КЛЕ́Е ((Klee) Паўль) (18.12.1879, Мюнхенбухзе, каля г. Берн, Швейцарыя — 29.6.1940),

швейцарскі жывапісец і графік. Працаваў у Германіі, з 1933 у Берне. Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1898—1901). З 1921 выкладаў у «Баўгаузе», у 1930—33 у Дзюсельдорфскай АМ. Чл. аб’яднання «Сіні коннік» (1911—14), адзін з заснавальнікаў маст. груп «Новая мюнхенская сецэсія» (1914), «Блакітная чацвёрка» (1924). Малюнкам, гравюрам і акварэлям ранняга перыяду ўласцівы рысы сімвалізму і сюррэалізму, лінеарнасць і манахромнасць; ствараў гратэскныя ілюстрацыі («Кандыд» Вальтэра, 1911—12). У сталы перыяд пад уплывам П.Сезана і В.Кандзінскага, падарожжа ў Туніс у 1914 ствараў фармальныя імправізацыі, заснаваныя на суб’ектыўных вобразах і перажываннях, глыбока індывідуальна пераасэнсоўваў кубізм, абстракцыянізм, экспрэсіянізм і інш. плыні. Творам уласцівы рытмічнасць, імкненне да сімвалічнасці каларыту, арган. ўключэнне ў геаметрызаваныя кампазіцыі стылізаваных выяў птушак, дрэў, фігур людзей і інш.: «Пейзаж з зялёнымі птушкамі» (1923), «Маленькая казка нейкіх карлікаў» (1925), «Пісьмо-прывід» (1937), «Жывёліны ў гушчары» (1938). У творах 1930-х г. («Галава пакутніка», «У эміграцыю», «Вымушаны сыход», «Новыя парадкі») перадаў трагедыю змрочных часоў фашызму. У позні перыяд фігуратыўнасць работ К. ўвасаблялася праз рытм знакаў, ідэаграм, рунаў, іерогліфаў («Праект» і «Узнёсласць», 1938; «Смерць і полымя», 1940), пераважала тэматыка смерці («Змрочнае падарожжа на караблі», 1940, і інш.).

В.​Я.​Буйвал.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)