КЛЕБСІЯЛЁЗЫ,
група інфекц. хвароб чалавека і жывёлы з пераважным пашкоджаннем страўнікава-кішачнага тракту; найчасцей у форме вострага гастраэнтэрыту. Узбуджальнік інфекцыі — клебсіела, крыніца — хворыя і бактэрыяносьбіты. Магчыма эндагеннае (гл. Аўтаінтаксікацыя) і экзагеннае заражэнне, найчасцей праз ежу, паветрана-кропельнае, кантактна-бытавое. К. — адна з пашыраных унутрыбальнічных хвароб. Праяўляецца востра, моташнасцю, ірвотай, болямі ў жываце, вадкім (з прымессю слізі) стулам, павышанай т-рай, агульнай слабасцю, іншы раз (асабліва ў нованароджаных і грудных дзяцей, старых людзей) — пнеўманіяй, астэаміэлітам, менінгітам, перытанітам, інфекцыяй мочавыдзяляльных шляхоў, сепсісам. Лячэнне сімптаматычнае.
А.А.Астапаў.
т. 8, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)