Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕ́РМАН

(German) Ганна (14.2.1936, г. Ургенч, Узбекістан — 26.8.1982),

польская эстрадная спявачка (сапрана). Скончыла Вроцлаўскі ун-т. Выканаўца эстр. і нар. песень (у т. л. рускіх), класічных твораў. Удзельнічала ў тэлепастаноўцы оперы «Фетыда на Скірасе» Д.Скарлаці. Манера спеваў і артыстычны стыль былі адметныя пранікнёным лірызмам, стрыманасцю і высакароднасцю. Аўтар музыкі і тэксту многіх песень, якія выконвала. Лаўрэат міжнар. конкурсаў эстр. песні (у т. л. ў (Сопаце, Польшча, 1966). Напісала ўспаміны «Вярніся ў Сарэнта» (1979). Здымалася ў кіно.

т. 5, с. 176

ГЕ́РМАН Юрый Паўлавіч

(4.4.1910, Рыга — 16.1.1967),

рускі пісьменнік. Аўтар раманаў «Рафаэль з цырульні», «Уступ» (абодва 1931), «Нашы знаёмыя» (1934—36; аднайменны фільм, 1969), «Адзін год» (1960; на аснове аповесцей 1930-х г.), гіст. рамана пра эпоху Пятра І «Расія маладая» (1952), рамана-трылогіі «Справа, якой ты служыш» (1957), «Дарагі мой чалавек» (1961), «Я адказваю за ўсё» (1964), прысвечанага духоўнаму фарміраванню сучасніка, чалавека высокай ідэйнай і грамадскай актыўнасці, аповесцей «Бедны Генрых» (1934), «Падпалкоўнік медыцынскай службы» (1949—56), «Пачатак», «Буцэфал» (абедзве апубл. 1968), кінасцэнарыяў «Сямёра смелых» (1936, з С.А.Герасімавым), «Пірагоў» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Справа Румянцава» (1956, з Г.Я.Хейфіцам), «Верце мне, людзі» (1964), п’ес, апавяданняў, у т. л. для дзяцей. Адметныя рысы яго таленту — майстэрства сюжэтнай будовы, цікавасць да актуальных праблем, імкненне праз быт. падрабязнасці раскрыць сур’ёзныя жыццёвыя праблемы ў паўсядзённых іх праяўленнях.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. Л., 1975—77.

Літ.:

Файнберг Р.И. Юрий Герман. Л., 1970;

Левин Л.И. Дни нашей жизни: Кн. о Ю. Германе и его друзьях. М., 1981.

т. 5, с. 176

ГЕРМА́НАВІЦКІ БЛАГАВЕ́ШЧАНСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры «віленскага барока». Пабудаваны ў 1787 з цэглы ў в. Германавічы (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Храм падоўжнай сіметрычна-восевай кампазіцыі, якую фарміруюць прамавугольны ў плане неф і паўкруглая апсіда з нізкімі бакавымі сакрысціямі. Гал. фасад фланкіраваны дзвюма 5-яруснымі чацверыковымі вежамі са скразнымі лучковымі і арачнымі праёмамі, круглымі люкарнамі, вуглавымі лапаткамі, увагнутымі гранямі верхніх ярусаў. Асн. плоскасць гал. фасада паміж вежамі завершана шчытом, дэкарыравана пілястрамі. У арх. дэкоры гал. фасада выкарыстаны сандрыкі, рустыка, фігурныя філёнгі, тонкапрафіляваныя карнізы. Прафіляваны антаблемент інтэр’ера дэкарыраваны лепкай, хоры — ляпнымі выявамі муз. інструментаў.

А.М.Кулагін.

т. 5, с. 176

ГЕРМА́НАВІЧЫ,

вёска ў Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дзісна, на аўтадарозе Шаркаўшчына — Дзісна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на У ад г.п. і чыг. ст. Шаркаўшчына, 238 км ад Віцебска. 742 ж., 293 двары (1996).

Упершыню ўпамінаецца ў 1563 пад назвай Ерманавічы як сяло ВКЛ на мяжы з Полацкім ваяв. З 1565 у Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. Належала Сапегам, Гілзенам, Шырыным. З 1793 у Рас. імперыі, у Дзісенскім пав. У канцы 19 ст. ў Германавічах 300 ж., вінакурны з-д, млын, крама, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Шаркаўшчынскага р-на. У 1970 — 649 ж., 209 двароў.

