Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДУ́БРАЎКА,

вёска ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Ушачы—Ула. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 36 км на У ад Ушачаў, 100 км ад Віцебска, 45 км ад чыг. ст. Полацк. 441 ж., 150 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 6, с. 246

ДУ́БРАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., за 25 км на ПнУ ад Мінска, на тэр. зоны адпачынку Раўбічы. Створана на р. Усяжа ў месцы ўпадзення ў яе р. Дубраўка ў 1983. Пл. 3,5 км², даўж. 6,5 км, найб. шыр. 1,2 км, найб. глыб. 14 м, аб’ём вады 22,4 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 8 м. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, воднага добраўпарадкавання прылеглых вёсак, адпачынку, рыбаводства.

т. 6, с. 246

ДУ́БРАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 26 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,26 км², даўж. 580 м, найб. шыр. 580 м, найб. глыб. 6,1 м, даўж. берагавой лініі 2 км. Схілы катлавіны выш. да 12 м, параслі хмызняком.

т. 6, с. 246

ДУБРО́ВА,

вёска ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на З ад Лельчыц, 215 км ад Гомеля, 75 км ад чыг. ст. Ельск. 960 ж., 370 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 246

ДУБРО́ВА,

вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 40 км на З ад Рэчыцы, 90 км ад Гомеля, 15 км ад чыг. ст. Бабічы. 192 ж., 106 двароў (1997). Базавая школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка.

т. 6, с. 246

ДУБРО́ВЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы з г. Дуброўна Віцебскай вобл. Стараж. промысел, найб. развіцця дасягнуў у 19—1-й пал. 20 ст. Выраблялі чорназадымлены, непаліваны, гартаваны, паліваны з размалёўкай і без яе гасп. посуд (гаршкі, збанкі, гладышы, міскі, вазоны, цёрлы і інш.), а таксама цацкі. Д.к. адметная простымі лаканічнымі формамі і дакладнымі прапорцыямі. Цацкі вылучаюцца архаічным абліччам. У 1950—70-я г. выраблялі задымлены, сінявата-чорнага колеру посуд з матавай шурпатай паверхняй, аздоблены хвалістымі палосамі, прадрапанымі па сырым чарапку, і цацкі, задымленыя ці афарбаваныя ў белы колер.

Літ.:

Елатомдева И. Художественная керамика Советской Белоруссии. Мн., 1966;

Сахута Я. Беларуская народная гліняная цадка. Мн., 1982.

Я.М.Сахута.

Дубровенская кераміка.
Да арт. Дубровенская кераміка. Цацка «Пара». Пач. 20 ст.

т. 6, с. 246

ДУБРО́ВЕНСКАЯ ТЭКСТЫ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1900—41. Знаходзілася за 7 км ад чыг. ст. Асінаўка (цяпер у Дубровенскім р-не). Выпускала баваўняныя, шаўковыя, джутавыя тканіны, пражу. У 1908—13 працавала 488 рабочых, былі паравыя рухавікі, 160 ткацкіх станкоў, 120 круцільных верацён. У Вял. Айч. вайну эвакуіравана ў Барнаул, увайшла ў склад Барнаульскага камвольнага камбіната.

т. 6, с. 246

ДУБРО́ВЕНСКІЯ СУКО́ННЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ Дзейнічалі ў 1780—1861 у г. Дуброўна. З мануфактуры (уладальнікі: князі Любамірскія, Евельсон, Гінзбург) і суконная ф-ка графа Пацёмкіна выраблялі тканіну. На мануфактурах у 1814—19 было 12—31 ткацкіх станкоў і 100—260 вольнанаёмных рабочых. На ф-цы Пацёмкіна працавалі 300 прыгонных.

т. 6, с. 247

ДУБРО́ВЕНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў рэк Дубровенка і Дняпро. Меў выгляд прамавугольніка (каля 125 × 45 м). Паводле інвентара (складзены 28.5.1545), у цэйхгаўзе замка знаходзіліся 242 адзінкі агнястрэльнай зброі, шмат інш. ваен. рыштунку. У 1535 і 1562 замак спалены рус. войскам, але хутка адноўлены. У ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 яго зноў займалі і спальвалі рус. войскі. У 1730-я г. Д.з. адноўлены і праіснаваў да 1772.

т. 6, с. 246

ДУБРО́ВЕНСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў з вер. 1785 да лета 1797 у Дуброўне. У 1780 піяры былі запрошаны сюды са згоды біскупа С.Богуша-Сестранцэвіча замест бернардзінцаў, якімі тагачасны гаспадар мястэчка кн. Р.А.Пацёмкін быў незадаволены. Пацёмкін ахвяраваў піярам агарод і лугі ў Дуброўне, маёнтак Азоркава (80 двароў, 450 рэвізскіх душ), буйныя грашовыя сродкі і інш.; быў пабудаваны драўляны кляштар. У 1783 мястэчка перайшло ва ўласнасць кн. К.Любамірскага, які пацвердзіў усе ахвяраванні свайго папярэдніка. У 1785 пры кляштары адкрыты калегіум, у ім былі 4 класы, вучылася 60 чал. Летам 1797 з-за асабістага канфлікту з піярамі Любамірскі выгнаў іх з мястэчка. Калегіум аднавіў дзейнасць у 1799 у Віцебску і знаходзіўся там да лета 1822, на яго базе было ўтворана Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.

А.Ф.Самусік.

т. 6, с. 246