Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДУБРО́ВЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы з г. Дуброўна Віцебскай вобл. Стараж. промысел, найб. развіцця дасягнуў у 19—1-й пал. 20 ст. Выраблялі чорназадымлены, непаліваны, гартаваны, паліваны з размалёўкай і без яе гасп. посуд (гаршкі, збанкі, гладышы, міскі, вазоны, цёрлы і інш.), а таксама цацкі. Д.к. адметная простымі лаканічнымі формамі і дакладнымі прапорцыямі. Цацкі вылучаюцца архаічным абліччам. У 1950—70-я г. выраблялі задымлены, сінявата-чорнага колеру посуд з матавай шурпатай паверхняй, аздоблены хвалістымі палосамі, прадрапанымі па сырым чарапку, і цацкі, задымленыя ці афарбаваныя ў белы колер.

Літ.:

Елатомдева И. Художественная керамика Советской Белоруссии. Мн., 1966;

Сахута Я. Беларуская народная гліняная цадка. Мн., 1982.

Я.​М.​Сахута.

Дубровенская кераміка.
Да арт. Дубровенская кераміка. Цацка «Пара». Пач. 20 ст.

т. 6, с. 246

ДУБРО́ВЕНСКАЯ ТЭКСТЫ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1900—41. Знаходзілася за 7 км ад чыг. ст. Асінаўка (цяпер у Дубровенскім р-не). Выпускала баваўняныя, шаўковыя, джутавыя тканіны, пражу. У 1908—13 працавала 488 рабочых, былі паравыя рухавікі, 160 ткацкіх станкоў, 120 круцільных верацён. У Вял. Айч. вайну эвакуіравана ў Барнаул, увайшла ў склад Барнаульскага камвольнага камбіната.

т. 6, с. 246

ДУБРО́ВЕНСКІЯ СУКО́ННЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ Дзейнічалі ў 1780—1861 у г. Дуброўна. З мануфактуры (уладальнікі: князі Любамірскія, Евельсон, Гінзбург) і суконная ф-ка графа Пацёмкіна выраблялі тканіну. На мануфактурах у 1814—19 было 12—31 ткацкіх станкоў і 100—260 вольнанаёмных рабочых. На ф-цы Пацёмкіна працавалі 300 прыгонных.

т. 6, с. 247

ДУБРО́ВЕНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў рэк Дубровенка і Дняпро. Меў выгляд прамавугольніка (каля 125 × 45 м). Паводле інвентара (складзены 28.5.1545), у цэйхгаўзе замка знаходзіліся 242 адзінкі агнястрэльнай зброі, шмат інш. ваен. рыштунку. У 1535 і 1562 замак спалены рус. войскам, але хутка адноўлены. У ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 яго зноў займалі і спальвалі рус. войскі. У 1730-я г. Д.з. адноўлены і праіснаваў да 1772.

т. 6, с. 246

ДУБРО́ВЕНСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў з вер. 1785 да лета 1797 у Дуброўне. У 1780 піяры былі запрошаны сюды са згоды біскупа С.Богуша-Сестранцэвіча замест бернардзінцаў, якімі тагачасны гаспадар мястэчка кн. Р.​А.​Пацёмкін быў незадаволены. Пацёмкін ахвяраваў піярам агарод і лугі ў Дуброўне, маёнтак Азоркава (80 двароў, 450 рэвізскіх душ), буйныя грашовыя сродкі і інш.; быў пабудаваны драўляны кляштар. У 1783 мястэчка перайшло ва ўласнасць кн. К.​Любамірскага, які пацвердзіў усе ахвяраванні свайго папярэдніка. У 1785 пры кляштары адкрыты калегіум, у ім былі 4 класы, вучылася 60 чал. Летам 1797 з-за асабістага канфлікту з піярамі Любамірскі выгнаў іх з мястэчка. Калегіум аднавіў дзейнасць у 1799 у Віцебску і знаходзіўся там да лета 1822, на яго базе было ўтворана Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.

А.​Ф.​Самусік.

т. 6, с. 246

ДУБРО́ВЕНСКІ РАЁН,

на ПдУ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 24 тыс. чал. (1997), гарадскога 38%. Сярэдняя шчыльн. 20 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Дуброўна, р.п. Асінторф, 149 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 10 сельсаветаў: Баеўскі, Валяўкоўскі, Дабрынскі, Зарубскі, Засценкаўскі, Кляноўскі, Малабахаўскі, Маласавінскі, Пірагоўскі, Рэдзькаўскі.

Паверхня раўнінная, хваліста-платопадобная. На Пд частка Смаленскага ўзвышша, на ПнЗ адгор’е Аршанскага ўзвышша, на Пн Лучоская нізіна. Найвышэйшая адзнака 226,4 м (на ПдЗ ад в. Ляхаўка). Пераважаюць вышыні 180—210 м. Карысныя выкапні: торф. гліны, гравій, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -8 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 618 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. З ПнУ на ПдЗ раёна перасякае р. Дняпро з прытокамі Мярэя, Расасенка, Дубровенка (Задубровенка), на Пн — Вярхіта, на ПдЗ — вярхоўі Проні і Басі. Па тэр. раёна праходзіць Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. Найб. азёры Казённае і Афанасьеўскае. Дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы займаюць 91,4% с.-г. угоддзяў. Пад лесам 19% тэр., пераважна на Пн. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя і інш., трапляюцца шыракалістыя, з іх 72% — штучныя насаджэнні. Балоты займаюць каля 5,2 тыс. га, найб. Асінаўскае балота і Шчэрбінскі Мох. Зоны адпачынку Лясная дача і Дняпроўка.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 78 тыс. га, з іх асушана 27 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 13 калгасаў, 7 саўгасаў, міжгасп. прадпрыемства па кормавытворчасці. С.-г. вытв-сць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі і льнаводстве, пашыраны пасевы збожжавых культур і бульбы. Прадпрыемствы паліўнай, лёгкай, харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Брэст—Масква, транзітныя магістральныя газаправоды. Дуброўна аўтадарогамі звязана з Оршай, Горкамі, Асінторфам. Красным (Расія). У раёне 14 сярэдніх, 9 базавых, 4 пач. і 3 муз. школы, школа-інтэрнат, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 18 дашкольных устаноў, СПТВ, 2 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў, 28 дамоў культуры і клубаў, 28 б-к. Помнікі архітэктуры: паркі ў в. Арловічы (19 — пач. 20 ст.) і ў в. Станіславова (19 ст.). Выдаецца газ. «Дняпроўская праўда».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 246