Лясніцтва. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Музей Я.Драздовіча Малітоўны дом хрысціян старога абраду. Помнікі архітэктуры — Германавіцкі Благавешчанскі касцёл, царква (пач. 20 ст.), сядзіба (канец 18 ст.).

т. 5, с. 176

ГЕ́РМАНАЎ Андрэй Дзімітраў

(17.6.1932, в. Яварава Варненскай акругі, Балгарыя — 15.5.1981),

балгарскі паэт-перакладчык. Засл. дз. культ. Балгарыі (1977). Скончыў Сафійскі ун-т (1955). Друкаваўся з 1951. Любоў да чалавека працы, пранікненне ў яго псіхалогію, філас. асэнсаванне з’яў і супярэчнасцей жыцця, гарманічнае спалучэнне формы і зместу — асноўнае ў зб-ках паэзіі «Парасткі» (1959), «Рабочы цягнік» (1962), «Раўнадзенства» (1965), «Ператварэнні» (1968), «Астравы» (1972), «Каменная зямля» (1975), «Выбуховая зона» (1977), «Другія чатырохрадкоўі» (1980) і інш. Пераклаў на балг. мову шэраг твораў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, А.Вярцінскага, Н.Гілевіча (у зб-ках «Выбраныя вершы», 1962; «Беларускія паэты», 1971), Р.Барадуліна, В.Вярбы, А.Грачанікава, А.Куляшова, М.Танка і інш. На бел. мову творы Германава перакладалі Танк, Барадулін, Г.Бураўкін, Вярцінскі, Гілевіч, Грачанікаў, А.Разанаў, У.Паўлаў і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Касцёр на вяршыні: Выбр. лірыка. Мн., 1975.

т. 5, с. 177

ГЕРМА́НА-ІТАЛЬЯ́НСКІ ДАГАВО́Р 1939,

«Пакт аб саюзе паміж Італіяй і Германіяй» («Стальны пакт»). Падпісаны 22 мая ў Берліне міністрамі замежных спраў нацысцкай Германіі (І.Рыбентроп) і фаш. Італіі (Г.Чыяна) тэрмінам на 10 гадоў. Аформіў ваен. супрацоўніцтва фаш. дзяржаў (прадугледжваў іх абавязкі аб узаемадапамозе і саюзе ў выпадку ваен. дзеянняў, абавязваў не заключаць перамір’я і міру без поўнай згоды бакоў і інш.). Дагавор стаў адным з элементаў ваен.-дыпламат. падрыхтоўкі 2-й сусв. вайны, у якую Італія ўступіла на баку Германіі ў чэрв. 1940. Дагавор ануляваны ў выніку ваен. паражэння абедзвюх фаш. дзяржаў (1945).

т. 5, с. 176

ГЕРМА́НА-ПО́ЛЬСКАЯ ВАЙНА́ 1939,

гл. Польская кампанія 1939.

т. 5, с. 176

ГЕРМА́НА-ПО́ЛЬСКІ ПАКТ 1934 аб ненападзе. Падпісаны ў форме дэкларацыі 26 студз. ў Берліне тэрмінам на 10 гадоў (набыў сілу 24 лют.) ва ўмовах збліжэння Польшчы з фаш. Германіяй. Абавязваў бакі да мірнага вырашэння спрэчных пытанняў паміж імі. Дэнансаваны герм. рэйхсканцлерам А.Гітлерам 28.4.1939 у час падрыхтоўкі нацыстамі 2-й сусв. вайны.

т. 5, с. 176

ГЕРМА́НА-ФРАНЦУ́ЗСКІ ДАГАВО́Р 1963,

Елісейскі дагавор. Падпісаны 22 студз. ў Елісейскім палацы (Парыж) федэральным канцлерам ФРГ К.Адэнаўэрам і прэзідэнтам Францыі Ш. дэ Голем. Старыў новую дагаворную аснову для германа-франц. супрацоўніцтва пасля 2-й сусв. вайны. Для практычнай рэалізацыі дагавора было дамоўлена кожныя паўгода праводзіць сустрэчы кіраўнікоў урадаў і міністраў замежных спраў, абароны, а таксама па пытаннях выхавання і моладзі. У развіццё дагавора ўтвораны сумесныя органы на ўзроўні ўрадаў: германа-франц. Савет па бяспецы і абароне, фін.-эканам. Савет; у 1989 — Савет па ахове навакольнага асяроддзя.

т. 5, с. 177

ГЕРМАНДА́ДЫ,

гл. Эрмандады.

т. 5, с. 177