, фермы, рамы і агараджальныя — звычайна слаістыя пліты, панэлі, карабы і інш.), суднавыя (напр., карпусы катэраў, шлюпак), авіяцыйныя (карпусы некаторых лятальных апаратаў), мэблевыя і інш.

Робяцца з драўніны, металу, пластмас, бетону, шкла і інш. матэрыялаў у розных спалучэннях. Найб. пашыраны клееныя драўляныя канструкцыі. Вызначаюцца павышанай нясучай здольнасцю, трываласцю, даўгавечнасцю, высокай эфектыўнасцю выкарыстання матэрыялаў (маламерных, рознагатунковых, фанеры). Разнавіднасць К.к. — абалонкі з сінт. тканін на клеявых злучэннях, што выкарыстоўваюцца як пакрыцці часовых збудаванняў.

І.​І.​Леановіч.

т. 8, с. 328

КЛЕ́ЙБЕР, Клайбер (Kleiber) Эрых (5.8.1890, Вена — 27.1.1956), аўстрыйскі дырыжор. Скончыў кансерваторыю і ун-т у Празе. З 1912 выступаў у гарадах Германіі. У 1923—35 генерал-музік-дырэктар Ням. дзярж. оперы ў Берліне. У 1930—32 выступаў з Нью-Йоркскім філарманічным аркестрам. У 1935 эмігрыраваў. У 1936—49 гал. дырыжор т-ра «Калон» у Буэнас-Айрэсе. У 1954—55 узначальваў Дзярж. оперу ў Берліне. Інтэрпрэтатар твораў В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, Р.​Штрауса; імкнуўся да максімальнага выяўлення аўтарскай задумы. Аўтар «Капрычыо», варыяцый і уверцюры для сімф. аркестра, канцэртаў для фп. і скрыпкі з аркестрам, камерных твораў, рамансаў.

т. 8, с. 328

КЛЕЙН (Барыс Самуілавіч) (н. 1.11.1928, г. Віцебск),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1989), праф. (1990). Скончыў Ленінградскі ун-т (1951). З 1955 працаваў у Гродзенскім аддзяленні т-ва «Веды», з 1964 у Гродзенскім мед. ін-це, з 1979 на кафедры гісторыі СССР і БССР Гродзенскага ун-та. З 1992 у ЗША, навук. супрацоўнік ун-та ў Мінесоце. Даследуе рэв. барацьбу і нац.-вызв. рух Беларусі, Літвы і Расіі. Аўтар працы «Рэвалюцыйны рух у Вільнюскім краі ў 1920—1939 гг.» (1961), складальнік і аўтар каментарыяў да зб. «Вільнюскае падполле» (1966).

Тв.:

Найдено в архиве. Мн., 1968;

В годину испытаний. Мн., 1986;

За дело правое: Борьба КПЗБ с буржуазным террором (1920—1938 гг.). Мн., 1986;

Время выбора. Мн., 1987;

Взгляд из прошлого. Мн., 1989.

т. 8, с. 328