ДУБРО́ВЕНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Падзвінні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Віцебскай вобл., часткова на Смаленшчыне. У строі пераважалі блакітныя фарбы (паўплывала набіванка) і дробнаклятчастыя ўзоры на паясных адзежынах. Старадаўні жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы (андарак, саматканка), ільнянога фартуха і курты, больш позні — з кашулі, фартуха, спадніцы з прышыўным ліфам і поясам (саян — накшталт сукенкі без рукавоў). Святочную кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, гесткай, будзённую і споднюю — тунікападобнай, з разрэзам па цэнтры грудзей; стаячы каўнер зашпіляўся шпонкай ці гузікам або сцягваўся чырв. стужкай. Узорыстае ткацтва, вышыўка спалучаліся з разнаколернай аплікацыяй, аблямоўкамі, устаўкамі чырвонай або сіняй крашаніны ці кумачу. Чырвоны арнамент (строгія геам. формы, шматпялёсткавыя зоркі, раслінныя ўзоры) дапаўняўся блакітным. чорным, зрэдку паскамі медна-чырв. бліскавак. Спадніцу кроілі ў 4—6 полак з пярэстатканага сіне-белага, чырвона-бурачковага палатна. Спадніцу з ліфам шылі з 2, часам розных па якасці і колеру тканін, дапаўнялі белым ці набіваным фартухом і поясам, на канцы якога нашывалі бісер. Суконную світу ў выглядзе безрукаўкі пацягвалі белым каленкорам, аздаблялі нашыўкамі чырв. сукна, лапікамі чорна-белай аўчыны ўздоўж зрэзаў. Галаўныя ўборы жанчын — хусткі, чапцы. У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля, нагавіцы, пояс. Жаночай і мужчынскай вопраткай былі армяк, світа, бурка, кажух.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Дубровенскі строй. Жанчына ў летнім адзенні. Вёска Ланенка Дубровенскага раёна Віцебскай вобл.

т. 6, с. 247

ДУБРО́ВІН (Аляксандр Іванавіч) (1855—1921),

расійскі паліт. дзеяч. Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1879). Д-р медыцыны. З 1905 старшыня гал. савета манархічнай партыі «Саюз рускага народа», выдавец і рэдактар газ. «Русское знамя». У 1910 выступіў супраць агр. рэформы П.А.Сталыпіна, што прывяло да расколу ў партыі і адстаўкі Д. з пасады яе кіраўніка. З 1912 арганізатар і пажыццёвы старшыня «Усерас. дубровінскага саюза рус. народа». У 1920 арыштаваны ВЧК за антысав. дзейнасць і расстраляны.

т. 6, с. 247

ДУБРО́ВІН (Мікалай Фёдаравіч) (8.12.1837, с. Карытава Пскоўскай вобл., Расія — 25.6.1904),

расійскі ваен. гісторык. Акад. Пецярбургскай АН (1890). Ген.-лейт. (1888). Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію (1862). З 1869 служыў пры Гал. штабе для ваен.-гіст. работ. Чл. Ваен.-вучонага к-та (з 1882) і Імператарскага рус. гіст. т-ва (з 1884), вучоны сакратар Пецярбургскай АН (з 1893), рэдактар час. «Русская старина» (з 1896). Складальнік і рэдактар зб-каў дакументаў «Айчынная вайна ў пісьмах сучаснікаў (1812—1815 гг.)» (1882), «Далучэнне Крыма да Расіі» (т. 1—4, 1885—89) і інш. Аўтар кн. «Гісторыя Крымскай вайны і абароны Севастопаля» (нап. 1874, выд. т. 1—3, 1900), «Гісторыя вайны і панавання рускіх на Каўказе» (т. 1—6, 1871—78), «Пугачоў і яго саўдзельнікі» (т. 1—3, 1884) і інш.

т. 6, с. 247

ДУБРО́ВІН (Юрый Мікалаевіч) (1.4.1937, г. Курган, Расія — 28.6.1983),

бел. кінаакцёр і рэжысёр. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1959). З 1960 на кінастудыі «Беларусьфільм». У 1965 дэбютаваў як рэжысёр (кароткаметражны маст. фільм «Снежны конь»). Здымаў дакумент. («Людзям на заглядзенне», 1965, «Брэсцкая крэпасць», 1967) і тэлевізійныя [«Побач з вамі», 1967, «Вашынгтонскі карэспандэнт» (3 серыі) і «Міравы хлопец», абодва 1972, «Вялікае супрацьстаянне», 1974, «Антаніна Брагіна», 1978, «Звон адыходзячага лета», 1979] фільмы.

т. 6, с. 247